– Паводзiны Александровiч i заява Леўчанкi насцярожылi, прымусiлi шукаць пацверджанне. І пакуль што адкiнуць версiю забойства Шапавалава – не рызыкну.

– І ўсё ж, чаму Шапавалаў быў у фуры голы? – пачаў задаваць пытаннi Хмара. – Без вады, ежы – зразумела, а вось каб зусiм без адзення… Не зiма… Значыць, сур’ёзна ўспрымаць здарэнне як замах на жыццё не можам.

– А калi Шапавалава такiм макарам папярэдзiлi аб магчымых непрыемнасцях? – разважлiва сказаў Мiкулiч. – Усё ж запаленне лёгкiх ён падхвацiў, i цяпер смерць Шапавалава на дыскатэцы не ўспрымаецца як недарэчнасць. Я не адмаўляю збегу абставiн, яго вялiкасць выпадак можа добра-такi павадзiць за нос, але на тое мы i следчыя…

«Гаворыць, як на лекцыi па крымiналiстыцы», – падумаў Хмара i самаўпэўнена ўсмiхнуўся:

– Цяпер прыйдзецца пераключыцца з любоўных сувязяў Шапавалава на дзелавыя?..

– Да дзявятага жнiўня мы павiнны раскрыць таямнiцу бягомльскага лесу, – не зважаючы на сарказм падначаленага, працягваў Мiкулiч. – У гэты дзень Александровiч вяртаецца з адпачынку.

Хмара iмгненна стаў сур’ёзны. Ён зразумеў, што ўсю вышуковую работу прыйдзецца рабiць самаму.

– А Вы ўпэўнены, што яна ўзяла зваротны бiлет?

– Вернецца, – запэўнiў Хмару Мiкулiч i, складваючы паперы ў папку, нязмушана дадаў: – Яна не сумняваецца ў тым, што мiлiцыя не будзе аспрэчваць заключэнне экспертаў. Няшчасны выпадак настолькi вiдавочны, што зрабiць такое нiкому i ў галаву не прыйдзе. А да любоўных прыгод Шапавалава не трэба ставiцца скептычна, у гэтым накiрунку мы будзем працягваць працаваць прыдзiрлiва i педантычна. Сексуальна-заклапочаная фiрма «Венера» – не апошнi вiнцiк у справе, i таму я хачу ведаць: колькi там пазаштатных кансультантаў, такiх, як Александровiч i Казакова? Хто за ўсiм гэтым стаiць? Думаю, пасля сустрэчы з сястрой Шапавалава не трэба тлумачыць, якiя кансультацыi арганiзаваныя пад дахам фiрмы. Адным словам, трэба сабраць поўнае дасье на дзейнасць «Венеры», яе кiраўнiкоў i заснавальнiкаў.

– Мне б каго з сышчыкаў – у памочнiкi, – папрасiў Хмара i нечакана дадаў: – І наогул, я думаю, што «Венерай» лепш займацца мiлiцыi нораваў.

– Будуць памочнiкi, – адмахнуўся Мiкулiч. – Спярша высветлiце ўсё самi. З’ездзiце ў камандзiроўку ў Бягомль, а там i паглядзiм, цi тую кашу варым, цi нам яе есцi…

– Зразумела, – заспяшаўся Хмара.

– І яшчэ адно, – Мiкулiч уважлiва паглядзеў на лейтэнанта. – Ты выпадкова не пытаўся ў сына Шапавалава наконт алергiчных хвароб бацькi? Нешта магла ведаць i Казакова, яна ж доктар.

Хмара прыпынiўся.

– На гэта павiнны былi адказаць эксперты. Можа, паставiць дадатковае пытанне?

– Ужо зрабiў, – пагадзiўся Мiкулiч, – спытаў, бо хацеў сэканомiць час.

10

Хмара толькi паспеў палiць зялёны стрыжань невядомай раслiны, што расла ў гаршчэчку, як у кабiнет уварваўся Мiкулiч. Такiм лейтэнанту бачыць начальнiка яшчэ не даводзiлася. Падпалкоўнiк моўчкi выхапiў з рукi лейтэнанта шклянку з рэшткамi вады i нервова сунуў таўставаты стос папер, перацiснуты ў верхнiм кутку сашчэпкай.

– Чытай! – Мiкулiч тыцнуў тоўстым пальцам ў сярэдзiну аркуша i, заклаўшы рукi за спiну, нервова зашпацыраваў па кабiнеце. Ён не зважаў на шклянку, з якой ў нейкi момант танюсенькiм струменьчыкам пачала вылiвацца на падлогу вада. Маснiчыны пад нагамi непаседлiвага падпалкоўнiка жалобна рыпелi.

«4 жнiўня 199… года апоўначы грамадзянка Казакова Марыя Васiльеўна звалiлася з балкона асабiстай кватэры. Смерць наступiла iмгненна…»

Рука з паперамi здрыганулася, Хмара ўзняў на Мiкулiча шырока расплюшчаныя вочы.

– Я пайшоў ад яе каля адзінаццацi вечара, – з адчаем прагаварыў лейтэнант i, шукаючы падтрымкi, а найболей апраўдання, паспешлiва дадаў: – Яна была ў добрым настроi, некага чакала… – Хмара раптам замаўчаў i, унiкаючы калючых Мiкулiчавых вачэй, нервова кусаючы вусны, роспачна ўздыхнуў: – Не ўсё пра нашую сустрэчу з Казаковай я расказаў… Тое не тычылася Шапавалава, але ж цяпер так павярнулася, што ўсялякая дробязь можа мець значэнне.