– Ты хочаш, каб я стала Сiдоркiнай? – трымаючыся як мага спакайней, працягваючы стаяць да каханка спiнай, наўмысна халодна спытала Галiна.
– Не-не! – таропка, са сполахам у вачах запярэчыў Сцяпан Кузьмiч. – Гэта не абавязкова, ты можаш не мяняць прозвiшча, я на ўсё згодны…
– Нават так?!
– Для мяне ты – царыца, князёўна! Я ўвесь свет кiну да тваiх ног!
– Не люблю я слова «царыца»! – кпiла Галiна. – Быццам усё, i адначасова – нiчога, а князёўна – як гразёўна…
– Буду зваць, як захочаш, – узрушана кляўся расчырванелы Сiдоркiн, у гэтую хвiлiну ён баяўся аднаго – ейнай адмовы. – Багiня, графiня, кiсуля…
– Графiня – лепш! – ледзь не рассмяялася Галiна. Яна нават уявiць не магла, што Сiдоркiн сур’ёзна вядзе гэтую бязглуздзiцу.
– Канечне, графiня! – узнёсла ўскрыкнуў Сцяпан Кузьмiч, за плечы павярнуў Галiну да сябе i, цалуючы, нечакана апусцiўся на каленi. – У Лас-Пальмасе i павянчаемся.
– Вось так адразу i павянчаемся? – сур’ёзна перапытала Галiна.
Убачыўшы разгубленага, знiякавелага Сцяпана Кузьмiча, яна больш не сумнявалася ў шчырасцi ягоных намераў.
– Неадкладна, як толькi прыбудзем на месца.
Сiдоркiн не выпускаў каханку з абдымкаў, i яна, расчуленая гарачымi пацалункамi i асаблiва здзяйсненнем патаемнага жадання, упершыню з любасцю прыняла ягоныя мiлаваннi.
15
Масква. Чырвоная плошча. Крэмль. На адным паверсе з прэзiдэнцкiмi апартаментамi – кабiнет з шыльдай «Кансультант». За мажным сталом з чырвонага дрэва – Вiктар Пятровiч Аляксандраў. Ён невысокi, сiваваты, пастрыжаны пад вожык, з тоўстым носам i малюсенькiмi шэрымi раскосымi вочкамi, якiя глядзяць з-пад прыпухлых веек холадна i падазрона. Жаўтаваты твар, сiнюшныя кругi пад вачыма кiдаюць падазрэнне на хворыя ныркi цi печань, але на свае шэсцьдзясят гадоў Аляксандраў трымаецца годна. Чорны касцюм, белая кашуля i блiскучы гальштук у цёмную клетку надаюць выгляд урачысты i святочны.
У прэзiдэнта шмат розных кансультантаў, але толькi Аляксандраву ён давяраў i надзялiў яго неабмежаванымi правамi. Вiктар Пятровiч мог турбаваць кiраўнiка дзяржавы ў любы час, ад яго iмя мог патрабаваць ад мiнiстраў, у тым лiку i ад сiлавiкоў, абавязковага выканання сваiх «просьбаў».
Вiктар Пятровiч нiкому не назаляў, не высоўваўся, трымаўся далёка ад ўсялякiх палiтычных плыняў, асаблiва не любiў журналiстаў. За дваццаць гадоў ён толькi аднойчы трапiў у аб’ектыў кiнакамеры, i на тое, канечне, былi надзвычайныя прычыны. Аляксандраў быў адным з нямногiх, хто ў дзевяноста першым годзе «падсадзiў» прэзiдэнта на танк… Гэтага маўклiвага, прапахлага дарагiм тытунём чалавека пабойвалiся, хоць нiхто толкам i не ведаў, чым на самай справе ён займаецца. А таямнiчасць, як вядома, стварае арэол усемагутнасцi, i за вочы яго называлi «чорным кардыналам». Аляксандраў ведаў гэта i з пэўнага часу нават трошкi падыгрываў: насiў заўсёды толькi чорныя гарнiтуры.
Тыя, хто верыў у ягоную ўсемагутнасць, былi недалёка ад праўды. Галоўнае, што рабiў Вiктар Пятровiч Аляксандраў, – гэта распрацоўваў фiнансавыя валютныя аперацыi, у тым лiку з замежнымi дзяржавамi. Канечне, надводная частка айсберга была не ў кампетэнцыi Аляксандрава, а вось падводная – ягоны хлеб. Ён выдатна ведаў сусветныя банкаўскiя сiстэмы, i не толькi ведаў – Аляксандраў стварыў цэлую сетку iнфарматараў у вядучых банках Злучаных Штатаў, Канады, Японii, Францыi, Германii, Швейцарыi… Для яго не iснавала таямнiц на валютных бiржах, здаралася, аб банкрутах ён даведваўся раней, чым кiраўнiцтва банкаў (фiрмаў) банкрутаў. Вялiкая колькасць агентуры за гады сабрала кампраметуючыя дакументы на дзясяткi, сотнi вядомых палiтычных дзеячаў з усяго свету, на бiзнесменаў i iх сем’i, нават замежныя i айчынныя зэкаўскiя аўтарытэты трапiлi ў картатэку «чорнага кардынала».