Вядома, што літоўскі даследчык Артурас Дубоніс бачыць у гэтым «Каралеўстве» Полацкае княства. У сваёй працы «Дзве мадэлі літоўскай экспансіі на Русі (XIII – пачатак XIV стагоддзя)» гісторык піша:
«З Даніілам Міндоўг жыў у мiры, таму пантыфік не мог дабраславіць літоўскую экспансію ў гэтым напрамку. Іншым Рускім каралеўствам, якое апынулася ў цэнтры ўвагі Міндоўга, магло быць толькі Полацкае княства».
Звяртае на сябе ўвагу некалькі наіўнае сцвярджэнне Дубоніса аб тым, што Папа чамусьці павінен быў кіравацца, у сваім зацвярджэнні за Міндоўгам захопленых рускіх земляў, станам перамір'я літоўцаў з Даніілам Галіцкім, хоць галіцка-валынскія князі і Міндоўг бясконца хадзілі па крузе перамір'яў і новых войнаў, а Папу, як вынікае з булы, цікавілі новыя, даступныя для хрысціянізацыі, вобласці, якія межавалi з «Каралеўствам», і менавіта таму ён зацвердзіў захопленыя тэрыторыі за Міндоўгам. У такой сітуацыі патэнцыйнага росту каталіцкага ўплыву, Апостальскую Сталіцу наўрад ці збянтэжыў бы канфлікт Міндоўга і Данііла, для спынення якога, у Папы так цi iнакш не было абсалютна эфектыўных сродкаў. У дадзеным выпадку нам, аднак, важней упэўненасць доктара Артуруса наконт таямнічага «Каралеўства».
Рускі гісторык А. В. Маёраў, у сваёй працы «Первая уния Руси с Римом. Часть 4» таксама вельмі ўпэўнена называе ўладанні Аляксандра Неўскага тымі самымі загадкавымі землямі з булы пантыфіка. У публікацыі Маёрава чытаем:
«Дазвол Папы на захоп рускіх земляў, дадзены літоўскаму каралю ў буле „Catholice fidei cultum“, несумненна, меу на ўвазе землі ў іншай частцы „Рускага каралеўства“ і быў накіраваны супраць іншага ўладара Русі – наўгародскага і ўладзімірскага вялікага князя Аляксандра Неўскага».
Такім чынам, Дубоніс упэўнена называе «Каралеўства» Полацкім княствам, а Маёраў упэўнена гаворыць аб тым, што гэта ўладанні знакамітага Аляксандра Неўскага.
Аўтар гэтых радкоў, падводзячы своеасаблівы вынік пад упэўненымі выказваннямі калегаў, можа тут таксама ўпэўнена заўважыць, што «Каралеўства Русі», як бачна з вышэйпрыведзеных цытат, застаецца прадметам спрэчкі спецыялістаў, і булла Аляксандра IV не можа служыць доказам захопу менавіта Наваградка, хоць нейкія рускія землі літоўскі князь, відаць, сапраўды далучыў з дапамогай ваеннай сілы.
Була Папы, пры гэтым, застаецца, па меркаванні аўтара, найболей важкім, ці, кажучы сціплей, адным з найболей важкіх аргументаў на карысць захопу гарадоў Панямоння.
Што ж, раней даследчыкі не мелі і такога, бо захоп Навагрудка выводзіўся проста на падставе з'яўлення літоўскага нобіля ў славянскім горадзе.
Цяпер трэба звярнуць увагу на аргументы супраць захопу Навагрудка літоўскімі рацямі.
Аўтар хоча, кажучы ў паўжартаўлівым тоне, звярнуцца да «гістарычнай прэзумпцыі нявіннасці», то бок заявіць, што захопу горада не было, пакуль гэты захоп не даказаны.
У прынцыпе, можна было б нават абмежавацца такім падыходам.
Варта адзначыць, што зацяганае ў гістарычнай літаратуры сцвярджэнне аб запрашэнні наваградскім баярствам Міндоўга да сябе на княжанне не мае ўвогуле ніякай асновы ў пэўных дакументах. Гэта добры прыклад пераходу звычайнай хісткай гіпотэзы ў разрад фактаў, гэта значыць узор гістарычнага міфа.
Аднак у якасці аргумента на карысць добраахвотнага аб'яднання тут дарэчы згадаць некаторыя дакладныя летапісныя звесткі.
Вядома, што адным з важкіх аргументаў на карысць добраахвотнага прыняцця балцкага ўладара-паганца ў славянскім горадзе можа служыць хрышчэнне манарха. Справа ў тым, што гісторыкам вядомая сітуацыя, у якой хрышчэнне было звязана з мірным прыняццем літоўскага князя, і яна выдатна задакументавана ў пэўных крыніцах. Гаворка, зразумела, аб хрышчэнні забойцы Міндоўга, пскоўскага князя Даўмонта, які прыняў хрысціянскую веру і выдатна служыў ўзяўшым яго да сябе пскавічам, пакінуўшы аб сабе добрую памяць. Добрую настолькі, што былы язычнік нават быў кананізаваны і стаў святым рускай праваслаўнай царквы.