А мне, апроч таго, што цікавыя былі іх гаворкі, дык яшчэ чаго-небудзь смачнага са стала перападала, бо есьці хацелася ж. Прызнаюся нават, што практыкаваў я іншы раз макнуць лусьцік белага хлебу ў недапіты келіх гарэлкі ды зьесьці, як старэйшыя ня бачылі. Зараз, ужо стары, тлумачу ўсім, што гэта выпрацавала ў мяне імунітэт на алкаголь, бо залежнасьці ад яго ня прыдбаў, хоць іншы раз і ня грэбую якім келіхам. А калі ў гасьцей быў добры настрой, яны маглі засьпяваць свае партызанскія песьні, а то тата хахляцкія песьні пеў, у яго ня блага выходзіла, іншы раз дапамагала яму й маці, а калі яна шчэ брала гітару сяміструнку, ды заводзіла які раманс – быў сапраўдны канцэрт. Звычайна імпрэза цягнулася дапазна, мяне ўжо адпраўлялі спаць, але дзе там, я хаваўся ці пад сталом, ці дзе ў куточку, ды слухаў, слухаў…
Гэта прывяло да таго, што з часам, калі партызанскія успаміны пачалі блытацца, а ў некага пыхі ці гераізму прырастала, дык вось я, ужо стаўшы дарослым, мусіў ім дэлікатна падказваць, як насамрэч было. Тады яны дзівіліся, але згаджаліся.
У бацькоў свае госьці, у мяне ж свае. Іншым разам да нас «на горад» прыяжджалі ці знаёмыя, ці сваякі, якім я рабіўся «экскурсаводам», паказваў розныя мясьціны прыгожыя, збудаваньні гарадскія ды іншае. Пасьля такой маёй экскурсіі крыху маладзейшая мая стрыечная сястра Тома з Палевічаў, кажуць, распавядала на сваіх Рудках. «Прывёў мяне Сашка да нейкае хаты, а яна ж вышэй разоў пяць за самае высокае з нашых дрэваў, а даўжынёй болей за нашую усю вуліцу, ды яшчэ вокнаў жа, вокнаў… у восем радоў у гару. А ў сенцах нейкіх вялізных людзей, людзей… Нейкія цёткі ў белых халатах ды каптурыках, як лекары, гандлявалі адна нейкімі пончыкамі, то падобныя на нашыя рэзьнікі, толькі рудыя, ды нейкай салодкай крэйдай пасыпаныя, другая зь нейкіх крывых слоікаў нацэжвала мёду рознакаляровага, потым налівала нейкай шыпуча – калючай вады… Але ж смачна!!! Потым мы ішлі нейкім напоўцьмяным калідорам, бо былі толькі дзьверы з абодвух бакоў, адкуль выходзілі нейкія людзі, каб зайсьці ў другія дзьверы… Падыйшлі да нейкай жалезнай шафы з падвойнымі дзьвярыма ды закратаваным вакном, увайшлі ў сярэдзіну, а яна раптам сама паехала ў гару, са страху я ўчапілася за братаву руку ды й вочы заплюшчыла. Потым бразнулі зноў дзьверы, мы зноў апынуліся ў падобным калідоры, які меў на сваім заканчэньні вакно. З таго ж вакна я пабачыла тое, з чаго ў мяне дух заняло ды й каленькі задрыжэлі. Нейдзе далёка ўнізе рухаліся нейкія чалавечкі меньшыя за мурашоў, зрэдку сноўдаліся машыны, памерам з божых каровак, дрэвы выглядалі нязвыкла прыгожа»… Так мая Томця распавядала пра наш Дом Саветаў, папярэднік менскага Дому Ураду, пра ліфт на якім першы раз пракацілася…
Мой брат закончыў тэхнікум і быў разьмеркаваны на працу ва Узьбекістан, на той час у нас кватэравала мая стрыечная сястра Аля, яна вучылася ў Педагагічнай вучэльні на выхавацельку дзіцячага садку. Гартаючы з цікаўнасьці яе падручнікі, я запомніў партрэты ды імёны расейскіх, ды савецкіх тагачасных класікаў літаратуры, а неяк пазьней кватэраваў у нас Хведзя, што вучыўся на фельдшара-акушэра, яго падручнікі мяне пазнаёмілі з анатоміяй, а малодшы брат Алі, Валодзя Палевіч, трошку жывучы у нас, расказваў пра Данбас ды шахты, пра тое як цікава кіраваць планёрам, лётаючы над Магілёвам. Жыла трошку і паштовы экспедытар Люба, дык той я ўдзячны за знаёмства з тым, як на вёсцы, а было тое блізка Вейна, гуляюць Купальле. Вось так, патрошку, ад розных знаёмстваў і набіраўся мой сьветапогляд, жыцьцёы досьвед. Атачэньне ў мяне было даволі разнастайнае, але ў сумніўныя хаўрусы мяне не цягнула, відаць на той час я быў паглынуты спортам ды іншымі, для мяне больш прывабнымі заняткамі. Сапраўдная бойка, адзін супроць некалькіх, ды супроць нажа мяне напаткала, калі я ўжо быў выкладчыкам інстытуту ды меў жонку і пяцімесячнага сынка, але вось досьведу, як біць чалавека, ў мяне не было. З тае сітуацыі я выйшаў цэлы ды непераможаны, але, калі меў ўжо двух сыноў, падарыў ім баксёрскія пальчаткі, бадай, каб сталі лепш за мяне падрыхтаваныя…