Святое Пісанне: колькасць ці якасць?

Выдатную ілюстрацыю глыбокіх адрозненняў паміж дзвюма формамі рымскага абраду можна пабачыць у тым, як кожная з іх выкарыстоўвае найвялікшы з усіх тэкстаў: боганатхнёнае Пісанне.

У традыцыйнай літургіі Святое Пісанне прысутнічае паўсюль у форме радкоў, дастаткова кароткіх, каб іх можна было запамятаць, абдумаць і далучыць да свайго малітоўнага жыцця: інтроіт, градуал, аллелюя, антыфона аферторыя, антыфона на Камунію… У старажытнай Імшы Божым словам моляцца, і моляцца глыбока, як і належыць абраду, які быў сфармаваны культурай lectio divina. У найлепшых абставінах (хоць ад гэтага і не менш нарматыўна) Божае слова спяваецца, прычым мелодыя дасканала адпавядае паэзіі лацінскай мовы. Над якімі тэкстамі ў гэтай слёз даліне (якую мы, сучасныя людзі, шукаючы больш стрэсу, ператварылі ў даліну хуткасных магістраляў і пастаянных электронных лістоў) мы можам спыніцца і паспяваць іх? Як казаў Аўгустын, «спяваць можа толькі той, хто любіць». Мы спяваем словы, якія любім, альбо словы, якія нагадваюць нам пра тых, каго мы любім. Кожны раз, калі на Трыдэнцкай Імшы спяваецца Пасланне ці Евангелле, гэта прымушае маё сэрца біцца хутчэй; гэта спеў любові, спеў чалавечага сэрца, якое трапіла ў раман са спрадвечным Словам. У новай жа літургіі Біблія амаль заўсёды чытаецца. Тут няма любоўных адносінаў; гэта размераная сустрэча, на якой трэба вырашыць пэўныя справы.

Насуперак паўсюднаму меркаванню, звычайная форма рымскага абраду таксама прапануе вернікам менш Пісання, калі казаць пра якасць. Старажытная літургія насычана Пісаннем не толькі ў зменных антыфонах і малітвах, але таксама і ў нязменных частках, і таму яна з большай моцай духоўна ўплывае на душу таго, хто моліцца. Пасланне і Евангелле старога абраду амаль заўсёды карацейшыя, мацнейшыя, больш непасрэдна звязаныя з самім святам, а таму больш эфектыўныя з пункту гледжання педагогікі31. Таму старая літургія вельмі добра надаецца для разважання і прапаведавання, заснаванага на Пісанні. Але заўважце, што паспяховай яна будзе толькі тады, калі яна застанецца тым, чым яна з’яўляецца: літургіяй, багатай і поўнай пабожнасці; яна не задумвалася як заняткі па вывучэнні Бібліі.

Рэдактары лекцыянарыя для Novus Ordo кажуць, што мэтай было дадаць «больш Пісання», каб «карміць люд Божым словам». Аднак старажытны абрад значна больш прасякнуты Пісаннем праз жывое засваенне біблійнай мовы, рытмаў, тэмаў, чым новая Імша, якая, у адрозненне ад старажытнага абраду, прабягае праз «літургію слова» без усялякай затрымкі. Таму класічны абрад з’яўляецца выдатным пастаянным катэхізатарам для тых, хто аддае сябе ў рукі малітваў і чытанняў. І ў надзвычайнай форме (калі яна рэцытаваная), і ў звычайнай форме да чытання Евангелля даходзіць праз пяць-дзесяць хвілін пасля пачатку Імшы, аднак удзельнік першай з іх будзе лепш падрыхтаваны: яго душа ўжо была апрацавана псальмам 42, двайным «Confiteor», дыялогам «Ostende nobis», узыходжаннем да алтара з дзвюма багатымі суправаджальнымі малітвамі і шматграннай калектай, якая выказвае многае малой колькасцю словаў. А ў звычайнай форме гэтая частка хуткая і раз’яднаная: знак крыжа, прывітанне, «Kyrie» (часта без «Confiteor», які так ці інакш выкарыстоўваецца ў скалечанай форме) і калекта. Няма адчування натуральнага руху, арганічнай цэласнасці; гэта больш падобна на праходжанне праз пункты плану. Затым – бах! – чытанне, якое амаль заўсёды чытае свецкая асоба, найчасцей жанчына, апранутая так, каб відавочна выпадаць з шэрагу прыслугоўваючых, нібыта мы хацелі падкрэсліць, што чытанні не з’яўляюцца часткай культу і іх сэнс не заключаецца ў прынашэнні Богу ўцелаўлёнага Слова праз святарскае служэнне