Разлiк спрацаваў бездакорна. Рашэтнiкаў, даведаўшыся, што Кудзiн валодае канфiдэнцыяльнай iнфармацыяй аб забойстве маёра Бараны, прызначыў неадкладную сустрэчу.

Саракагадовы генерал быў невысокi, плячысты, з русявай кароткай стрыжкай. У строгiм генеральскiм мундзiры Рашэтнiкаў выглядаў маладзей i менавiта праз гэта насiў вусы, якiя на прыхiльным, трошкi стомленым твары тапоршчылiся, як прыклееныя, i вiдавочна былi тут выпадковымi.

– Таварыш генерал, я парушаю статут – пра нашу сустрэчу начальнiк аддзела Белы не ведае, – надломленым голасам прамовiў Кудзiн i выструнiўся, чакаючы, якая паследуе рэакцыя Рашэтнiкава.

– Спадзяюся, што на тое ёсць прычына, – строга зазначыў генерал i, вытрымаўшы невялiкую паўзу, строга дадаў: – Небяспечна лiчыць, што статут напiсаны для кагосьцi.

Пагрозлiвая шматзначнасць, з якой прагучалi словы Рашэтнiкава, не выбiла маёра з каляiны, наадварот, Кудзiн нечакана адчуў злую, помслiвую палёгку. Нарэшце з’явiўся шанц даказаць, што ён – не зломак i варты значна большага.

– Прычына ёсць, i вельмi важная, – аблiзнуўшы iмгненна сасмяглыя вусны, зрабiў крок уперад Кудзiн.

– Тады сядайце i раскажыце.

Кудзiн толькi прысеў на блiжэйшае крэсла каля доўгага да люстэркавага бляску адпалiраванага стала i iмгненна падскочыў.

– Стоячы зручней…

Наступныя дваццаць хвiлiн маёр пераказваў факты, якiя тычылiся смерцi Казаковай, узгадаў маёра Барану, якi меў стасункi з нябожчыцай, i падвёў выснову, што забойства ўчастковага можа мець дачыненне да здарэння з Казаковай, тым больш, што ёсць сур’ёзныя падставы для перагляду афiцыйнай версii. Ён далажыў Рашэтнiкаву аб падазрэннях пра смерць Казаковай i выказаў здагадку, што гэта – хiтра спланаваная акцыя. З пераканаўчага даклада Кудзiна напрошвалася лагiчная выснова: маёр Барана займаўся сутэнёрствам, i гэта магло быць адной з прычын забойства ўчастковага.

Кудзiн хiтрыў. Ён да пэўнага часу нi словам, нi паўсловам не ўзгадаў падпалкоўнiка Мiкулiча, версiю якога цяпер цалкам пераказаў генералу. Усё выглядала так, быццам гэта ён, маёр Кудзiн, яшчэ да таго, як знайшлi мёртвага ўчастковага, улiчыў маёра ў зламысных стасунках з Казаковай. Кудзiн так увайшоў у ролю, што без ваганняў узгадаў следчага Хмару, якога ён быццам бы знайшоў па справе Казаковай. Лейтэнант быў апошнi, хто бачыў жывой нябожчыцу. Толькi пасля гэтага ў аповедзе Кудзiна выплыў Мiкулiч, а следам – i справа Шапавалава.

Калi Кудзiн змоўк, Рашэтнiкаў нешта засяроджана запiсаў у блакноце i ўзняў на маёра шэрыя вочы.

– Вы прапаноўваеце аб’яднаць тры справы ў адну?

– Так, – кiўнуў Кудзiн, – загадкавая смерць Казаковай, калi не прама, то ўскосна мае дачыненне да забойства маёра Бараны, i наадварот.

– А справа Шапавалава?

– Падпалкоўнiк Мiкулiч перакананы, што калi пацвердзiцца версiя забойства Казаковай, то смерць Шапавалава – не няшчасны выпадак. Хтосьцi пазбавiўся ад брата з сястрой.

– Магчыма i так, – пагадзiўся генерал i нечакана спытаў: – А чаму не давяраеце свайму начальнiку?

Кудзiн чакаў гэтага пытання, бо менавiта яно прымусiла шукаць сустрэчы з Рашэткiкавым, таму i адказ быў падрыхтаваны яшчэ да таго, як напрасiўся на аудыенцыю.

– Маёр Барана i палкоўнiк Белы – даўнiя блiзкiя сябры, – узрушана выпалiў Кудзiн. – Я не меў права рызыкаваць…

– Маеце факты здрады?

– Пакуль што не, толькi падазрэннi, але…

– Зразумела, – устаў з-за стала генерал. – Аб сваiм рашэннi я Вам паведамлю.

14

Першакласны акiянскi лайнер з трошкi таямнiчай i iнтрыгуючай назвай «Меркурый» iмклiва рассякаў воды Атлантычнага акiяна. Разамлелы дыск агнiстага ранiшняга сонца толькi-толькi, як бы неахвотна, выкульваўся на небакрай i залацiстай коўдрай клаўся на марскую, без адзiнай хвалi, люстэркавую роўнядзь.