.

Місія аднаўлення традыцыйнай Імшы (а для тых, хто пакліканы да гэтага, яшчэ і паралельная праца па «рэфармаванні рэформы») надзвычай складаная. Перад абліччам пастаяннага бязлітаснага супраціву з боку пэўных біскупаў і святароў, якія пасвяць (калі можна ўжыць такое слова) недавыхаваных і нецікаўных вернікаў, мы часам можам трапіць у спакусу роспачы альбо прынамсі адчуць знеахвоту. У такія часы, як гэты, калі наш рух асветлены новай надзеяй і энергіяй, але сутыкаецца з супрацівам і вялікімі перашкодамі, нам трэба часта нагадваць сабе пра тое, што поспех прыйдзе (і можа прыйсці) толькі ад Таго, Хто з’яўляецца ўсемагутным. «Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма» (Мк 10:27). Якім бы ні быў наш прыжыццёвы літургічны лёс, якім бы ні быў поспех у нашым змаганні, мы ведаем, што Хрыстус, наш Кароль, у сваіх пакутах, уваскрасенні і ўнебаўшэсці ўжо перамог свет і чакае, калі мы далучымся да Ягонай перамогі. «Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16:33). Гэты свет няспыннай барацьбы – гэта наш выпрабавальны палігон, на якім наш Пан правярае нашую вернасць справам Праўды (пар. Ян 18:37). Пасля добрага змагання, пасля знішчэння плямы нашых грахоў мы перанясемся ў святыню, не людскімі рукамі збудаваную, да трона, які няможна разбурыць, да алтара, які ніколі не будзе перасунуты – да невымоўнай прыгажосці Хрыста, да Бога бясконцага суцяшэння і хвалы, Якому «благаслаўленне і слава, і мудрасць, і падзяка, і пашана, і сіла, і моц… на вякі вякоў. Амэн» (Ап 7:12).

Раздзел 2. Слова Бога і шматслоўнасць чалавека

Аднойчы мне на думку прыйшло такое параўнанне: імправізаваныя прамовы падчас парафіяльнай Імшы на народнай мове – гэта літургічны эквівалент разрастання прыгарадных раёнаў.

Многія з нас сустракаліся з выпадкамі разрастання казанняў. Я хацеў бы ўзгадаць два прыклады, якія варта прывесці менавіта таму, што святары, пра якіх я кажу, былі ў кожным сэнсе вернымі і пабожнымі і насамрэч верылі ў Сапраўдную Прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі. Можна было б прывесці і прыклады няверных святароў; аднак тут я хачу паказаць, што штосьці не так менавіта з абрадам Імшы, калі ён незаўважна ўплывае на кожнага цэлебранта і той робіцца прамоўцам, а не перадатчыкам. У першым выпадку святар перад малітвай «Ойча наш» сказаў не «памятаючы збавенныя запаведзі і Божым настаўленнем навучаныя, асмельваемся казаць» ці штосьці падобнае, а вось што: «Сабраныя нашым Збаўцам Езусам Хрыстом як Божая сям’я, мы слухаем Яго і вучымся Яго малітве, у якой мы просім аб выкананні Божай волі і молімся аб ласцы прабачаць тым, хто зграшыў супраць нас і супраць нашых любімых, у той самы час пакорна просячы Пана прабачыць нам тыя моманты, калі мы падводзілі Яго». У іншым выпадку, гэтым разам перад «Пане, я не варты», іншы святар прамовіў такую імправізацыю: «Вось Езус, наш брат, добры пастыр, рахманае Ягнё, Ён бярэ на сябе грахі свету, Яго Кроў адкупляе нас, а да Яго Цела – Касцёла – мы пакліканыя як браты і сёстры. Мы маем шчасце і благаслаўленне раздзяляць гэтую вячэру, але паколькі мы часам падводзілі Яго, цяпер мы молімся: Пане, я не варты…»

Чуючы такія пакручастыя экстрапаляцыі імшальных тэкстаў усё сваё жыццё (я нарадзіўся ў год Пана 1971, калі мастацкі густ, верагодна, дасягнуў такога дна, ніжэй за якое яму не дазвалялі апусціцца законы метафізікі), я ўвесь час здзіўляюся, што Папа і біскупы дагэтуль не ачунялі і не забаранілі ўсе падобныя імправізацыі яшчэ шмат часу таму. Ужо дарослым, падчас шчаслівых момантаў наведвання Боскай літургіі св. Яна Хрызастома і іншых візантыйскіх літургічных набажэнстваў, я не мог не заўважыць, што там