Маці – для кожнага чалавека самая блізкая і дарагая асоба. Яна нараджае нас на сьвет белы, яна корміць нас сваім малаком, яна сагравае нас сваім цяплом, яна вучыць роднаму слову, яна першая наша вучыцелька. Відаць у кожных рэлігіях ёсьць запавет шанаваць сваіх бацькоў, і маці там павінна стаяць на першым месцы. У чалавека за жыцьцё можа быць некалькі жонак, адпаведна і колькасьць дзяцей не малая, а вось маці ды тата толькі адны. Ужо дастаткова сталым пазнаёміўся я з адной легендаю, нібы ў Грэцыі адзін юнак надта ж пакахаў нейкую прыгажуню, тая ж ніяк да яго не ставілася, болей таго кпіла з яго ды насьміхалася. Аднаго разу паведала, што прыме яго каханьне, але толькі калі ён прынясе ёй галаву сваёй маці! Жудасная прапанова доўга мучала юнака, але каханьне іншым і вочы засьціць і розуму іх пазбаўляе, дык вось ён усёж выканаў патрабаваньне. Паклаўшы матчыну галаву ў кошык, ён стрымгалоў паімчаў да тае прыгажуні, каб хутчэй пазбыцца свайго грэху ды здзейсьніць даўнюю мару. Сьпяшаўся так, што абступіўся, абраніў кошык ды павліўся. Адсечаная галава маці выкацілася ў дарожны пыл, ды спытала: «Сыночак, ты не пабіўся?»…

Маленькаму мне маці расказвала казкі, якія чула ад сваёй маці, распавядала аб сваіх дзіцячых прыгодах, аб сваёй сям’і, потым аб партызанскіх часах, яна ж заахвоціла мяне да чытаньня. У шасцігадовым узросьце я ўжо сам завучыў некалькі вершаў А. Твардоўскага з «Васіля Цёркіна». Кніга гэтая была падорана Арнольду на 16 год дзядзькам Янкам, татка наш іншы раз чытаў яе ў голас, а потым і я заахвоціўся…

Запомніліся маміны рукі, якія былі заўсёды пяшчотнымі, мягкімі ды цёплымі, калі яна ўжо працавала ў штамповачным цэху з брудным, цяжкім, халодным металам на груваздкіх ды грамыхаючых станках, дзе ўзімку стаяў вулічны холад і працаваць даводзілася ў тры зьмены, то бок, нават ўночы. Неяк аднаго разу пад штамп трапіў яе палец так, што дзьве фалангі костак выйшлі вонкі, але ж лекары ёй палец уратавалі. Пасля таго яна ўжо не кранала гітары, але рукі яе аднаўляліся, захоўваючы свае ўласьцівасьці. Апошнія яе хвіліны я трымаў тые рукі ў сваіх і яны былі як заўсёды – цёплымі, мягкімі, звыкла мамінымі…

Я пісаў, што маці мая з-за хваробаў не працавала пэўны час, была хатняй гаспадыняй, і, калі я з вулічных сваіх вандровак вяртаўся дадому, дужа мне падабалася слухаць яе расповеды ці пра яе бацькоў з братамі ды той жа сястрой Фрузай, ці дзіўныя казкі, што запомніла яна са свайго маленства, ці пра тое, як у партызанскім лесе адна з маленькім Арнольдам выпякала хлеб у адмысловай зямлянцы на цэлы атрад… Сядзім мы ля печы, назіраем як гараць, шыпяць ды патрэскваюць дровы, аддаючы цяпло і я слухаю маці. Калі іншы раз хварэў, яе мяккія пяшчотныя рукі і коўдру з падушкаю паправяць, і парашкоў з мікстурамі дадуць так, што зусім не горка, а то, як хвораму, дадатковае харчаваньне – які піражок з павідлам з крамы, ці кісялю зварыць з журавінавага соку, купленага у той жа краме на першым паверсе…

Маці расказвала, што была самай малодшай у сям’і, нарадзілася ў 1915 годзе, пасьля вяртаньня майго дзеда Міхала з Дэтройту амерыканскага, дзе ён за пару год на эміграцыі заробіў крыху грошай, збудаваў нейкае немудрагелістае жытло, ды выправіўсяца зваротна праз акіян забраць сям’ю, але, раптам, пачалася Першая Сусьветная вайна, потым рэвалюцыя, потым калектывізацыя… Шукаючы паратунку ад голаду выправіліся яны ўдвох з маёй бабуляй ва Украіну, ды там і памерлі з тае ж галадухі, родным нават невядома месца пахаваньня, ды й ці ёсьць увогуле яно…

Маці ж маю з нараджэньня празвалі амерыканачкай. Адукацыі ў маці, як і ў бацькі, было толькі чатыры класы, працавала яна апошнія гадоў пятнаццаць да пэнсіі штампаўшчыцай на заводзе, бачыў я гэтую цяжкую, брудную працу ў халодным па-вулічнаму цэху. Але маці не наракала, яна заўсёды была прыкладам, тройчы узнагароджана за сваю працу ўрадавымі граматамі, абіралася дэпутатам раённага ды гарадскога саветаў, была пэрсанальным пэнсіянэрам. Быў пры Саветах такі прывілей для раўнейшых сярод роўных. Да апошніх сваіх дзён, у яе хапала цеплыні і павагі, разумных парадаў, простых практычных дзеяньняў у дапамогу і не толькі блізкім ды родным, яна не адмаўляла ў дапамозе і незнаёмым. Ужо кепска бачучы, на апошнім тыдні свайго веку, калі ўжо некалькі месяцаў не магла ўстаць на ногі, абклаўшыся падушкамі, каб не паваліцца, седзячы ў ложку, яна на сьпіцах вязала ці шкарпэткі з воўны, ці пантофелькі хатнія дарослым і малым, якімі абдорвала усіх. Я бачыў яе вырабы ў сваякоў у Маскве, Піцеры і на Палесьсі… Цёплыя, мяккія матчыны рукі не забыць мне ніколі… Рукі, якія падтрымлівалі, накіроўвалі, песьцілі мяне праз усё жыцьцё.