«Пакланеньне мудрацоў» на блёку пошты Парагваю: выява карціны Дзюрэра (1978 г.)
Выява карціны Тыцыяна «Пакланеньне мудрацоў» на блёку пошты Тэркс і Кайкос (Turks and Caicos Islands), 1988 г
Сцэна паднашэньня дароў мудрацамі стала тэмай для многіх твораў мастацтва, у якіх адлюстроўваюцца ў сымбалічны спосаб розныя ідэі. Так, пачаўшы ад сярэдніх вякоў, каралі становяцца прадстаўнікамі трох пакаленьняў: юнак, чалавек сталы і старац. Ці трох кантынэнтаў, на каторых галошана добрая навіна: Эўрапеец, Азіят і Негр.
Чаму Сьвяты, зьвязаныя з нараджэньнем Ісуса Хрыста зьяўляюцца такімі важнымі для нас?
Папершае, гэтыя Сьвяты нагадваюць нам, што Ісус прыйшоў для нас усіх. Першымі вітаюць Ісуса… пастухі. Але чаму пастухі? Праца пастуха была адной з самых пагарджаных прафэсій у тыя дні. Такія пагарджаныя прафэсіі ёсьць і сёньня. І хоць ніякая праца не ганьба, але ёсьць прафэсіі, у якіх не надта хочуць працаваць. Пастух – адна з такіх горшых прац. Але анёлы сказалі пра нараджэньне з самага пачатку менавіта пастухам. І пастухі былі першымі, каб вітаць яго.
Блёк пошты Вануату (1982 г.), на якім мастак адначасова паказаў і анёлаў, якія абвясьцілі пастухам Цудоўную навіну, і першых наведвальнікаў Дзіцяткі – пастухоў, і зорку, якая вяла мудрацоў, і самых мудрацоў ля Сьвятой сям»і
Але гэта яшчэ не ўсё. У Эвангельлі ад Мацьвея чытаем, што яшчэ хтосьці прыйшоў пакланіцца Ісусу. Хто гэта? Вешчуны з Усходу. Вешчуны – поўная супрацьлегласьць пастухоў. Людзі вельмі адукаваныя, вельмі разумныя. У тыя часы гэта Усход быў цэнтрам навукі і ведаў. Былі гэта людзі вельмі багатыя. Яны прыносяць Ісусу золата, ладан і сьмірну – падарункі каралеўскія! Раней Вешчуны спыніліся на двары караля Ірада. Гэта як калі б хтосьці сёньня спыніўся ў палацы прэзыдэнта. Не абы хто можа спыніцца пры двары караля. Толькі высокапастаўленыя асобы, вельмі ўплывовыя! Толькі тыя, хто знаходзіўся сярод эліты тагачаснага сьвету.
Значыць Ісус прыйшоў таксама і да багатых і да мудрых! Яны таксама маюць патрэбу ў ім у якасьці Збавіцеля.
Зьвярніце ўвагу, што ўсе людзі ў Ім маюць патрэбу. Ісус прыйшоў для ўсіх: багатых і бедных, адукаваных і неадукаваных, маладых і старых, мужчын і жанчын, беларусаў, палякаў, немцаў, амэрыканцаў – да ўсіх людзей. Ісус прыйшоў для ўсіх – уключаючы вас і мяне.
Гэта першая прычына, чаму гэтыя Сьвяты радасныя. Яны нагадваюць нам, што Ісус прыйшоў для ўсіх нас. Не мае значэньня што мы жывем 2000 гадоў пазьней. Ісус прыходзіць таксама сёньня і хоча зьмяніць да лепшага жыцьцё кожнага.
Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфлееме, рэакцыі былі розныя. Адны хацелі яго забіць. Напрыклад, цар Ірад. Яму не пасавала, што нарадзіўся Ісус. Ён хацеў жыць па-свойму. Сёньня таксама шмат такіх ворагаў Ісуса. Але якіх людзей было найбольш? Абыякавых. Марыя і Язэп ішлі з хаты ў хату і прасіліся на пастой. Людзі ім адмаўлялі. Гэта вобраз абыякавасьці да Ісуса. І сёньня многія людзі проста абыякавыя. Часта яны ня дрэнныя, ня злыя, як правіла, вельмі прыстойныя. Ісус стукаецца ў іх сэрца. Але кажуць, не цяпер можа быць пазьней. Былі і тыя, хто прывітаў Ісуса з вялікай радасьцю, прыйшлі яны, каб пакланіцца Яму.
Да якой групы кожны сябе аднясе?
Будзьма як пастухі і мудрацы. Прывітаем Ісуса! Запросім у сваё жыцьцё! І тады Калядныя Сьвяты стануць самымі прыгожымі ў нашым жыцьці!
Уцёкі ў Егіпет
Аддаўшы дары: золата, ладан і сьмірну, мудрацы пайшлі адпачыць і ў сьне атрымалі наказ не вяртацца да Ірада, каб не казаць яму, дзе знайшлі Дзіцятка. Таму яны іншай дарогай адышлі ў сваю краіну.
Мудрацы ў сьне атрымліваюць наказ не вяртацца да Ірада на марках пошты Італіі (1975г., панэлі з сабора Alatri – невядомы аўтар 14 стагодзьдзя) і Англіі (1971г., вітраж Кентэрбэрыйскага сабору)