– А ці табе? – усміхаўся Мікалай Міхайлавіч.

– А чо, я за настаўніка не сыду? – заіржаў той, і ўсе заіржалі.

Мікалай Міхайлавіч не стаў чакаць, пакуль на яго нападуць. Ён ударыў першым. Закон нечаканасці заўсёды спрацоўвае. Хвалей атрымаў не балюча, але непрыемна. Астатнія разляталіся ад шалёных, хуткіх і ўдалых кулакоў Мікалая Міхайлавіча, як кеглі. Не падставіўся пад іх толькі былы вязень. Ножыкам пачаў палохаць.

– Паслухай, шаноўны, – сказаў яму Мікалай Міхайлавіч, – я не хачу цябе калечыць. Давай разыдземся мірам. Твой хлапец сам вінаваты, біў па галаве дзяўчынку, хацеў пацэліць нагой у жывот. Правільна гэта, як па-твойму?

– Не, – скрыгочучы зубамі, падумаўшы, адказаў той.

– Ну так мы пойдзем? – узяў за руку Мікалай Міхайлавіч Таню, якая з жахам і захапленнем адначасова назірала за ўсім, забыўшыся нават парасонік адкрыць.

– Валі, – гэтак жа працадзіў падонкаватага выгляду малады чалавек, сплюнуўшы пад ногі.

Упэўнена чаканячы крок, Мікалай Міхайлавіч накіраваўся да Дома культуры.

– Ваша куртка, Мікалай Міхайлавіч, – працягнула яму дзяўчына куртку, пра якую ён забыўся, і забыўся б яе ў Белых дома, калі б не Таня.

А дыскатэка заканчвалася, заставалася зусім крыху – і аб’явяць апошнюю павольную кампазіцыю.

Таня забегла на другі паверх, дзе яе сяброўкі ўжо ўсё дапілі і даелі і прымаліся за ўборку.

– Ну чо там Белая? – пацікавілася Аля.

– Абрыгалася ўся, – сумна адказала Таня. – Мы яе з Мікалаем Міхайлавічам дадому праводзілі. – Потым вочы Таніны ўспыхнулі, як зоркі. – Але вы б бачылі, як Мікалай Міхайлавіч махаецца!..

– А што здарылася? – былі заінтрыгаваны дзяўчаты.

Не прапускаючы ніводнай дэталі, часам выдумляючы, Таня распавяла пра сутычку, а слухачкі слухалі яе, нібы вучні на цікавым для іх уроку, перапытваючы, дзе незразумела.

Эпізод 5

Даша праспала ўсю ноч і паўдня, раз-пораз выкрыкваючы нешта ў сне. Магчыма, змянялася як чалавек. Так бывае, засынае адзін чалавек, а прачынаецца зусім іншы. Абсалютна непазнавальны, хоць з ранейшым тварам, з ранейшымі рукамі і нагамі. Хто ведае, што ёй снілася? Вера, наадварот, амаль не спала, праседзела ўсю ноч каля Дашынага ложка ў крэсле. Паўлоўская ўсё ж датэлефанавалася і сцісла распавяла пра здарэнне з Дашай. Спачатку Вера не надала ўвагі. З кім не здараецца напіцца? Яна выдатна памятала сваю першую сустрэчу з алкаголем, якая скончылася абдымашкамі з унітазам, думала ніколі больш нават не прыгубіць спіртнога. Але ўсё неяк хутка прайшло, не пакінуўшы ніякага следу, проста не напівалася больш. У студэнцкім жыцці без застолляў ніяк, ды і з хлопцамі на цвярозую галаву праблематычна штосьці наладзіць. Таму Вера, вярнуўшыся дамоў і пераканаўшыся, што Дашка спіць, таксама лягла. Забралася на верхнюю паліцу і салодка засапла ў абдымках адчуванняў, атрыманых у машыне з Цімурам. А Дашка сярод ночы як загарлапаніць штосьці з вакальнай жаночай партыі гурта «Слот»! Вера ледзь лоб не пабіла аб столь, вырываючыся ад сну. Спусцілася, паглядзела на Дашку. Наўродзе звычайна ўсё. Пасопвала сабе тая ў глыбокім сне, лежачы правай шчакой на падушцы. Схадзіла на кухню, папіла вадзічкі, праверыла, як татка. Таго не было. Успомніла, што яму ў начную. Ён рабіў вартаўніком на масласырзаводе. Вярнулася ў пакой. Толькі хацела прылегчы, як Дашка зноў загарлапаніла штосьці «Слотаўскае», перавярнуўшыся на спіну і размахваючы рукамі, нібы ў трызненні. Сяк-так супакоіўшы малую, змочваючы ёй скроні халоднай вадой, Вера вырашыла, што лепш панаглядаць, а то яшчэ паб'ецца Дашка аб верхні ложак у незразумелым прыпадку. Так і праседзела ноч да раніцы, як сядзелка ля цяжкахворага.