не сустракалася тэксту, які не быў бы дакладна прадпісаны; усё, што святар і люд павінны былі гаварыць ці спяваць, было дакладна і адназначна дадзена ім. Тое самае назіраецца і ў традыцыйным лацінскім абрадзе, а таксама ў кожным гістарычным абрадзе Каталіцкага Касцёла ці праваслаўных супольнасцяў. Заахвочваць і нават дазваляць спантаннасць у святой літургіі – гэта чыстая і адназначная навінка. Ёзаф Ратцынгер добра заўважыў: «Веліч літургіі залежыць… ад яе неспантаннасці (Unbeliebigkeit26. Калі здагадкі гісторыкаў верныя, то ў раннія стагоддзі мясцовыя Касцёлы маглі ў пэўнай ступені імправізаваць, але гэта быў адносна кароткі час, пасля якога літургічныя тэксты ў розных абрадах пачалі прадпісвацца адпаведнай касцёльнай уладай, а іх фармуляванне стала лічыцца нармальнай справай. Як у веравучэнні, так і ў літургіі Святы Дух вядзе Касцёл да паўнаты праўды; стабільнасць літургіі, стрыманасць святара і ўрачыстасць рытуалу з’яўляюцца яўнай часткай гэтага працэсу навучання – працэсу пакорнага памяншэння ў сферы «крэатыўнасці», каб наш Пан, уцелаўлёнае Слова Праўды, мог зрабіцца вялікім у сваёй дамінуючай, жыццядайнай Прысутнасці. Біскупы і святары ні ў якім разе не з’яўляюцца ані аўтарамі, ані імправізатарамі, а толькі спадкаемцамі і распарадчыкамі гэтага дару. Як бы таленавіта ў іх ні выходзіла паэтычнае ўпрыгожванне Імшы, яны з’яўляюцца слугамі спадчыны і зазвычай нікім болей27. Калі тэксты былі ўкладзены і зацверджаны, ужо не застаецца ані магчымасці, ані патрэбы для слоўнай імправізацыі.

Слова супраць шматслоўнасці

Рэфармаваная рымская літургія ў тым выглядзе, у якім яна цэлебруецца сёння ў большасці касцёлаў, вельмі часта рэцытуе прадпісаныя тэксты і вельмі мала спявае тыя ж тэксты, а таксама ўключае ў сябе надта мала цішыні – найлепшага спадарожніка спеву. У Боскай літургіі св. Яна Хрызастома падчас набажэнства выкарыстоўваецца вельмі вялікая колькасць літургічнага тэксту, нашмат больш, чым у Трыдэнцкай літургіі, аднак увесь гэты тэкст успрымаецца роўна, таму што, з аднаго боку, вернікі і кантары спяваюць большую яго частку, а з іншага боку, у алтарнай частцы святыні святары і дыяканы ціха рэцытуюць іншыя малітвы. Кожны ведае альбо можа лёгка даведацца, што гэта за «прыватныя» малітвы, таму не ствараецца ўражання непраходнага раздзелу паміж духавенствам і свецкімі вернікамі. У выніку ствараецца такі эфект, нібы з розных крыніцаў, як дым кадзіла, уздымаецца адзіная хваля малітвы на хвалу Найвышэйшага Бога. Тое самае датычыцца ўрачыстай спяванай Імшы ў надзвычайнай форме рымскага абраду. На ёй многія літургічныя тэксты спяваюцца ўголас (антыфоны, Kyrie, Gloria, Пасланне, Евангелле і г. д.), тады як святар і іншыя служыцелі ціха прамаўляюць свае ўласныя малітвы. Рымская Імша больш стрыманая і ўмеркаваная, чым яе візантыйскі аналаг, аднак іх падабенства можна лёгка бачыць у паэтычнасці жэстаў, у паліфоніі і шчыльнасці малітваў, у прыгажосці ўбрання і спеваў, у агульнай атмасферы боскай таямніцы.

У параўнанні са сваім сучасным аналагам, традыцыйная Імша з’яўляецца парадаксальнай літургіяй, бо яна мае больш тэксту, але менш шматслоўнасці. Калі паглядзець у кнігі, там будзе больш малітваў, больш лексікі, аднак, несумненна, агульнае ўражанне будзе такім, быццам шматслоўнасці, «тэкставасці» ў гэтай Імшы менш, чым мы адчуваем у выпадку Novus Ordo. Растлумачыць гэты парадокс даволі лёгка. Па-першае, як і ў выпадку ўсіх традыцыйных літургій, незалежна ад абраду, у usus antiquior ёсць шмат малітваў, якія святар чытае ціха альбо прыцішана, пакуль адбываюцца іншыя рэчы альбо гучаць спевы. Novus Ordo са сваім рацыяналізмам, характэрным для ўсіх навінак, патрабуе, каб амаль усё прамаўлялася гучна і, што яшчэ горш, абвяшчалася ўсяму свету. З-за гэтага ўся Імша можа выглядаць, як пабожная прамова, асабліва ў касцёле з мікрафонамі, гаманлівым цэлебрантам альбо і тым, і іншым.