Акрамя продкаў літоўцаў і беларусаў, на пэўных адрэзках існавання ВКЛ, у эліце былі вельмі заўважныя члены польскіх родаў, напрыклад, Патоцкія.

Немалую вагу мелі прадстаўнікі нямецкай арыстакратыі, у прыватнасці: Дэнгафы, Тызенгаўзы і Плятэры.

Некаторыя магутныя славянскія роды, такія як Кішкі і Весялоўскія, выводзіліся з памежжа ВКЛ і Польшчы, і, адпаведна, тут дарэчная дыскусія аб іх этнічнай прыналежнасці.

Іншыя шляхетныя магнаты: Тышкевічы і Пацеі паходзілі з беларуска-украінскага памежжа.

У ВКЛ былі роды татарскага паходжання, дваранства з Маскоўскай Русі, уплывовы італьянскі род Сцыпіё-дэль-Кампа, і нават яўрэйская, паводле паходжання, шляхта.

І ўсё ж менавіта продкі беларусаў і літоўцаў далі Літве найбольшую колькасць уплывовых саноўнікаў.

Варта асобна згадаць найбольш магутных людзей, якія не належацлi да вялікакняскай дынастыі, але ўзнімаліся да ўзроўню фактычных ўладароў ВКЛ.

Велізарным аб'ёмам моцы валодаў, напрыклад, Мікалай Радзівіл Стары, які заклаў падмурак пад магутнасць свайго роду.

Бенедыкт і Казімір Ян Сапегі фактычна з'яўляліся некаранаванымі манархамі падчас гегемоніі іхняга роду ў Княстве, калі прадстаўнікі дома займалі амаль усе ключавыя пасады ў літоўскай частцы Рэчы Паспалітай.

З яшчэ адным «неафіцыйным манархам» звязана вельмі расцягнутая ў часе, займальная гісторыя.

У 1269 годзе нямецкія крыжакі сустрэліся ў бітве з літоўцамі на чале якіх стаяў вялікі князь Тройдзень. Сутыкненне адбылося побач з Ашэрадэнам. Рыцары пацярпелі даволі цяжкае паражэнне. Лівонская рыфмаваная хроніка паведамляе аб стратах, згадваючы, у прыватнасці, цікавага для нас, шляхетнага ваяра:


«Там Тызенгаўзен наш знатны,

Духам чысты і выдатны,

Душа на небе чакае малітвы,

А сам ён злёг у горане бітвы».


Прайшло больш за 480 гадоў і далёкі родзіч загінулага ў барацьбе з Вялікім княствам Літоўскім Тызенгаўзена, падскарбі надворны літоўскі Антоній Тызенгаўз, стаў фактычным намеснікам польскага караля ў Літве, гэта значыць, па сутнасці, уладцам народа, у барацьбе з якім калісьці загінуў яго сваяк.

Вось такая эфектная, іранічная ўсмешка хітраватай дамы-капрызніцы, што мае імя Гісторыя!

Ці праўда, што літоўцы захапілі Наваградак?

Тут аўтар адносна сцісла акрэсліць самыя важкія, на яго погляд, аргументы pro et contra.

Звычайна спрэчкі наконт захопу літоўцамі зямель будучай Беларусі прывязаны менавіта да Міндоўга і гарадоў Панямоння, і перш за ўсё Навагрудка, хаця фарміраванне ВКЛ ішло не адно стагоддзе і ўключала ў сябе мірнае, як можна думаць, далучэнне беларускіх зямель, напрыклад, адыход да вялікіх князёў літоўскіх Віцебскага. княства, які адбыўся, як лічыцца, дзякуючы дынастычнаму шлюбу Альгерда з нейкай віцебскай князёўнай, званай Марыя.

Гаворачы аб часах XIII стагоддзя, можна адзначыць, што Міндоўг, як вядома з дакладнага дакумента, булы Папы Рымскага Аляксандра IV, датаванай 6-м сакавіка 1255 года, захапіў нейкія землі «Рускага каралеўства», якімі, тэарэтычна, маглі быць землі Навагрудка. Гэтыя землі Папа, у сваім пасланні, дазваляў Міндоўгу пакінуць сабе.

Аўтар асабіста перакладаў арыгінальны лацінскі тэкст булы і можа пацвердзіць, што гаворка ішла менавіта аб захопе нейкіх земляў.

Такія звесткі пацвярджаюць не толькі спробы літоўскай экспансіі на Русь, але і некаторыя поспехі літоўскіх феадалаў.

Некаторыя спецыялісты лічаць дакумент Папы неабвержным доказам захопу Навагрудка. То бок у гэтым выпадку «Каралеўствам Русі» нібыта было Галіцка-Валынскае княства, у палітычнай арбіце якога знаходзіліся гарады Панямоння.

Тут, аднак, існуе праблема. Загадкавае «Каралеўства Русі» названа без прывязкі да канкрэтных абласцей.