Потым прыйшоў бацька. Вера прыгатавала яму яечню.

– Што з Дашай? – спытаў ён у старэйшай дачкі.

– А што? – хаваючы вочы, адчуваючы віну за Дашкін стан, адгукнулася Вера.

– Яе прынёс нейкі мужык на руках у суправаджэнні Тані Паўлоўскай, – адказаў Сяргей Мікалаевіч, сядаючы за стол.

– Я ведаю, мне Таня тэлефанавала, – сказала Вера.

– Напілася, ці што? – здагадаўся Сяргей Мікалаевіч.

– Ды не, тата, пэўна, дрэнна стала, – павярнуўшыся спінай і робячы выгляд, што мые патэльню ў ракавіне, адказала Вера.

– Дапусцім, – зрабіў выгляд, што паверыў, Сяргей Мікалаевіч. – А з абліччам яе што? – спытаў.

– А што? – Вера зрабіла выгляд, што не зразумела.

– Ты мне не штокай, – жаваў Сяргей Мікалаевіч, – я пытанне задаў.

– Тат, у нас, у дзяўчынак, – паспрабавала растлумачыць дачка, – зусім іншае паняцце пра прыгажосць, чым у вас, мужчын. Даша эксперэментуе. У яе ўзросце гэта нармальна.

– І ванітаваць ва ўсіх навідавоку – таксама нармальна? – з'яхіднічаў Сяргей Мікалаевіч. – Вушы вянуць, як пра вас мне пачынаюць вымаўляць. Не ведаеш, куды ад сораму дзецца.

– А ты пабольш слухай, – заявіла Вера.

– Добра, – даядаючы, прамовіў Сяргей Мікалаевіч, – вернецца маці, разбярэцца з Дашкай. З табой ужо бескарысна. Я спаць.

І так заўсёды. Бацька ніколі не ўнікаў і не спрабаваў углыбіцца ў праблемы ўласных дзяцей. Імі займалася мама. Ён наогул быў шчаслівы, калі яго ніхто не чапаў і не турбаваў, уткнуўшыся ў тэлевізар, па якім глядзеў фільмы з DVD-дыскаў. Жыццё на экране хвалявала яго больш, чым сям'я. Для прыстойнасці скажа пару павучальных слоў, пачуўшы пра дочак што-небудзь на вуліцы ці на працы, і ўсё. Эгаіст, адным словам. Навошта тады жаніцца было, дзяцей заводзіць? Ім жа, апроч матэрыяльнай дапамогі, патрэбна і маральная падтрымка блізкіх людзей. А так атрымлівалася, што татка проста адкупліваўся грашыма, абы яго пакінулі ў спакоі. Ды ну яго, гарбатага магіла выправіць. Пайшоў спаць, хай спіць. Менш лаянкі будзе, калі Дашка ўстане. Дашка любіла лаяцца з бацькам, каб разварушыць яго неяк, часам у яе атрымлівалася, ён рабіўся вясёлым і радасным, хадзіў з ёй куды-небудзь, песціў, ганарыўся статусам бацькі, але часцей замыкаўся ад усіх, як у камеру, нікога ні бачыць, ні чуць не жадаў. З мамай усё часцей сварыўся. Без нагоды. Проста так. Яны нават спаць разам перасталі. Татка зараз пад тэлевізарам абярложыўся.

– Вера! – пачула раптам Вера Дашкін голас. – Вер!..

Старэйшая сястра паспяшалася да малодшай.

Даша пачувалася пагана, але цярпіма, толькі ў горле перасохла і дужа хацелася піць. Вера наліла ёй расолу. Даша выпіла поўную шклянку.

– Дзякуй, – аддала пустую.

– Ты як? – пацікавілася Вера, ветла ўсміхаючыся.

– Жэсць, – вымучана ўсміхнулася Даша ў адказ.

– Чаго напілася так?

– Ды сама не ведаю. Але так добра спачатку было. А потым так дрэнна…

– Гэта непазбежна пры неабмежаваным ужыванні, – вучыла старэйшая сястра.

– І чо зараз рабіць? – прасіла Даша рады.

– Ну, калі сорамна за ўчорашняе, – прамовіла Вера, – значыць, «свята» атрымалася. Ты хоць памятаеш, што нарабіла?

– Месцамі, – адказала Даша.

– Спытаеш у Тані Паўлоўскай, – падказала Вера, – яна ў падрабязнасцях распавядзе.

– Ды ўжо ж, – уздыхнула Даша. – А ты як пагуляла? – спытала.

– Афігенна! – зарумянілася Вера.

– Добра табе.

– Не зайздросць. Не за гарамі і да цябе гэта прыйдзе.

– Хутчэй бы.

– Добра, давай дуй у душ, – прапанавала Вера, – а то ты на мурзатага чарцяня падобная…

– Вер, ты калі з'яжджаеш? – перабіла сястру Даша.

– Заўтра. Мяне Цімур адвязе. А што?

– Пафарбуеш мяне яшчэ раз? – папрасіла Даша. – А далей я сама.

– Ты сур'ёзна?!

– Гэта маё, Вер, я адчуваю.