Не люблю я, адпаведна, і калядных апавяданьняў. Ані пісаць, ані чытаць. Усе яны выглядаюць штучнымі і актуальнымі раз на год, як вершы на дзень народзінаў дырэктара, што лісьлівыя падначаленыя перадзіраюць з інтэрнэту, падстаўляючы ў шаблён патрэбнае ймя.

Але лёс склаўся так, што каляднае апавяданьне я напісаў. Ды не адно – два. Абодва ёсьць у гэтым зборніку. У апраўданьне магу сказаць, што яны настолькі ж калядныя, наколькі антыкалядныя.

Вось першае зь іх.

О шаноўнаяны Сатана!

Я хачу, каб гэты ліст патрапіў да цябе, хаця Джэй Сі кажа што нуй бздура, але я ўсё адно думаю што патрапіць. А калі яго расьпячатаюць твае памагатыя чэрці, дык хай перададуць табе, але я ўсё адно напісаў на капэрце што асабіста для Сатаны.

Сатана, я спачатку хацеў быў напісаць Санта Кляўсу, як раней, але Білі даў мне пстрычку і назваў ёлупнем. Білі мой старэйшы брат, ён ужо вялікі і б’е мяне, як назаву яго Білі, але калі ў добрым гуморы, можна зваць проста Білам, а так увогуле Ўільямам. Ён сказаў што лепш бы ты напісаў Сатан Кляўсу, а ня Санта, прытырак, га-га-га. Гэта цытата. Білі дурань, але я яго паслухаўся.

Я штогод пісаў Саньце, але мамцы лягчэй ня стала. Ён заўжды пакідаў мне ў падарунак робленыя швэдры (колкія!) і вопратку, а ня тое што я прасіў. А яшчэ Білі кажа што ён пазёр і педзік у чырвоным каўпаку і не йснуе. Я ўсё ж такі думаю Санта йснуе. Але ты йснуеш напэўна, я ведаю.

Я бачыў у Білі кніжку, яна завецца «Д’ябал», а аўтар Рабэр Гуё, ён француз. А Д’ябал і Сатана гэта адное й тое ж, як Санта Кляўс і Сьвяты Мікалай. Там на вокладцы ты сядзіш голы і ў цябе вялікая піпірка да калена, і яна ўся пазарасла валосьсем, яе амаль не відаць. А ў мяне там валосьсе яшчэ не расьце, а ў Білі ўжо ого-го, я бачыў, як мы ўлетку хадзілі ў паход і купаліся голыя, а Джэй Сі кажа ў яго запраўдны гушчар, але я ня веру – ён заўжды прыбрэхвае, а потым кажа што не.

Сатана, а калі ты надзяваеш нагавіцы, ты ў якую калашыну запраўляеш матню – у правую ці ў левую? А ці носіш шорты? У пекле ж мусібыць горача, Білі кажа там лява і гіена вогненая. А твая піпірка тырчыць з шортаў ці як? Калі тырчыць, дык відаць сьмешна выходзіць.

Ты не падумай, я тут сьмешкі ня строю. Проста цікава.

А яшчэ я слухаю KISS. Я ўзяў кружэлку ў Білі, ён кажа дзіцячы садок, а мне падабаецца. І я ведаю што значыць KISS: Kings In Satan Service. То бок ты йснуеш, я ведаю. А яшчэ ў Beatles ёсьць белы альбом, а айцец Філіпс называе яго д’ябальскім альбомам. Я люблю Beatles, а Білі кажа дзіцячы садок. Айцец Філіпс кажа Black Sabbath заключылі пакт з Д’яблам, а Джымі Пэйдж цемрашал і чорны маг. Ну ня ведаю.

Білі басіст. У іх з Джэфам і Трэвам свой гурт. Назву ня памятаю, штосьці такое, ну, мудрагелістае. Білі кажа яны валяць акультавы флёрыдзкі дэзьняк. (Папраўдзе, дык Білі і граць не сказаць каб умее.) Але гэта між намі, Сатана. Дзеўкі жаж вакол музыкаў труцца, а гэта галоўнае, ну ты ў тэме. І лягатып у іх прыгожы, там пэнтаграма і крыжы перагорнутыя. Білі кажа па Сатане!

Потым яшчэ Джэй Сі прынёс быў Сатанінскую Біблію да Тома на выходныя. Яе напісаў Антон Ля-Вэй, ён не француз, проста імя такое. Білі кажа ён пазёр і педзік. Білі дурань. Мы чыталі яе ў цемры, у нас была сьвечка. Джэй Сі кажа ён бачыў у нас за сьпінамі цень Люцыпара (то бок твой цень, Сатана!), але я яму ня веру. Я думаю гэта была Томава котка.

Таму я вырашыў напісаць табе, а ня Санта Кляўсу. Санта нудны. У маёй асадцы скончыўся атрамант.

А айцец Філіпс зь нядзельнае школы кажа што вы мусіце павярнуць свае сэрцы да Езуса і Езус ёсьць любоў. І мы мусім працівіцца спакусам Нячыстага (то бок тваім спакусам, Сатана!) і што на гэта здольны толькі чысты духам. Айцец Філіпс мне не даспадобы. Білі кажа ён пазёр і педзік у расе. Білі дурань, але як на мяне айцец Філіпс дакладна педзік.