Р. Доўкінз, у сваю чаргу, адрознівае два працэсы ў меметыцы, ці абгрунтоўвае два розныя тыпы мемаў: 1) мем як культурная ідэя, грамадскае дзеянне, не мае шырокіх варыяцый; 2) мем як самакарэктоўная і здольная супрацьстаяць знешнім мутацыям сістэма19.
Меметыку магчыма разглядаць як метад, прыдатны для аналізу будучых культурных рэвалюцый, а таксама як эфектыўную прыладу для аналізу культурнай эвалюцыі.
Даследчык Джэк Харыч (Jack Harich) прапаноўвае дзве мадэлі, якія ён стварыў з дапамогай меметыкі. «The Dueling Loops of the Political Powerplace» – мадэль, што апісвае чыннік карупцыі як палітычнай нормы, якая ўзнікла як наступства атрыманых у спадчыну пераваг адной пятлі зваротнай сувязі над іншай20; «The Memetic Evolution of Solutions to Difficult Problems» – мадэль, што выкарыстоўвае мемы і навуковыя метады меметыкі для дэманстрацыі таго, як складаныя працэсы развіваюцца з цягам часу і як магчыма палепшыць гэты працэс21.
Сутнасць меметыкі як навукі палягае ў перанясенні канцэпцый эвалюцыйнай тэорыі (і ў прыватнасці папуляцыйнай генетыкі) і матэматычных мадэляў на сучасную культурную індустрыю з мэтай тлумачэння сацыяльных, рэлігійных і палітычных працэсаў. У якасці аргументаў на карысць магчымасці такога пераносу даследчыкі прыводзяць прыклады таго, што адзінкі культуры цяпер карыстаюцца трыма «дарвінісцкімі» прыкметамі – зменлівасць, спадчыннасць і пастаяннае ўзнаўленне саміх сябе. Таму самыя прыстасаваныя мемы распаўсюджваюцца, а непрыстасаваныя – знікаюць. Заклад паспяховага культурнага мема – максімальная дакладнасць сваёй перадачы (каб пазбегнуць мутацый), максімальны распаўсюд і максімальны час ўзнаўлення. Мемы, якія найбольш паспяхова вырашылі гэтыя задачы, у канчатковым выніку выйдуць пераможцамі ў эвалюцыйным працэсе культуры22.
Але ж па-ранейшаму ў межах меметыкі адкрытымі застаюцца наступныя пытанні: 1) як вымераць мем як адзінку культуры; 2) у якой ступені адрозніваюцца культурная і біялагічная эвалюцыі; 3) ці адпавядае меметыка такім стандартным патрабаванням да класічнага разумення навукі, як валіднасць, кагерэнтнасць, сфальсіфікаванасць і інш.
Мемы і медыявірусы
Абапіраючыся на здабыткі меметыкі, Дуглас Рашкоф (Douglas Rushkoff) прапаноўвае паняцце «медыявірус». У сваёй кнізе «Медыявірус. Як поп-культура патаемна ўздзейнічае на вашу свядомасць» ён выкарыстоўвае панятак медыявіруса для пазначэння падзей у галіне сродкаў масавай камунікацыі, здольных правакаваць ці радыкальным чынам уплываць на грамадскую думку. Кніга практычна цалкам складаецца з прыкладаў таго, якія маніпулятыўныя тэхнікі выкарыстоўваюць масмедыя для прасоўвання інтарэсаў буйных карпарацый.
Паводле тэорыі Д. Рашкофа, сродкі масавай камунікацыі, хочуць яны гэтага ці не, за грошы рэкламадаўцаў прасоўваюць паўсюднае спажывецтва (кансьюмерызм) і фарміруюць грамадскую думку зыходзячы з інтарэсаў рэкламадаўцаў, ствараючы адпаведную карціну свету. Інфармацыйная сфера ці медыяпрастора з крыніцы інфармацыі пра рэальнасць ператварыліся непасрэдна ў рэальнасць, якая існуе па ўласных законах і якая мае групы ўплыву, здольныя праводзіць нешта накшталт медыядыверсій (тады гэта яшчэ не называлася гібрыднымі інфармацыйнымі войнамі, якія мы цяпер штодня можам пабачыць у сацыяльных сетках).
У сваёй кнізе Д. Рашкоф падрабязна апісвае медыяпадзеі як трыгер сапраўдных сацыяльных перамен, хуткасць і маштабы распаўсюду інфармацыі магчыма параўнаць з эпідэміяй нейкага віруса. І ў яго канцэпцыі яны так і называюцца – медыявірусы. Запускам у інфармацыйную прастору такіх медыявірусаў займаюцца медыяактывісты, PR-спецыялісты і маркетолагі, якія дзякуючы сваім ведам у сферы сацыялогіі, маркетынгу, сацыяльнай псіхалогіі і НЛП падрываюць мапу спрошчанай рэальнасці сучаснага чалавека. Вынікамі такіх дыверсій могуць карыстацца палітыкі падчас электаральных кампаній, транснацыянальныя карпарацыі і хто заўгодна яшчэ, хто зацікаўлены ва ўплыве на грамадства