Па сваёй сутнасці медыявірусы – гэта і ёсць тыя мемы і мемплексы, якім была прысвечана першая частка дадзенага эсэ. Іх спецыфіка палягае ў тым, што медыявірусы працуюць выключна ў інфармацыйнай сферы і здольныя змяняць чалавечае ўспрыманне падзей у свеце. Пачатковай прыступкай паспяховага медыявіруса можа быць усё, што заўгодна, як то вынаходства або тэхналагічнае адкрыццё, сэкс-скандал, выказванне публічнай асобы, рэзананснае інтэрв'ю і інш.
Інфармацыя, якая выклікала зацікаўленасць у спажыўцоў і атрымала шырокі розгалас, здольная ў лічаныя гадзіны прывесці да зрухаў у масавай свядомасці. Д. Рашкоф лічыць, што ў гэты момант уключаецца эфект матылька: нязначнае змяненне ў адной частцы комплекснай сістэмы можа прывесці да катастрафічных наступстваў у яе іншых частках.
Тэкст Д. Рашкофа абапіраецца збольшага на прыклады тэлебачання, але ж цяпер, у 2017 годзе, асноўным плацдармам для распаўсюду медыявірусаў з'яўляецца інтэрнэт. Яшчэ да з'яўлення сённяшніх найбольш папулярных сацыяльных сетак, на пачатку ХХІ стагоддзя выказваліся меркаванні, што ў будучым інтэрнэт можа пераўтварыцца ў палігон для палітычных зрухаў і рэвалюцый24. І вось мы бачым дастатковую колькасць прыкладаў падобных пераўтварэнняў.
Разам з тым Д. Рашкоф адрознівае PR-захады ад медыявірусаў. Медыявірус як з'ява постмадэрну імкнецца раскрыць складанасць і сістэмнасць сувязяў, у адрозненне ад PR, які мэтанакіравана спрашчае праблемы. Іншымі словамі, медыявірус, у параўнанні са звычайнымі PR-акцыямі, мае больш глыбокія наступствы ў сферы ўздзеяння на грамадскую свядомасць. Але з цягам часу і пры некаторых умовах PR-акцыі могуць муціраваць і трансфармавацца ў медыявірусы.
Мэтанакіраваны працэс стварэння медыявірусаў магчыма разумець як медыяактывізм (media activism). Пры гэтым Д. Рашкоф прыводзіць шмат прыкладаў медыявірусаў, аднак не прапаноўвае дакладнага вызначэння.
Медыявірусам можна называць падзеі, якія адбываюцца ў медыяасяродку, ці іх наступствы, якія паўплывалі на змены ў грамадстве. Крыніцамі медыявірусаў часам выступаюць не толькі навіны, але і тэлешоу, тэлесерыялы, мультсерыялы і іншае (Simpsons, Family Guy, South Park).
Конец ознакомительного фрагмента.