На верхняй палубе адбiлi склянкi, Сiдоркiн заварушыўся, расплюшчыў вочы. Рудаватыя вейкi затрымцелi i зноў з цяжкасцю заплюшчылiся, быццам не жадалi, каб гаспадар прачынаўся. Сiдоркiн сеў у ложку, пацягнуўся, памацаў рукой месца, дзе спала каханка, i, не знайшоўшы Галiны, усхапiўся. Сон як рукой зняло. Але, убачыўшы яе каля iлюмiнатара, вiнавата ўсмiхнуўся:

– Напужала, падумаў – уцякла…

– Уцякаць трэба было раней, – шчыльней загарнулася ў махровы халат Галiна i з сумам дадала: – Не русалка, а роля тапельца не для мяне… А ты спi, рана яшчэ.

Нечакана Галiна злавiла сябе на думцы, што Сiдоркiн ёй – неабыякавы. Яна па-харошаму шкадуе гэтага ўжо немаладога чалавека, якi жыццё пражыў, а свайго гнязда так i не звiў. Узгадала сяброўку Марыю Казакову, якая на падпiтку скардзiлася, што на яе клююць толькi мужчыны ў пагонах i часцей – мiлiцыянеры, а на яе, Галiну, – багатыя. «Што багатыя – то праўда, – падумала Галiна i, пазiраючы на зморшчаную патылiцу Сiдоркiна, уздыхнула: – Багатыя i старыя… Добра было б, каб гэты Сцяпан Кузьмiч быў гадоў на пятнаццаць маладзейшы…»

– Ты ўчора абяцаў паведамiць мне нешта важнае, – стрымана нагадала Галiна i адчула, як нешта сцялася ўсярэдзiне, нават дыхаць стала цяжэй.

Каб не выдаць хвалявання, крутнулася да iлюмiнатара i высунула левую руку вонкi. Пругкi вецер адразу шуснуў з далонi ў рукаў халата, адтуль свавольным халадком слiзгануў па гарачых грудзях. Гэта крыху супакоiла, хваляванне знiкла.

– Можа, пачакаем да Лас-Пальмаса? – неахвотна азваўся Сiдоркiн.

– Як хочаш, – раздражнёна, з вонкавай абыякавасцю кiнула Галiна.

Яшчэ два тыднi таму яна нi за што не даравала б гэтага Сiдоркiну, але цяпер, калi ведала, хто ён на самай справе, прыкусiла язык. Калi ў Мiнску яна ставiлася да каханка трошкi зняважлiва: без прычыны магла абразiць, на людзях назваць старым мухаморам цi яшчэ як, то цяпер рабiць гэта пабойвалася. Нават не пабойвалася, а хутчэй цешыла сябе надзеяй, што Сiдоркiн пры добрах ейных паводзiнах можа i паўгода, i нават год быць з ёй. А за гэты час яна зробiць усё, каб стаць багацейкай.

– Прабач, дарагая, – нечакана дыхнуў у патылiцу Сiдоркiн, – гэта мой сюрпрыз…

Сцяпан Кузьмiч абняў яе за талiю, рукi слiзганулi за пазуху. Галiну быццам токам працяло. Яна даўно змiрылася з роляй палюбоўнiцы, нават знайшла Сiдоркiна вабным у мудрасцi i хiтрасцi, але прывыкнуць да ягоных вiльготных, лiпучых далоняў было звыш ейных сiл. Каханак адхiснуўся, быццам адчуў, што нешта зрабiў не так, i паклыпаў да тэлефона.

– Закажу сняданак. Што табе, дарагая?

– Апельсiнавы сок, – не адрываючыся ад iлюмiнатара, з палёгкай уздыхнула Галiна.

Увагу прыцягнула чарада дэльфiнаў. Высока выскокваючы з вады i падстаўляючы сонцу блiскучыя чорныя спiны, яны неслiся зводдаль карабля, быццам навыперадкi.

– Дэльфiны? – здзiвiўся, падышоўшы, Сцяпан Кузьмiч i зноў спавiў рукамi Галiнiну талiю паверх халата. – Значыцца, хутка зямля, Лас-Пальмас.

Быццам у пацверджане слоў Сiдоркiна, на небакраi ў гарачым водсвеце ранiшняга сонца ўзнiкла невялiкая белая лодка са звiслымi, зморшчанымi ветразямi.

– Якая прыгажосць! – прашаптаў Сiдоркiн i пасля невялiкай паўзы голас яго здрыгануўся: – Я прашу цябе стаць маёй жонкай…

«Вось ягонае архiважнае!» – падумала Галiна, i ледзь прыкметная пераможная ўсмешка кранула вусны. Яшчэ ў Мiнску на гэтую прапанову яна б рассмяялася, але за два тыднi шмат вады працякло.

Галiна Александровiч не магла хiтрыць з сабой: яна ўпотайкi чакала гэтай хвiлiны, спадзявалася i марыла пра багатае замежнае жыццё… I, зрэшты, дачакалася! Але яна не магла паказаць сваёй радасцi, Сiдоркiн павiнен зразумець, што не ён яе ашчаслiвiў, а яна яго… І потым, наколькi шчыры ён у сваёй прапанове? Не дарэмнай была трывога – iншым разам Галiне здавалася, што палюбоўнiк вядзе з ёй нейкую гульню.