Сьпяшаючыся хутчэй падрасьці, малыя цягнуліся да старэйшых, пераймалі іх звычкі, манэры, гэтак было спрадвеку, а калі старэйшыя хлопцы дазвалялі некуды з імі пайсьці, то быў асаблівы давер. Неяк так у кампаніі бальшуноў на вуліцы яны мне падказалі, што мой татка едзе на днямі атрыманым самазвале, якога я яшчэ не бачыў. Машына запавольвала хаду перад павароткай, дык я дагнаў яе, ды скочыў на падножку з боку кіроўцы і прысеў, левай рукой трымаючыся за рукаятку кабіны, а правай за накрыўку бензабаку.
Тата мой, пілнуючы дарогу, такой жамяры як я не заўважыў, затое ж заўважыў міліцыянт-рэгуліроўшчк з перакрыжаваньня, які кінуўся ў бок машыны. Спыніўшыся, ды адчыняючы дзьверцу кабіны, мой здзіўлены тата пабачыў саскочыўшага мяне і, зразумеўшы магчымыя наступствы, зьбялеў.
Як ён тлумачыўся міліцыянту ня памятаю, але мне было загадана чакаць у хаце. Хутка тата прыехаў ды выдаў мне поўху, дарэчы першую ды апошнюю за ўсё маё жыцьцё. Рукі ён на мяне не паднімаў, затое мог так словамі дастаць, што лепей бы пакалаціў…
Бальшуны мяне завялі і ў марскі клуб, і ў аэраклуб, і ў мотаклуб, паўсюль было шмат цікавага ды, за недахопу ўзросту, мяне нікуды ня прыймалі, але ж дужа хацелася, затое на мастацкія выставы, на выставы праектаў архітэктурнай адбудовы Магілёву ды іншыя запісвацца ня трэба было ды й квіткоў купляць ня трэба было, вось я і займаўся самаадукацыяй. Але часу хапала і спаборніцтвы па веславаньні ці плаваньні пабачыць, нават скачкі ў ваду бачыў. Ніжэй мосту на Дняпры была часовая драўляная вежа для скачкоў у ваду, а на працілеглым баразе месьцілася база марклубу, адтуль на вёслах ці пад ветразем адыходзілі ялы на 6 ці 8 весьляроў. А побач з нашым домам у двары была база ДТСААФ, там стаяў самалёт ПО-2, у боксе стаяў танк, ды некалькі боксаў пазьней былі аддадзены мотаклубу, апошні мяне больш вабіў, мо таму, што там ужо мой Арнольд займаўся, які быў ужо ўдзельнікам некалькіх гонак. Побач, праз плот, у пачатку 50-х гадоў пабудавалі стадыён «Спартак», перарабіўшы яго са спартыўнай базы школы КГБ. Спартак стаў маім першым спартыўным таварыствам, а сам стадыён – галоўным месцам майго спартовага сталеньня.
Стадыён «Спартак»
Як прыйшоў я ў 11 год да трэнера Віктара Шадуры на лёгкую атлетыку, так з ёю пажыцьцёва і «пабраўся шлюбам».
Ці не першы раз самастойна задумаўся я над сваімі учынкамі, калі аднаго разу зь вёскі прыехаў да нас цесьць майго стрыечнага брата. Прыехаў ён адведаць свайго першага унука, цягнуў з сабою два вялікіх кашы вясковай сьнедзі ды прысмакаў, а дарогі не ведаў. Да нас жа шлях ведалі ўсе. А тае дарогі да брата было метраў не больш за дзьвесьце, то бок перасекчы па дыяганалі Камсамольскі сквер ад Дзевятага гастраному да шпілю каля кіно «Радзіма». Вось маці мяне і адправіла правадніком. А мне проста! Я на той час геаметрыі не ведаў, але праверыў, што напрасткі хутчэй. Розныя весьнічкі, паркавыя алеі – то для іншых… Лёгка пераскочыўшы цагляную, агарожу скверу каля метру вышынёй да гэткай жа шырыні (у двух кроках побач быў шырокі праход), па скошаным газоне, праз пастрыжаная кусты я упэўнена кіраваўся да брата… А дзе ж мой госьць? А госьць жа не я, пакуль узьняў свае кашы на агарожу, пакуль сам узлез ды зьлез, ажно успацеў, але кіраваўся дакладна за мной, прысьпяшаючыся… Раптам я разгубіўся, ды мне стала сорамна вельмі. Аказваецца трэба улічваць свае магчымасьці з тымі, аб кім ты апякуешся…
Жывучы ў цэнтры гораду мы нібы трымалі явачную кватэру. Бо партызанскіх сяброў, знаёмых з партызанскіх вёсак, ды сваякоў розных адгалінаваньняў заходзіла да нас шмат. Дзьверы у нашую кватэру ключом запіраліся толькі на ноч. Пакуль я не пайшоў у першы клас, маці мая сталай працы ня мела, і, з большага, была ў хаце. Для мяне самым цікавым было калі зьбіраліся партызаны. Прайшло якіх пяць, сем гадоў пасьля заканчэньня іх партызанкі, і яны па-сапраўднаму горача і шчыра згадвалі падзеі, сяброў, страты, жахлівыя і сьмешныя моманты, карацей, вярталіся ў мінулае, нібы не даваяваўшы. Нагадаю, што на першым паверсе пад намі была крама, таму пачастунак на стале быў заўсёды.