У невялікім тамбуры паміж калідорам і аперацыйнай сустрэлі дзве аперацыйныя маладыя медсястрычкі з усмешлівымі добразычлівымі вачыма. У адной з іх вочы здаваліся густа зафарбаванымі карычневым фламастарам, як у гераінь дзіцячых расфарбовак. Вочы другой нагадвалі летні, насычаны зялёным колерам лес пасля дажджу. Я нават адчуў пах гэтага лесу, хоць з нараджэння не чую аніякіх пахаў увогуле. Першая вялела скідаць з сябе ўсё адзенне. Я, памятаю, перапытаў: у сэнсе ўсё? Яна адказала, што ў прамым, дагала, такія правілы. На кушэтцы пад сценкай якраз чакала загадзя падрыхтаваня каробка, у якую другая медсястра па меры распранання складвала мае рэчы.

– А божжа мілы! – зрэагавала каравокая медсястра на гематомы па ўсім целе. – Ты што, з фронту?..

– Ага, – адразу адгукнуўся я, – з-пад Сталінграда.

Дзяўчаты захіхікалі, але, відавочна, не з майго няўдалага жарту. Напэўна, голым я выглядаў пацешна. Да таго ж ганарліва выпрастаўся, каб рашуча пакіраваць да аперацыйнага стала. Што ж, гонару хапіла на колькі крокаў, а затым мяне павяло ўбок. Не хапала яшчэ страціць раўнавагу і пабіць галаву аб падлогу. Вось была б іронія лёсу. Дзяўчаты кінуліся на дапамогу. Ад сораму не ведаў куды сябе падзець, але ўсё ж даў зразумець, што сам, сам дабяруся да месца канчатковага прызначэння. Паверылі.

Ускараскаўся пад лямпы. Медсястра з зялёнымі вачыма накрыла мяне прасцінай да грудзіны. Іншая медсястра рыхтавала руку для ўвядзення наркозу.

– Зараз зробім табе ўкольчык, ты далічыш да дзесяці і заснеш, – сказала яна і пракаментавала яшчэ ўвод наркозу ў вену: – А таўстаскуры які!..

Я не паверыў, што можна далічыць да дзесяці і праваліцца ў сон, аднак паспеў далічыць адно да трох.

Ачомаўся я ад недахопу кіслароду. Дыхаць не было чым. Здавалася, нехта наўмысна, як трубы, перавязаў дыхальныя шляхі. І смага паліла ўнутры агнём. Піць хацелася невыносна. Я намагаўся папрасіць вады, але не мог вымавіць ні гуку. Зрок не слухаўся. Вочы нічога не бачылі. У іх адсутнічала рэзкасць, як у неналаджаным фотааб’ектыве. Адно нейкія невыразныя цені плавалі перад вачыма. Напэўна, пачаў размахваць рукамі, павыдзіраў кропельніцы, бо адчуў, як з двух бакоў рукі мае прыціскаюць да нечага халоднага і цвёрдага.

– Куды сабраўся ўжо? – пачуў голас медсястры з зялёнымі вачыма. – Яго ледзьве з таго свету выцягнулі, а ён на гулі, не іначай, намыліўся.

Пасля яе слоў зноў некуды ўсё знікла, як пасля таго, калі я далічыў да трох. Толькі праз суткі, нарэшце, здолеў сяк-так расплюшчыць вочы і адэкватна рэагаваць на рэчаіснасць у палаце на двох, голы, хоць і пад прасцінай. З эпікрызу з цягам часу даведаўся, што доктарам-нейрахірургам «зроблена экстраная хірургічная аперацыя адкрытага ўціснутага пералому цемянной косткі сярэдняй цяжкасці справа, ушыбу галаўнога мозгу з лёгкім гіпертэнзіўным сіндромам, умеранымі вегетасасудзістымі парушэннямі і мікраачаговай сімптаматыкай. Становішча пасля аперацыі: дэфект цемянной косткі справа памерам 2,5 х 1,5 см (іншымі слова яе там няма), непрацаздольны. Рэкамендуецца акадэмічны адпачынак». Подпісы лекуючага доктара, загадчыка нейрахірургічным аддзяленнам, пячаткі. Зрэшты, не ўсё так фігова. Ідэнтычныя маёй траўме мелі савецкі актор Анатоль Папанаў і амерыканская акторка Ума Турман.


Ці чакаў я Насцю? Ці хацеў, каб яна пабачыла мяне такога – голага пад прасцінай, з перабінтаванай галавой і вартага жалю? Ды яшчэ з суседам па палаце – дзядзькам гадоў пад трыццаць, у якога не адно траўма галавы была, а зламаныя рэбры, рука і нага ў дадатак да бандажу на шыі (ён працаваў на будоўлі і навярнуўся з лясоў, у якіх трос адарваўся на вышыні чацвёртага паверху, добра, што не на голую зямлю ўпаў, а на пясок грудком)? Так, чакаў. Так, хацеў. Нягледзячы ні на што. Хаця асабліва губу не раскатваў. Хто мы адно адному? Выпадковыя мінакі. Калі б дзяўчына не прайшла міма, ніколі б жыцці нашы не перасякліся, дый ці б працягнулася маё жыццё ўвогуле. А мо яна проста плод майго ўяўлення? Пабочны эфект пашкоджанага мозгу? Магло такое быць? Цалкам магчыма. Бо хто ў нашым кончаным свеце пры ясным розуме і светлай памяці прыпыніць свой бяссэнсавы шлях у нікуды, таропкі і засяроджаны, каб вылучыць хаця б некалькі хвілін уласнага бясцэннага існавання на незнаёмца, які, хутчэй за ўсё, апынецца няўдзячнай п’янай тварынай альбо ванючым вашывым бамжом? Я сам так лічыў. Абыякавасць у крыві кожнага, абы мяне не чапалі, няхай вакол хоць планавае вынішчэнне нацый, хоць канец свету. Хіба што анёлам не ўсё адно. Магчыма, Насця якраз з племені гэтых пярнатых? Але яна абяцала, што мы пабачымся. Узяла пропуск у Дом друку, каб дапамагчы з газетай. Пропуск на звычайнай паперы, без фотаздымку, з напісанымі шарыкавай асадкай прозвішчам ды ініцыяламі ўласніка пропуску. Яго асабліва не правяралі. Галоўнае, што зверху мелася шапка з вялікімі тлустымі літарамі «Дом друку». Калі праходзіш праз прахадную, проста трымаеш пропуск у руцэ так, каб шапку было відаць, і ідзеш сабе далей. Я не сумняваўся ў Насцінай дапамозе, я сумняваўся ў сабе. Хто яна, а хто я? Зрэшты, ні я нічога не ведаў пра дзяўчыну, ні яна пра мяне, і лягчэй ад усведамлення апошняга не рабілася. Затое ведаў, дзе Насця жыве, так што, калі што, сам завітаю ў госці пасля выпіскі з бальніцы, каб хоць дзякуй сказаць.