Маёр цанiў Лукiна i заўсёды трымаўся з iм падкрэслена афiцыйна, але сённяшнi выгляд падначаленага i асаблiва тое, што капiтан з паўслова зразумеў, куды хiлiць Кудзiн, выбiлi з каляiны. Маёр не мог спакойна глядзець на запэцканыя сiнiм чарнiлам пальцы, на нязграбную, нейкую несiметрычную паставу з вялiкай галавой i тонкай шыяй.
Лукiн i брывом не павёў, нi адзiн мускул не здрыгануўся на чыста паголеным твары. Ён нязграбна кульнуўся з нагi на нагу i нечакана перамянiўся, ад знешняй абыякавасцi не засталося i следу.
– Бачыў падпалкоўнiка Мiкулiча… – вiрлаватыя вочы свiдравалi Кудзiна. – Ён заходзiў толькi да вас!.. Нешта змянiлася ў справе Казаковай, чаго не ведаю я?
«Можа, пераказаць размову? – завагаўся Кудзiн. – У Лукiна хватка мёртвая, як у бульдога, зачэпiцца – дакапаецца».
– Ну?! – нецярплiва выдыхнуў капiтан, ягоныя вочы азартна блiшчэлi. – Я з самага пачатку адчуваў, што нешта тут не чыста, бо занадта праўдзiва выглядае няшчасны выпадак.
«Зараз пусцiць слюнi – i чым не бульдог?» – мiжволi падумалася Кудзiну, i ад гэткага параўнання стала лягчэй.
– У справе Казаковай нiчога не змянiлася, – цвёрда адказаў Кудзiн.
Маёр прыняў рашэнне i не будзе спакушаць лёс, не кiнецца з дакладам да Белага, але на ўсялякi выпадак зробiць пэўныя захады. Ён павiнен мець адказы на Мiкулiчавы пытаннi, бо няма гарантыi, што падпалкоўнiк не задасць iх пры начальнiку ўпраўлення. А Лукiн выканае загад, зробiць усё, каб нiхто не ўсумнiўся ў афiцыйнай версii смерцi Казаковай. Кудзiн, прыжмурыўшы вочы, кiнуў на капiтана хiтраваты позiрк. Ён ведаў, што сказаць Лукiну, каб паставiць яго на месца.
– Падпалкоўнiк Мiкулiч шукае сабе намеснiка – можа, пара i Вам, Алесь Дзмiтрыевiч, начапiць маёрскiя эпалеты? Калi згодны – пахадатайнiчаю…
Лукiн адразу знiякавеў, незадаволена хмыкнуў:
– Я магу iсцi? – i дурнавата залыпаў вачыма, шукаючы на сцяне вартую ягонай увагi кропку.
У той дзень маёр Кудзiн так i не знайшоў участковага Барану, хоць каля гадзiны накручваў дыск тэлефоннага апарата. Нi дома, нi на працы, нi ў мацi, тэлефон якой дала жонка ўчастковага, маёра не было. Кудзiн з самага пачатку i не думаў нешта ўтойваць ад Бараны, ён шукаў маёра, каб пераказаць размову з Мiкулiчам i папярэдзiць пра непрыемнасцi.
«Няхай Барана пакумекае, як прыкрыць свае тылы! – разважаў Кудзiн. – Падумаеш, пераспаў з маладзiцай, дык што, цяпер мы яго павiнны звольнiць з працы? Не, даражэнькi Генадзь Сымонавiч, я не буду капаць пад сваiх! Праўду пра цябе кажуць: сабака на сене – нi сабе, нi другiм…»
Кудзiн папярэдзiў дзяжурнага па аддзеле, што неадкладна хоча бачыць цi чуць участковага Барану, i праз паўгадзiны амаль забыўся на ранiшнi вiзiт Мiкулiча. На працягу дня Кудзiн больш не ўзгадаў нi Барану, нi Мiкулiча, нi Казакову, але ўвечары сiтуацыя нечакана змянiлася. У шасцiдзесяцi кiламетрах ад Мiнска, каля горада Барысава, у прыдарожным пералеску знайшлi труп маёра Бараны. Гэтая навiна была для Кудзiна як гром сярод яснага неба. Усё, што ранiцай гаварыў Мiкулiч, цяпер бачылася i ўспрымалася па-iншаму: ён адчуў небяспеку. Некалькi разоў хапаўся за слухаўку тэлефоннага апарата, але так i не змог вызначыцца, каму тэлефанаваць i што гаварыць.
«Цяпер позна расказваць Беламу праўду пра маёра Барану, – лiхаманкава шукаў выйсця Кудзiн, – Мiкулiч папярэдзiў, каб нi слова начальнiку аддзела. Значыць, ён нешта недагаварыў… Што, калi Барана i Белы заадно?! Во заварыў кашу, дык заварыў…»
Часу на роздум не было. Кудзiн разумеў, што павiнен сёння знайсцi выйсце, заўтра будзе позна. Адзiнае, што магло ўратаваць, – гэта сустрэча з начальнiкам упраўлення горада. Трапiць да генерала Рашэтнiкава было не так проста, але iншага выйсця Кудзiн не бачыў. Ён яшчэ доўга шпацыраваў па кабiнеце, прадумваў, што будзе гаварыць, асушыў ледзь не поўны графiн вады i нарэшце з хваляваннем зняў слухаўку.