– Я i сапраўды чакаю гасцей.

– Пагаворым на кухнi, – прапанаваў Хмара i зноў адчуў няёмкасць. У гэтай жанчыне было столькi спакуслiвай жыццёвай сiлы, што лейтэнант вымушаны быў хаваць вочы, каб не выдаць свайго душэўнага стану.

– Ручку адарвалi! – са скрухай упiкнула лейтэнанта гаспадыня. – Можа, i ў агульны калiдор дзверы адамкнуць? Там ручка дарагая, зробленая на заказ.

– Я адкуплю замок, – вiнавата буркнуў Хмара i, спадылба зiрнуўшы на Казакову, прапанаваў: – Калi спяшаецеся, я пакiну позву, пагаворым заўтра ў аддзеле.

– На гэта не разлiчвайце, – Казакова крутнулася да плiты, бразнула чайнiкам, чыркнула электрычнай запальнiчкай. – Будзем гаварыць сёння, госцi пачакаюць.

Хмару гэта задавальняла, напэўна, больш чым гаспадыню. Ён уздыхнуў вальней, падсунуў да акна крэсла, уладкаваўся так, каб свежае паветра з расчыненай форткi абвявала твар.

– Вы на самай справе лiчыце, што Iван памёр не сваёй смерцю? – стоячы спiнай да лейтэнанта i нешта штукуючы над плiтой, насцярожана спыталася Казакова.

– Мы правяраем розныя версii, – адказаў Хмара i адчуў сябе нiякавата.

Версiя пра тое, што Шапавалава маглi забiць, што легкадумна зляцела з языка, цяпер патрабавала тлумачэнняў, а гэта не ўваходзiла ў планы следчага. Няўпэўненасць – дрэнны памочнiк, асаблiва ў выпадку з Казаковай.

– Вы мне туману ў вочы не напускайце, каб так сцвярджаць, трэба мець факты! – з завiднай упэўненасцю брала iнiцыятыву гаспадыня.

«Лепш было б перанесцi размову на заўтра, за апошнiя пятнаццаць хвiлiн яна другi раз заганяе мяне ў кут», – са скрухай падумаў лейтэнант. Ён хацеў сказаць нешта пра магчымых ворагаў Шапавалава, пра тое, што ў гэтай гiсторыi не зразумелая роля Александровiч, але, замацоўваючы сваю перавагу, Казакова iшла ў наступ.

– Толькi не трымайце мяне за дурнiцу. Па адукацыi я – урачтэрапеўт i вынiкi судова-медыцынскай экспертызы чытала, кумекаю што да чаго… Гэта – першае, а другое i асноўнае ў тым, што мiлiцыя нiколi не шукала i не будзе шукаць работу, асаблiва там, дзе эксперты сказалi сваё.

«Каб твае словы ды Мiкулiчу ў вушы!» – падумаў Хмара, а ўголас запярэчыў:

– Усе пад Богам ходзiм, эксперты – таксама людзi.

– Згодна, – пагадзiлася Казакова, – але ж памылкi, наколькi вядома, няма. Што вы накапалi такога, каб адпрацоўваць версiю забойства?

Хмара марудзiў. Ён дачакаўся, пакуль гаспадыня напоўнiць вадой кубачак з растваральнай кавай, ад цукру адмовiўся i, прымаючы пахучы напой, спакойна, але цвёрда зазначыў:

– Прапаную памяняцца ролямi. Я, Марыя Васiльеўна, буду задаваць пытаннi, а Вы – адказваць.

Казакова ўзняла на Хмару вялiкiя здзiўленыя вочы. Нечакана ў iх заскакалi няўрымслiвыя, гарэзлiвыя агеньчыкi.

– Паўгадзiны таму Вы былi зусiм iншы!..

– Час мяняе людзей, – буркнуў Хмара i зрабiў невялiкi глыток. Кава была своечасова, яму даўно хацелася прамачыць горла. – Такiм чынам, я хачу ведаць, хто выклiкаў Вашага хворага брата дваццаць шостага лiпеня ў клуб «Каму за трыццаць».

– Напэўна, той, хто прынёс Iвану грошы…

– Семсот баксаў?

– Семсот… І хто ж гэта? – Казакова неяк здзiўлена паглядзела на Хмару. – Навошта ж даўжнiку было пазбаўляцца ад Iвана? Аддаць, каб праз гадзiну забiць?

– А калi дапусцiць, што вярнулi толькi частку? – загарэўся лейтэнант.

– Выключана, – запярэчыла Казакова. – Напярэдаднi мы сустракалiся, i Iван казаў пра семсот долараў. Ён сядзеў за гэтым самым сталом i радаваўся, як дзiця: лiчыў, што грошы прапалi, аж не – вярталiся, i менавiта семсот… А вось пра даўжнiка змаўчаў, хоць я i пыталася.

– Вядома, што Шапавалаў у той вечар быў з Александровiч.

– Толькi не Галька! – ускрыкнула, замахала рукамi Казакова. – Яна мужыкам даўгi не вяртае, iншым разлiчваецца…