Як рэлігійны рытуал, новая Імша здзіўляе сваёй дробнасцю. Падрыхтоўка ў пачатку Імшы нязначная, нотка пакаяння настолькі слабая, што яе магла б заглушыць пралятаючая муха; першай частцы Імшы ад пачатку да першага чытання балюча не хапае засяроджання на тым, хто такі Бог, хто такія мы і што ўвогуле будзе адбывацца. Ад словаў прывітання і далей пануе лёгкая атмасфера, гарызантальны настрой і размоўны рэжым. Параўнайце гэта з радком, які прамаўляецца напачатку Трыдэнцкай Імшы з адначасовым выкананнем знакам крыжа: «Дапамога нашая ў імені Пана, Які стварыў неба і зямлю». Акрамя таго, што гэты радок яўна прызнае, што Бог з’яўляецца Творцам сусвету, ён насамрэч яшчэ больш кажа штосьці пра душу чалавека, пра яе бездапаможнасць, пра яе патрэбу ў Богу. Дзе ў Novus Ordo тая ж патрэба, тая ж туга, тая ж мальба да Найсвяцейшай Тройцы? У літургічнай мове новай Імшы практычна адсутнічае вага, змест і сур’ёзнасць, якія павінны быць у гэтым месцы. Нават выкарыстанне біблійнай мовы і фразеалогіі на працягу ўсёй літургіі было вычышчана і перанесена ў рацыяналістычны, масіўны лекцыянарый, з якім літургія амаль не звязана і які не надаецца да запамінання.
Усепаглынаючая малітва
Аднойчы ў Еўропе я ўдзельнічаў у адной літургіі: яе цэлебраваў святар, які размаўляў па-нямецку, але я не вельмі добра яго разумеў, таму што яго вымаўленне адрознівалася ад таго, што я вывучаў у школе. Я больш-менш разумеў, пра што ён кажа, але дэталі губляліся. Аднак гэта аказалася цікавым адукацыйным досведам. Пабыўшы пасіўным адбівацелем гуку, я вельмі добра зразумеў, наколькі вербальнай, манатоннай і аднароднай можа быць новая Імша. Уся яна ад пачатку да канца была амаль бесперапыннай плынню словаў. Дапаўняе ж карціну тое, што я таксама меў магчымасць прысутнічаць на многіх Трыдэнцкіх Імшах у Еўропе, і мой досвед быў цалкам супрацьлеглы: малітвы – о дасканалая разважлівасць і прастата! – былі тымі самымі незалежна ад роднай мовы святара; гэта было нібы вяртанне дадому, цёплае прывітанне, суцяшэнне; Імша была і адчувалася як паўторнае ўпрысутненне ахвяры Кальварыі, у якім я, нягодны грэшнік, мог удзельнічаць з усёй уважлівасцю маёй душы, у кампаніі Найсвяцейшай Дзевы Марыі, св. Яна і ўсёй супольнасці анёлаў і святых.
Хоць касцёльная іерархія працягвае рабіць выгляд, што паслясаборнага крызісу, звязанага з рэформай Імшала, няма і ніколі не было, шматпакутныя каталікі на зямлі вельмі добра ведаюць пра існаванне крызісу вялікага маштабу. Жудаснае падзенне наведвальнасці Імшаў не было выпадковым ці выкліканым толькі знешнімі фактарамі; у ступені большай, чым гэта асмельваюцца прызнаць пастыры Касцёла, яно было выклікана вельмі банальным набажэнствам з Камуніяй, якое, як здавалася, замяніла Найсвяцейшую Ахвяру. Гэты фактар паўплываў на многіх хісткіх вернікаў у 1970-я гады і канчаткова адштурхнуў іх ад наведвання Імшы.
Але былі і больш трагічныя выпадкі глыбока адданых каталікоў, якія любілі старую Імшу і былі скрушаны, здзіўлены, шакіраваны, абураны і раззлаваны раптоўнымі зменамі – тымі зменамі, што вырвалі іхнія сэрцы з найдаражэйшай для іх рэлігійнай практыкі і мелі нахабства ўстанавіць на яе месцы эрзац-рытуал, цырк эксгібіцыянізму. Цягам гадоў я размаўляў з многімі такімі адкінутымі каталікамі – людзьмі, якія ніколі не змогуць забыцца пра тое, што святары і біскупы зрабілі з каталіцкім жыццём і культурай, з Імшою, з верай. Літургічная рэформа пакінула па сабе незлічоныя магілы параненых і зламаных душаў, пра пакуты якіх – ці то страту веры, ці то гераічнае захаванне веры – мы даведаемся толькі ў наступным свеце, на Апошнім судзе, калі ўсё схаванае будзе зроблена яўным.