– Фу, цярпець не магу халодную каву!

Хмара зноў убачыў тое, што не павiнен быў бачыць, i, адчуваючы, што чырванее, iмпэтна падхапiўся на ногi, крутнуўся да акна.

– Вы б зашпiлiлiся.

– Аднаму – расшпiлiся, другому – зашпiлiся! – засмяялася жанчына. – Не мужыкi, а нейкi дзiцячы сад. Зрэшты, я ў сябе дома i хаджу як хачу!

Хмара змаўчаў, ён адчуваў сябе вiнаватым у тым, што парушыў планы Казаковай. Але цяпер яго турбавала iншае. Лейтэнант хацеў убачыць чалавека, якi выйдзе з пад’езда, нават прыўзняўся на дыбачкi, але марна – замiналi балконы. У адчыненую фортку было чуваць, як завялася машына, i праз хвiлiну чорны блiскучы «джып» знiк у арцы дома.

– Прыходзiў не той, каго я чакала, – па свойму расцанiўшы маўчанне следчага, паведамiла Казакова i, трошкi счакаўшы, цяжка ўздыхнула: – Вось так усё жыццё…

«Чакала аднаго, клалася ў ложак са мной, у калiдорчыку флiртавала з трэцiм…» – ледзь не вырвалася ў Хмары, але ён своечасова стрымаўся i як мага спакайней зазначыў:

– У вас, Марыя Васiльеўна, не кватэра, а нейкi прытон.

– Што тут, лепш спытайцеся ў свайго калегi маёра Бараны! – iмгненна змянiлася Казакова, голас зазвiнеў, як напятая струна. – І не чытайце мне мараль, сама разбяруся! Шляюцца тут ўсякiя!

Маўчалi доўга. Хмара чакаў, пакуль гаспадыня памые кубачкi i зноў зварыць сабе кавы. Калi маўчанне зрабiлася зусiм невыносным, лейтэнант цiха спытаўся:

– А праўда, што Сiдоркiну пад шэсцьдзесят?

– Праўда, – кiўнула Казакова i з нейкiм жалем дадала: – Пашэнцiла з iм Галiне, канечне, калi дурнiцай не будзе…

– Пашэнцiла? – здзiвiўся лейтэнант. – Ён жа стары для яе.

– Што вы, маладыя, разумееце? – усмiхнулася Казакова. Раздражнёнасць знiкла, па яе твары блукаў загадкавы цень, вочы блiшчэлi хцiвымi агеньчыкамi. – Багаты мужчына старым не бывае!..

Хмара ўсё зразумеў, зрэшты, i пытанняў да Казаковай больш не было. І ўсё ж лейтэнант не спяшаўся, марудзiў. Яму да няўсцерпку карцела даведацца, за каго прыняла яго Казакова, чаму пацягнула ў ложак i якая роля ў гэтым маёра Бараны.

– Позна, – цiха ўздыхнула гаспадыня, – i пытаннi ў Вас скончылiся.

– А Вы дзе працуеце? – нечакана для сябе спытаў Хмара.

– Часова ў фiрме «Венера», – з сумам адказала жанчына i працяжлiва дадала: – Кан-суль-тан-там…

– Разам з Александровiч?

– Так.

– Чамусьцi нiхто не пацвердзiў месца працы Галiны Вiктараўны.

– І не пацвердзяць. Мы з Галiнай прайшлi перападрыхтоўку i з тэрапеўтаў пераквалiфiкавалiся ў сексапатолагаў. Цяпер працуем у «Венеры» пазаштатнымi кансультантамi, пакуль атрымаем лiцэнзii на самастойную практыку.

– А што, тэрапеўты сталi менш патрэбныя? – з’едлiва спытаў Хмара, але, убачыўшы вочы Казаковай, адразу пашкадаваў аб неабачлiвай вольнасцi. Толькi было позна, гаспадыня адрэагавала iмгненна, сцебанула наводмаш i з вiдавочнай асалодай:

– Калi такая жанчына, як я, напалохала Вас – справа дрэнь. Вам, малады чалавек, абавязкова трэба звярнуцца да сексапатолага. І чым хутчэй, тым лепш.

Лейтэнант нечакана ўсё зразумеў.

– Колькi ж каштуе кансультацыя?

– Вам не па кiшэнi.

– А Баране?

– Ведаеце, чым адрознiваецца мiлiцыянер ад доктара? – прапускаючы мiма вушэй пытанне Хмары, у сваю чаргу пацiкавiлася Казакова.

Хмара адмоўна пахiтаў галавой.

– Праўда для доктара – выратаванне для пацыента, а праўда, сказаная мiлiцыянеру, звычайна заканчваецца лаўкай падсудных.

– Цiкавая фiласофiя, – усмiхнуўся Хмара, – толькi я не разумею…

– Зараз зразумееце, – перапынiла лейтэнанта Казакова. – Яшчэ адзiн рэбус: а чым падобныя доктар i мiлiцыянер? – жанчына перавяла дыханне i, не даючы следчаму часу на роздум, сама ж адказала: – Тым, што i аднаму, i другому трэба гаварыць праўду i толькi праўду, бо iнакш не дапаможаш… А цяпер – рэзюме: мне не падыходзiць нi першае, нi другое, а толькi трэцяе: спытайцеся ў самога Бараны…