– Я гатовы рэгулярна дастаўляць вам касматэістычныя кнігі па невысокім кошце: скажам, пяцьсот асобнікаў за дзьвесьце альдэраў. Першая партыя – дармовая. Проста вазьміце іх на распаўсюд. Упэўнены, паспаліты люд Номільну ўпусьціць касьмічную любоў у свае сэрцы.

– Дайце-тка зірнуць, – грандмайстра відавочна больш зацікавіла форма, чымся зьмест кнігаў. Ён хуценька прагартаў адную, памацаў і панюхаў старонкі. – Што за матарыял?

Каўрыт каротка расказаў пра паперу.

– Узбагачаная цэлюлёза? Адмысловае напыленьне для трываласьці? Цікава-цікава…

Слатэрэт паказаў Рэўбальду на торбу з кнігамі і аддаў загад на таемнай цэхавай гаворцы, якую кніжнікі выкарыстоўвалі міжсобку. Прыслужнік падхапіў торбу й сышоў.

– Чым яшчэ магу вам дапамагчы, фар Утальтат? На жаль, я маю ня так багата часу…

– Фар Экраск, як я ўжо апынуўся ў Кніжным цэху, дык, з вашага дазволу, быў бы рады пачытаць усё, што вы маеце пра рэлігіі Анкегу.

– Ня бачу жаднае перашкоды. Вам прынясуць паесьці, пакуль Рэўбальд зьбярэ патрэбныя кнігі. Можаце бавіць у гэтым пакоі столькі часу, колькі палічыце патрэбным.

Неўзабаве прынесьлі ежу, відавочна разьлічаную на іншаплянэтнікаў: ягадны рулет у паніроўцы й запечаны зь мёдам хвост яшчура. У пакоі стала адчувальна цяплей. Каўрыт з насалодаю прыклаў рукі да прагрэтае цэглы коміну.

Рэўбальд прыцягнуў стос кнігаў на вазку, калі ад хвасту на талерцы засталіся адно косткі й храсткі. Каўрыт паглыбіўся ў чытаньне: пакланеньне забітым продкам на Гульмаскай раўніне, мэдытатыўная філязофія аўрпэнтаў, акультны канібалізм у пячорах Арліі, цьмяныя абрады велярыбных выспаў…

Ён падняўся з-за сталу, калі Клінд і Ўурд цалком схаваліся ў водах Эйтэрычнага акіяну, а незьлічоныя зоры ўшпілялі чорнае неба над Номільнам.

Праходзячы вітальняю першага паверху, Каўрыт з жахам уваччу заўважыў паразьдзіраныя асобнікі «Сямі касьмічных шчыротаў». Яны ляжалі на падлозе ля палаючага каміну.


Чоўнік выйшаў з анкегскае атмасфэры й на арбіце прыстыкаваўся да гмаху Вандроўнае Царквы Касматэізму. З шлюзу выйшаў Каўрыт Утальтат у рытуальным чорным убраньні і ўпэўнена скіраваўся ў Зорны прыдзел. Там, гледзячы ў панарамнае вакно на туманнасьць Парабрамы, стаяў Патрыярх Вірмецаль.

Каўрыт паважліва схіліў галаву й прыклаў левую руку да выявы Вялікага выбуху на правым плячы.

– Вашая патрыяршая міласьць, безнадзейны выпадак. Я наведаў адзін кантынэнт з чатырох, але й гэтага было задосыць. Плянэта блюзьнераў! Там квітнеюць апатэістыя, паганцы, агностыкі, анімістыя й ліха ведае хто яшчэ. Колькасьць дробных гарэтычных культаў не паддаецца падліку. Агульнакасьмічная мараль гэтым вылюдкам невядомая ўвогуле.

Патрыярх Вірмецаль павярнуўся да яго:

– Культурная каштоўнасьць?

– Блізкая да нулю.

– Місіянэрская дзейнасьць?

– Немажлівая.

– Рызыка распаўсюду гэрасі?

– Значная.

– Што вы прапануеце, мой касьмічны браце?

– Стандартную працэдуру, вашая патрыяршая міласьць.

Вірмецаль падняў рукі далонямі ўверх і ўрачыста прамовіў:

– Няхай міжзорны пыл прыме небаракаў у свае абдоймы й даруе ім новае жыцьцё ў пазаплянэтнай гармоніі.

Каўрыт Утальтат, брат-дабрадзей інквізытарскае місіі Касьмічнае любові, падышоў да аналою, прабегся пальцамі па клявішах і зьвярнуўся да бартавога кампутару:

– Панплянэтная анігіляцыя.

Ліст да Сатан Кляўса

Калядаў я не люблю. Старажытныя паганскія сьвяты, вылегчаныя й перакручаныя абрагамічнымі рэлігіямі, губляюць, як на мяне, усялякую глыбіню й прывабнасьць, а рэлігія рымскіх рабоў, якая паразытуе ў гэтай частцы сьвету, не выклікае нічога, акром гідлівасьці. У хрысьціянства, здаецца, увогуле нічога свайго няма: усё скрадзенае ў папярэднікаў. Не люблю таксама каляднае крывадушнасьці, калі, прыкладам, блэк-, дэз-мэталістыя, якія сьпяваюць оды сатанізму й мізантрапіі й ня маюць жаднага прамацыйнага здымку безь перагорнутага крыжу, ладзяць у сьнежні калядныя распродажы мэрчу й зычаць у сацыяльных сетках «шчасьлівых сьвятаў». Потым, калі іх тыкаюць носам у несупадзеньне словаў і дзеяў, апраўдваюцца, маўляў, сьвяткуюць яны старажытны Ёль ці нейкія «атэістычныя Каляды».