– У нечым ты маеш рацыю, – Мiкулiч прыхiльна паглядзеў Хмару ў вочы i нечакана спытаў: – А што скажаш пра судова-медыцынскае заключэнне? Калi так расклаў на лапаткi Александровiч, думаю, i экспертызу не абышоў стараной.

– Я не эксперт, – ужо дакараючы сябе за празмерную балбатлiвасць, панура ўздыхнуў Хмара, – але заключэнне медыкаў не канкрэтызавана. Мы не ведаем, што ў большай ступенi справакавала алергiчную рэакцыю, а што ў меншай: гарэлка, шампанскае, антыбiётыкi цi перабольшаная фiзiчная нагрузка? У дакуменце пазначана, што ўсё пералiчанае ў сукупнасцi выклiкала алергiчную рэакцыю.

– Правiльна, – засмяяўся Мiкулiч i задаволена пацёр далонi, – ты маладзец, i нашы погляды на справу Шапавалава супалi на восемдзесят працэнтаў, застаецца яшчэ дваццаць.

Хмара разгубiўся.

– Значыцца, справа не спыняецца? – толькi i змог выдыхнуць лейтэнант.

– Наадварот, толькi пачынаецца, i настала пара пазнаёмiць цябе вось з гэтым дакументам, – падпалкоўнiк дастаў з чорнай папкi жаўтаваты аркуш паперы, падаў лейтэнанту.

Хмара прачытаў прапанаваны дакумент раз, другi… Здраднiцкая чырвань апякла вушы, шчокi, у гэты момант ён адчуваў сябе чалавекам, якога добра-такi абдурылi. Яму стала сорамна перад падпалкоўнiкам за юнацкi максiмалiзм, з якiм ён паўгадзiны таму святкаваў сваю перамогу i цешыў самалюбства.

– Вы з самага пачатку падазравалi, што Шапавалава забiлi?

– Не зусiм, – зашпацыраваў па кабiнеце Мiкулiч. – Мяне, як i цябе, насцярожыла, але трошкi ў iншым ракурсе, спадарыня Александровiч, i менавiта тое, што яна, урач-тэрапеўт, выклiкала хуткую дапамогу. Чаму менавiта яна? Чаму ўрач нават не спрабуе дапамагчы памiраючаму, а бяжыць да тэлефона? Што гэта: страх, легкадумства, стрэс цi зламысны намер? Зразумела, што ўрача з пятнаццацiгадовым стажам смерць магла ўразiць, але ж не напужаць! Яна прафесiянал i ведае, што рабiць у гэткiх сiтуацыях. Паводзiны Александровiч неадэкватныя i зусiм ёй не на карысць: нават не паспрабавала рабiць Шапавалаву штучнае дыханне!

– Александровiч можна прыцягнуць да крымiнальнай адказнасцi за неаказанне дапамогi! – рашуча выказаўся Хмара.

– Калi дакажам, – пагадзiўся Мiкулiч i, трошкi счакаўшы, працягваў: – На паводзiны Александровiч нiхто ўвагi не звярнуў. Каб закрыць справу, дастаткова судова-медыцынскай экспертызы. Але нечакана з’яўляецца яшчэ адна жанчына, якая сцвярджае, што Шапавалава забiлi i прыводзiць пераканаўчыя факты. Сакратарка начальнiка аўтакалоны, дзе працаваў Шапавалаў, Леўчанка Раiса Iванаўна, расказала пра займальны i iнтрыгуючы выпадак. Месяц таму Шапавалаў папрасiў яе не перадаваць начальнiку аўтакалоны пiсьмо, якое павiнна паступiць з докшыцкай мiлiцыi. З расповеду шафёра Леўчанка даведалася, што ён двое сутак прасядзеў у замкнёнай фуры, пакуль нейкi мужык яго не выпусцiў. Нiякага крымiналу, зладзейства, тым больш насiлля не было. Шапавалаў, шукаючы паратунку ад спякоты, залез у фуру, а дзверына выпадкова замкнулася. Канечне, на ўсё гэта плюнуць i расцерцi, але звечара ён добра-такi выпiў i нават не памятаў, чаму аказаўся голы. Даведаюцца ў калоне – засмяюць. Леўчанка дапамагла Шапавалаву, але пасля смерцi шафёра зусiм па-iншаму ўспрыняла той выпадак, таму i прыйшла, нават са сваiм бачаннем падзей. Версiя ж гаваркой сакратаркi ў тым, што нехта пазбавiўся ад Шапавалава, i смерць шафёра на дыскатэцы – не што iншае, як працяг разборкi ў бягомльскiм лесе.

– А што думаеце вы? – нясмела спытаў Хмара i спадылба зiрнуў на начальнiка. Мiкулiчава празмерная таямнiчасць успрымалася як недавер: чаму толькi сёння падпалкоўнiк расказаў праўду?