– Дзень добры, гаспадару. Хай мой выгляд не падманвае вашэць. Я Юргель Нязломак, дыгнітар вялікакняскага двару ў Вільні, блізкі сябра паноў падкаморага і галоўнага інстыгатара ды іншых дастойнікаў, – ён з даверам сьцішыў голас, – і ўлюбёнец самое пані гетманавай.
Тубылец адно цыркнуў пад ногі.
– А таксама пані кухмістравай.
Тубылец змоўчаў. Юргель быў нязвыклы да такога этыкету.
– А як вашэць завешся?
– Не вашэць – Кузьмар, – негасьцінна прагучала ў адказ.
– Злы лёс закінуў мяне далёка ад дому, шаноўны Кузьмару, у ваш хлебасольны край. Хоць я й не магу зараз адплаціць за тваю бязьмерную гасьціннасьць, упэўнены, вялікі князь не абміне цябе ласкаю, як даведаецца, што ты накарміў ягонага вернага паплечніка і пусьціў падначаваць да сябе ў хату.
Шаноўны Кузьмар пахрабусьцеў касьцяшкамі пальцаў і прамовіў без асаблівае пашаны:
– Ішоў бы ты згэтуль па-добраму, га?
Юргель з шкадаваньнем адзначыў, што канструктыўнае размовы не атрымаецца, але працягнуў роспыт:
– Што ж, пан – гаспадар. А ці не падкажаш, што гэта за месца?
– Цёмналесьсе, што ж яшчэ. Хіба ня бачыш? Вунь там, – узмах рукою на лісьцьвянік, – Цёмны лес.
– Як далёка адсюль да Вільні?
– Га?
– Да Вільні, кажу, – гучней прамовіў Юргель.
– Што за вёска? Ніколі ня чуў.
– Гэта ня вёска, а стольнае места Вялікалітвы.
Кузьмар глядзеў на яго без іскрынкі разуменьня.
– Вількамір, Нясьвіж, Наваградак?
Маўчаньне.
– Хіба вы не прызнаяце ўлады князя Скаравойта?
Кузьмар перакрывіўся.
– Мы жывём у Цёмным лесе, шануем Лясных багоў і ў чужыя дзялы носу ня ткнем.
Юргель зразумеў, што пра чыгунку тут пытацца ня мае сэнсу і пацікавіўся, дзе ляжаць найбліжэйшыя селішчы.
– Вунь там недалечка Засецьце, – Кузьмар паказаў у бок, зь якога прыйшоў Юргель, – а за лесам, – ківок на захад, – жывуць яцьвягі. Самыя сябе завуць судзінамі. Беражыся іх – страшнейшыя за зьвяроў.
– Добра, а дзе ў вас можна пад’есьці?
– Вядома дзе – «У вірох на юрох».
– Перапрашаю?
– У карчме. Што ж ты такі тугі?
Кузьмар пайшоў сваім шляхам, не разьвітаўшыся.
Неўзабаве Юргель натрапіў на скасабочаную хаціну з шыльдаю «Ў вірох на юрох», пра якую казаў тубылец. Да звыклых яму корчмаў яна была мала падобная. Зруб разьехаўся ад часу і ўрос у зямлю ці не па самыя вокны – маленькія і закураныя. Унутры пахла дымам, паўцемру расьсейвалі адно лучыны. Юргель сеў пры найбліжэйшым да выхаду стале і разгледзеўся.
Наведнікаў не было. Маладзенькая прыслужніца балбатала ля стойкі з карчмаром – лысым бамбізам, які разьбіраў тушку нейкага грызуна і абціраў рукі акрайкам кашулі. Дзяўчына безуважна акінула Юргеля вокам, але заказ браць не сьпяшалася. Адно калі ён замахаў рукамі, каб прыцягнуць увагу, зрабіла ласку і несхаць падышла.
– Дзень добры, шаноўная спадарычна. Дазволь…
Не пасьпеў Юргель скончыць фразы, як у карчму завітаў нехта, у кім ён адразу пазнаў сьвятара. Выглядам і паводзінамі той нагадваў віленскіх касматэістых. Трыбухаты, віслашчокі, у даўгім насове з выгафтаваным на грудзёх дрэвам, ён фанабэрыста пракрочыў праз памяшканьне і ўсеўся на дальнюю лаву, наваліўшыся трыбухом на стол.
Прыслужніца ўміг упырхнула да яго. Яна прыкметна пажвавела і выяўляла цяпер кожным рухам запал і паслужлівасьць. Да сталу падляцеў і карчмар. Ён усё абцягваў запэцканую кашулю, выдыгаў перад госьцем, уважліва яго слухаў і ківаў, а потым зьнік у кухні. Сьвятар тымчасам прыцягнуў да сябе прыслужніцу і па-гаспадарску запусьціў руку ёй пад спадніцу. Дзяўчына, відавочна, ня мела нічога супраць.
«Што край, то й звыча́й» – зацеміў сабе Юргель і паабяцаў больш нічому не зьдзіўляцца, каб не паказаць раптам свае недасьведчанасьці. Да таго ж падобныя звычаі былі яму да густу.