Фрэска Даменіка Гірландая, адлюстраваная на блёку пошты Маўрытаніі (2003 г.)
Хрыстос як бы ідзе па беразе возера зьлева направа – «Адтуль, ідучы далей…» (Паводле Мацьвея 4:21); у левай частцы фрэскі на заднім пляне Хрыстос зьвяртаецца да Пятра і Андрэя, якія знаходзяцца ў лодцы; у цэнтры на пярэднім пляне Хрыстос, відавочна, прамаўляе свае галоўныя словы: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў». Апосталы стаяць перад Ім укленчаныя; нарэшце, у правай частцы фрэскі на заднім пляне Хрыстос ужо ў суправаджэньні Пятра і Андрэя зьвяртаецца да Якава і Яна, якія сядзяць разам зь іх бацькам у лодцы.
Марк пакліканьне вучняў апісваі так: А праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі. І сказаў ім Ісус: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі за Ім. І прайшоўшы адтуль далей, Ён угледзеў Якава Зевядзеевага і Яна, брата ягонага, таксама ў лодцы; яны ладзілі мярэжы, і адразу заклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім» (Марка 1:16—20).
«…Яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават мярэжа ў іх рвалася. І далі знак супольнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі пасобіць ім, і прыйшлі, і напоўнілі абедзьве лодкі, так што яны пачалі тануць. Убачыўшы гэта, Сымон Пётр прыпаў да каленяў Ісуса і сказаў: выйдзі ад мяне, Госпадзе! бо я чалавек грэшны. Бо жах агарнуў яго і ўсіх, хто быў зь Ім, ад гэтага ўлову рыбы, імі злоўленае; таксама і Якава і Яна; сыноў Зевядзеевых, якія былі супольнікамі Сымону. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся; ад сёньня будзеш лавіць людзей. І выцягнуўшы абедзьве лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Ім» (Лукаша 5:1—11).
Адной з самых значных прац Рафаэля стала папская замова на дзесяць габэленаў для Сыкстынскай Капэлы, якія ілюструюць Эвангельскія сцэны з жыцьця Апосталаў Пятра і Паўла. Габэлен «Цудоўная лоўля рыбы» на марцы Рэспублікі Малаві (1983 г.), малюе сюжэт аднаго з цудаў Ісуса
Што да вучняў Ісуса, то першым зь іх Лукаш згадвае ў гэтым эпізодзе Пятра. Ён і ў Рафаэля намаляваны бліжэй усіх да Хрыста. Перад Выратавальнікам Пётр стаіць на каленях. За ім Андрэй – жэст яго рук выяўляе зьдзіўленьне. Двое рыбакоў у другой лодцы, якія цягнуць сеткі, – Якаў і Ян. Трэці ў іх лодцы – іх бацька Зэбэдэй. Рафаэль малюе, як яны насілу цягнуць сець, поўную рыбы.
Цудоўная лоўля рыбы ёсць правобразам Божага пакліканьня для Апосталаў. З гэтага часу яны перасталі займацца рыбнай лоўляй, але сталі на шлях служэньня Богу – «лаўцамі чалавекаў» для Царства Божага.
Гэтая думка перададзена на блёку пошты Летувы (2000 г.). Пётр і Андрэй яшчэ трымаюць у руках сеці, але ў наступны момант стануць «лаўцамі чалавекаў»
Хоць сюжэт пакліканьня Пятра і Андрэя сустракаецца ў заходнім жывапісе найболей часта, вядомыя прыклады ілюстраваньня пакліканьня другой пары вучняў – Якава і Яна, сыноў Зэбэдэя. Аб гэтым карціна (1510г.) Марка Базаіці.
Гэты эпізод зьмясціла на сваёй марцы пошта Емену ў 1969 годзе
Хрыстос стаіць на беразе возера; Яго суправаджаюць ужо Пётр і Андрэй; з лодкі, што прычаліла да берага, выходзяць Якаў і Ян, першы ўжо схіліў калені перад Хрыстом, які благаслаўляе яго. Не гледзячы на тое што і Мацьвей і Марк, чые аповяды мог мець на ўвазе мастак, аднадушныя ў сьцвярджэньні, што Якаў і Ян пакінулі «лодку і бацьку свайго», Базаіці малюе, што іх бацька, таксама робіць крок з лодкі.
Аб пакліканьні часта думаем у кантэксьце пакліканьняў Сьвятарскіх і манаскіх. Але, ці не датычыць пакліканьне кожнага з нас? Бо ў рэшце рэшт, Бог заклікае кожнага з нас да выкананьня нашай ролі.