З сацыялагічнага пункту гледжання, рэзкі спад у наведвальнасці Імшаў быў нармальнай і прадказальнай рэакцыяй на хутка і радыкальна перагледжаную літургію, якая моцна супярэчыла папярэдняй Традыцыі, але іронія заключаецца ў тым, што новы бліскучы абрад быў складзены якраз для таго, каб «больш непасрэдна прамаўляць» да сучаснага чалавека, чаго быццам бы не магла рабіць раздражняльна складаная, эстэтычная, рытуальная, сімвалічная лацінская літургія, якую, на думку экспертаў, «мала хто разумеў». Яшчэ ніколі натуралістычную памылку не ўдавалася прадэманстраваць настолькі яскрава. Малітвы і цырымоніі традыцыйнай Імшы з’яўляюцца ў найлепшым і найбольш поўным сэнсе слова натуральным адказам на трансцэндэнтную таямніцу Уцелаўлення. Менавіта таму гэтая Імша з’яўляецца такім дасканалым інструментам звышнатуральнай ласкі, які ўключае ў сябе натуру і ў той самы час пераўзыходзіць яе. Літургія арганічна развілася з Аб’яўлення і натхнёнага ласкай людскога адказу на яго, і менавіта таму пасля адпаведнага кантакту і высілку кожны здолее зразумець старажытны абрад, але ніхто не зможа ахапіць яго. Novus Ordo, наадварот, з’яўляецца эстэтычна-інтэлектуальным канструктам: яе эстэтыка настолькі ж бясформенна брыдкая, як і большасць касцёлаў, збудаваных у паслясаборны перыяд, а яе «даступны змест» з-за сваёй шматслоўнасці і рацыяналістычнасці (гэтыя дзве рэчы амаль заўсёды ідуць побач) з’яўляецца нудным і павярхоўным. Кожны можа гэта зразумець, кожны можа бачыць гэта наскрозь. Ці ж гэта сапраўды ўсё, на што мы здольныя дзеля таямніцы веры, якая знаходзіцца ў цэнтры сусвету?
Як вынік, на звычайнай Імшы ў рэфармаваным абрадзе ўсепаглынанне альбо адсутнічае, альбо яго вельмі мала ў абодвух сэнсах: у сэнсе свядомасці таго, што сама літургія мае дастаткова сродкаў, каб паглынуць нашыя сэрца і розум, а таксама свядомасці таго, што мы паглынаем тое, што яна прапануе. Яна не мае амаль нічога супольнага з Божым культам, са шчырым пакланеннем Богу, да якога з розным поспехам імкнуліся ўсе народы ўсіх культур у кожныя часы. Калі гэта сапраўды так, то ў новай літургіі вельмі мала што здольнае моцна прывабіць сур’ёзнага пілігрыма, які знаходзіцца ў пошуку жывога Бога: мусульманіна, які непераадольна жадае пакланяцца Усемагутнаму Пану неба і зямлі, будыйскага манаха, засяроджанага на ціхім дасягненні прасвятлення, артадаксальнага юдэя, жыццё якога ахоплена пашанай да Закону Найвышэйшага. Калі такія пілігрымы ўвогуле знаходзяць штосьці прывабнае ў каталіцкай веры ў тым выглядзе, у якім яна практыкуецца ў сучаснай парафіі, і нават навяртаюцца, то гэта найчысцейшая Божая міласэрнасць, ласка якой пераўзыходзіць абмежаванні прыроды і культуры. Новая літургія вельмі мала дапамагае ў гэтым. Параўнайце гэты смутны факт з бясконцымі гісторыямі дасаборных канвертытаў, такіх як Шарль Пэгі, якіх да каталіцкай веры прывабіла найперш ці найбольш глыбока менавіта тая святая літургія, якая калісьці служылася па ўсім свеце.
Закон спадаючай даходнасці
Прыняцце Novus Ordo і фактычнае скасаванне грыгарыянскай літургіі было асабліва неразумным з «экуменічнага» пункту гледжання28. Класічная літургія кідае выклік. Яна пытаецца: ці верыш ты ў тое, у што верыць Касцёл, ці не? Сама яе форма патрабуе адказу, і многія канвертыты прыйшлі ў Касцёл дзякуючы яго культу, таму што ён змусіў іх зрабіць выбар. Перагледжаная ж форма Імшы паводле задумы мае ў сабе пратэстанцкі элемент29. Які-небудзь пратэстант на новай Імшы можа нават адчуваць сябе настолькі ж камфортна, наколькі ён адчувае сябе на сваёй службе. Адпаведна, для пратэстантаў існуе значна