Дажджу з раніцы не было. Ноч яго спажыла цалкам, размазала па асфальце, пакінуўшы адно лужыны.

У двары, ля самых варот, дагнала Паўлоўская.

– Прывітанне, – усміхнулася.

– Прывітанне, – патупіўшы вочы, адказала Даша і засаромелася. Яна ж памятала, хоць і не ўсё.

– Ты чаго, за суботу перажываеш? – здагадалася Таня. – Забудзься і разатры.

– Праўда, ці што? – падняла вочы на сяброўку Даша.

– Вядома, – кіўнула Таня. – Клёвы прыкід, – зацаніла. – Крута!

– Тань, а хто гэты мужык, ну, які нёс мяне?… – вырашыла спытаць Даша, каб ведаць: раптам перасячэцца калі-небудзь з ім, а памятала толькі нос яго шырокі і такія ж скулы гладкапаголеныя, ды вочы зялёныя і ўважлівыя.

– А ты чо, не памятаеш? – не паверыла Таня.

– Памятаю, – няўпэўнена адказала Даша. – Але не да канца, – дадала.

– Гэта наш Мікалай Міхайлавіч, – з гонарам прамовіла Таня.

– Той, пра якога вы казалі?

– Ён самы, – ахвотна пацвердзіла Таня. – Але ты не ведаеш самага цікавага, – па-змоўніцку падміргнула. – Мікалай Міхайлавіч потым такі клас самаабароны паказаў. Хвалей наш нейкіх вырадкаў мясцовых сабраў, і яны прасачылі за намі, калі мы цябе дахаты неслі, дакладней, Мікалай Міхайлавіч нёс, а я дарогу паказвала, таму што да сяструхі тваёй не маглі датэлефанавацца. Дык вось, калі мы выйшлі з пад'езда, яны напалі на нас, прыкінь!..

– Ты чо?! – здзівілася Даша.

– Ды Ван Дам адпачывае! – захоплена выклікнула Таня. – Мікалай Міхайлавіч іх як цуцыкаў раскідаў, – працягвала. – І ўсё так хутка, прыкінь, я нават спалохацца не паспела. А адзін з нажом на Мікалая Міхайлавіча кінуўся…

– І чо?

– Ты б бачыла! – захаплялася ўспамінам і перажытымі адчуваннямі дзяўчына. – Ад аднаго позірку Мікалая Міхайлавіча той мярзотнік нож выпусціў і прасіў прабачэння, як малалетка. А Мікалай Міхайлавіч узяў мяне за руку, сказаў «да спаткання», і мы пайшлі ў Дом культуры.

– Чо ты тут сачыняеш, Паўлоўская! – дзяўчат дагналі Хвалей з Кастальцавым.

– Сачыняюць бабы на кірмашы! – адказала Таня.

– А ты, чо, не баба? – заіржаў Хвалей.

– Яна дзяўчынка яшчэ, – умяшаўся Кастальцаў. – Улаўліваеш розніцу?

– Белая, – пхнуў Дашу ў спіну Хвалей так, што тая ледзь не павалілася, – калі куртку прыйдзеш мыць?

Даша развярнулася і засандаліла яму паміж ног сваёй паласатай чорна-ружовай ножкай у красоўцы, той і войкнуць не паспеў.

– Сам памыеш! – працадзіла і пайшла далей.

Перасільваючы боль, Хвалей выкінуў нагу ў бок дзяўчыны, але прамахнуўся.

– Стой! – выгукнуў ён – Зараз вылізваць будзеш!

– Ату яе! Ату! – зацюгакаў Кастальцаў.

– Даша, бяжы! – пракрычала Таня сяброўцы.

І Даша пабегла, Хвалей – за ёй.

Дзяўчына абмінула Колю Пінокіа і ўзбегла па прыступках на школьны ганак.

Хвалей расцягнуўся на тых на прыступках.

Пінокіа падставіў яму падножку і адразу сціснуўся ўвесь ад нечаканасці, здзіўлены сваёю смеласцю, застыў на месцы.

Хвалей моўчкі падняўся і моўчкі з размаху заехаў Пінокіа кулаком у сківіцу. З рота небаракі пырснула кроў, а сам ён паваліўся на зямлю, як падкошаны. Акуляры яго зляцелі, і Хвалей дэманстратыўна раздушыў іх чаравікамі.

– Хвалей, ты чо, хворы?! – гэта Таня, яна схілілася над Пінокіа.

– Наша Таня гучна плача… – парадыруючы спявачку Таццяну Буланаву, зацягнуў Кастальцаў. – Ганаруся табой, о бясстрашны ваяр… – з іроніяй сказаў Хвалею, пляснуўшы таго па плячы.

– А чо ён, – сплюнуў Хвалей, – лезе?

– Добра, хадзем, – падпіхнуў Хвалея Кастальцаў да школьных дзвярэй, – зараз званок ужо празвініць. Белая, не развітваемся, – усміхнуўся Дашы, якая стаяла каля дзвярэй.

– Чо стала! – зыркнуў Хвалей на Дашу. – Давай ці туды, ці сюды.

Даша нічога не адказала, збочыла і спусцілася да сяброўкі, якая прыводзіла ў пачуццё Пінокіа.