На прагаліне ў заходняй частцы лесу за гарамі Прэмарда было насыпанае ладнае ўзвышша, мошчанае глінай. Там і адбывалася капаваньне, якое гледачы спасьцерагалі зьнізу. На ўзгорку мелі права знаходзіцца адно друіды. Яны сядзелі на касьцяных лавах, што месьціліся па абводзе насыпу, і былі абароненыя ад сонца й непагадзі разьвіслымі галінамі попельных дрэваў, якія абкружалі копішча, пакідаючы прасьвець адно над цэнтрам. Там камянямі было абведзенае кола, дзе стаялі падвіноўныя.

Менавіта іх імкнуўся разгледзець чалавек у шараку.

– Гэй, драбяза, куды ўбіваешся?

Яго пхнуў нехта зь мясцовых, але ён не здаваўся. Даў нырца пад локці суседзяў сьпераду й прасунуўся на колькі мэтраў бліжэй.

Адтуль былі відаць лавы, на якіх сядзелі друіды ў цёмна-зялёных хламідах.

– Прапусьціце наперад гэнага паўшабэлка, аджа зара ўсе ногі паадтоптвае!

Пад лаянку з розных бакоў яго выпхнулі, даўшы шчырага падзадку, у пярэдні шэраг. Адтуль ён нарэшце змог разгледзець падвіноўных у коле камянёў.

Першы быў ссушаным старым інтэлігентнага выгляду, другі, маладзейшы – пэўна, ягоным сынам. Абодва падаваліся напалоханымі й зусім безабароннымі. Вяроўкі сьцягвалі іхныя рукі.

Гларпларла, адная з друідак на лавах, абкінула вокам натоўп зьнізу, убачыла прызёмістага чалавека ў шараку й махнула рукой:

– Га, бард архіпрынцэпса Трамольца з Хівіскае аўтаркіі! Зусім на вас забылася… Вы хацелі былі паглядзець на нашыя абрады. Нагадайце-тка мне ймя.

– Каўрыт Утальтат, ваша мосьць.

– Падымайцеся да нас. Вам трэба пабачыць усё ў падрабязнасьцях, каб адлюстраваць у песьні як мага дакладней. Народ Хівіі і ўсяе Гульмаскае раўніны мусіць ведаць пра запраўднага бога й пра тое, што чакае яго ганьбавальнікаў.

Каўрыт залез на пагорак і падышоў да кола камянёў. У самым цэнтры ён убачыў глыбокае правальле шахты з адкінутым вечкам: на дне было відаць нешта накшталт моху.

Тымчасам распачалося капаваньне. Найвышэйшы друід зачытаў доўгую цьмяную прамову й паказаў пальцам на падвіноўных.

– Гэтыя блюзьнеры вінавацяцца ў тым, што пры сьведках адмаўлялі боскую існасьць Міцэлію, а адбіткі ягоных гіфаў у ночным небе называлі іншасьветамі, якія населеныя гэткімі ж стварэньнямі лесу, як мы. Яны называлі космас калыскаю чалавецтва.

Натоўп унізе загаманіў, але друід працягваў, узьняўшы голас:

– Прапаную кару: хай гарэтыкі зьяднаюцца з тым, што адмаўлялі, і прарастуць грыбамі Праўды.

Астатнія друіды ўхвалілі вырак узьнятымі рукамі.

– Падвіноўныя, ці маеце вы што сказаць перад пачаткам рытуалу?

Стары, пыкаючы, прамовіў:

– Нашто так пасьпяшаць зь непапраўнымі дзеямі? Так, мы з вамі без сумневу маем пэўныя анталягічныя разыходжаньні, але іх можна разглядаць як нагоду для дыялёгу, а ня сварак. Праўда можа нарадзіцца праз новыя сьветаглядныя канцэпцыі. Мы, у сваю чаргу, з увагай паставімся да вашых традыцыйных… м-м-м… прымхаў.

Найвышэйшы друід ніяк не адрэагаваў. Стары пасьпешліва дадаў:

– Калі вы ставіце пытаньне рубам, мы бясспрэчна гатовыя прызнаць боскасьць Міцэлію і адмовіцца ад касматэістычнае гэрасі.

– Вашыя развагі безумоўна цікавыя й павучальныя, але ў гэты момант пазбаўленыя будзь-якое практычнае каштоўнасьці. Скіньце іх у Міцэлій.

Два друіды кіямі сапхнулі падвіноўных у шахту. Каўрыт з асьцярогаю падышоў да краю і ўбачыў, як гіфы грыбніцы аплятаюць целы небаракаў і накрываюць іх сваёю масай. Спачатку былі чуваць жахлівыя крыкі, потым яны сьціхлі.

Усе друіды падняліся на ногі й пачалі хорам паўтараць за найвышэйшым:

– Хай распачнецца Трансфармацыя. Хай зьяўленае Існае прачнецца ў вантробах злачынцаў, пачне йрваць кіндзюкі й сілкавацца іхнымі ўспамінамі. Хай іх спаралізуе жах перад Абсалютам. Загніваючыя судзіны іхных целаў няхай стануцца караблямі экзанічных мутацыяў, а вэктарная інфэкцыя зьвяжа нуклеазы гамалягічнае адбудовы ў цэлевым локусе. Хай яны прарастуць грыбамі, якія дазволяць нам убачыць сьвет як ён ёсьць. Узрадуймася й прывітайма Трансфармацыю!