– Вы ж толькі глядзіце не збяжыце!

– Не збяжыць, – апярэдзіла мяне з адказам дзяўчына, якой я быў абавязаны жыццём, і борзда апынулася побач.

– Я пакурыць, – прагучалі мае словы, хутчэй за ўсё, як апраўданне.

Дактарыца кіўнула, маўляў, зразумела, і зноў зашушукалася аб нечым з доктарам.

Мы выйшлі пад брыль. На вуліцы церусіў дождж. Дзяўчына працягнула дажджу сваю руку, я падумаў, каб ён пацалаваў яе, аднак на самай справе, каб пагладзіць яго, бы сабаку. Так яна мне растлумачыла. Я паціснуў плячыма: у кожнага свае закідоны. І закурыў. Дзяўчына папрасіла яе пачаставаць цыгарэтай і сказала:

– Я – Насця.

Так проста і нязмушана. І з той хвіліны імя яе для мяне стала адзіным найлепшым імем з усіх жаночых імёнаў у свеце.

Я назваўся таксама. Яна кіўнула, маўляў, адобрыла.

Тады я ўзгадаў пра газету, якую заўтра трэба было завесці ў Дом друку, што не ўяўлялася магчымым, улічваючы абставіны. Трэба было камусьці тэлефанаваць з работы, папярэдзіць, што я не змагу… Насця заўважыла маю заклапочанасць на твары, папытала, што здарылася. Без усякай задняй думкі я вываліў на яе яшчэ і гэта.

– Дык ты журналіст? – адзначыла для сябе яна і зрабіла суадносныя высновы, у тым ліку, што збіць мяне маглі за прафесійную справу.

«Ды які я журналіст?» – ледзь не прызнаўся я ў адваротным, але чамусьці змаўчаў, да таго ж дзяўчына ўжо пагаджалася завесці дыскету з газетай ў Дом друку за мяне. І я не сумняваўся, што яна не падвядзе, працягнуў пропуск на тэрыторыю і дыскету дастаў з унутранай кішэні скуранкі.

Пад’ехала машына, да нас выйшла дактарыца, і мы пакіравалі на Сямашка.

Мяне ўжо чакалі ў аперацыйнай нейрахірургічнага аддзялення, спачатку, праўда, завялі ў кабінет да доктара, які мусіў правесці аперацыю. Насця і тут не пакінула мяне аднаго. Доктар прапанаваў нам сядаць, а сам уважліва вывучаў здымак ды іншыя дакументы, перададзеныя дактарыцай з 2-й клінічнай бальніцы. Неўзабаве адклаў здымак, шумна выдыхнуў і запытаў у мяне, ці ёсць у Мінску блізкія сваякі.

– Адкуль? – шчыра адказаў я.

– На падобныя аперацыі патрэбны дазвол сваякоў, – патлумачыў ён. – Вы можаце, вядома, і самі падпісацца, але аднаго вашага аўтографа недастаткова.

У мяне пахаладала ў грудзях. Дакладна вельмі сур’ёзна ўсё, калі адказнасць за магчымую няўдачу перакладаецца на плечы пацыента.

– Я падпішу, – мовіла Насця і абнадзейвальна сціснула маю далонь у сваёй.

– Вы хто? – утаропіўся доктар позіркам у дзяўчыну.

– Сваячка, – адказала дзяўчына. – Дальняя, – дадала дзеля пэўнасці.

– Ну, – працягнуў доктар, – тады ўсё добра. – Працягнуў нам загадзя падрыхтаваную паперу. – Падпісвайце.

Я падпісаў не чытаючы. Насця азнаёмілася з тэкстам дакумента і падпісала таксама. Вярнула яго доктару і запытальна зірнула на яго, маўляў, што далей.

– Вы, – звярнуўся ён да яе, – напэўна, можаце ехаць дамоў. Прыязджайце заўтра.

– Добра, – згодна кіўнула Насця і падышла да мяне. Разам мы выйшлі на калідор.

– Я ўсё зраблю, ты не хвалюйся, – паабяцала. – Пабачымся яшчэ…

– Пачакай, – спыніў я дзяўчыну і палез па грошы, каб адзячыць хоць чым, хаця б за таксі заплаціць. У мяне нічога не забралі, калі не ўлічваць кефіру з пельменямі, проста збілі і ўсё, а літаральна ўчора атрымаў заробак, то грошы меліся.

– Не трэба нічога, – зразумела, відаць, адразу Насця сэнс маіх патуг. – Потым разлічымся, – усміхнулася. Ад усмешкі яе сэрца ў грудзях завуркатала кацянём. – Не сумнявайся, усё будзе добра, – прыхінулася на імгненне. – Да сустрэчы! – пацалавала ў шчаку і, не азіраючыся, пакіравала да ліфта, а мяне медсястра (сталага веку жанчына, ці мне гэтак падалося, бо ў яе вытыркалася сівая пасма з-пад асноўнага масіву валасоў, сабраных у гулю на патыліцы, і спускалася паўмесяцам ад скроні да шчакі) завяла ў працэдурную і пастрыгла налыса. Сцэна стрыжэння адзін у адзін паходзіла на эпізод з фільма «Па мянушцы «Звер» з удзелам маладога Д. Пяўцова, які выконваў ролю Савелія Гаваркова, хіба што прычыны адрозніваліся. Спачатку жанчына адрэзала нажніцамі хвост, сабраны з маіх валасоў, а потым філіровачнай машынкай без насадкі знізу ад шыі ўверх быццам узворвала цаліну. Адразала лусты чарназёму, якія, нібы з плуга, падалі на падлогу.