Надышоў час вячэры, і кароль не жадаў піць ваду, кажучы, што пасля яе заўсёды становіцца горш.

Калі ён збіраўся спаць, здарыўся трэці параксізм, але ён быў лягчэйшы за першы.

Потым параксізмы здараліся кожны дзень. Бучэла заклінаў караля і ўгаворваў Сімоніуса, каб перасталі даваць віно.

Нарэшце кароль паабяцаў.

Тут зноў успыхнула спрэчка паміж лекарамі аб тыпе хваробы, Бучэла, называў яе эпілепсіяй, Сімоніус астмай. Прычына гэтай спрэчкі заключалася ў тым, што яны з цяжкасцю згаджаліся наконт лекаў, якія трэба было даць. У выніку, яны пагадзіліся на адвар iсопа, бо ён не шкодны ні пры якіх захворваннях, дадалі некалькі кропель купарваснага экстракта, змясцілі чатырох п'явак яму на спіну, двух на крыж – гэтыя да васьмі ўнцый крыві высмакталі, дадалі крыху безаара і ласінага капыта, якія кароль заўсёды з задавальненнем ужываў.


Камень безаар. Падобным спрабавалі лячыць Баторыя.


Падчас абеду Сімоніус не паказваўся, бо паабяцаў Бучэла, што ў гэты дзень ён будзе маўчаць пра віно.

Бучэла, каб папярэдзіць усе просьбы аб гэтым напоі, прыгатаваў разнастайныя запраўленыя воды, паміж якімі адна была з цукрам і грэнкамі з пшаніцы, а кароль астылым піў гэта падчас абеду.

Стравы былі амаль такія ж, як і раней.

Пасля абеду кароль аб звычайнай для яго падчас ліхаманкі вадзе папрасіў, у якой растваралі кансерваваную ружу. Выпіўшы гэта, ён моцна спаў на працягу двух гадзін.

Прачнуўшыся, ён загадаў паклікаць літоўскіх канцлераў.

Апоўначы зноў вярнулася цяжкае дыханне. Сімоніус прашаптаў Весяліні, што калі кароль не вып'е віна, то хутка памрэ. І зноў дактары параіліся, і было вырашана даць тыя ж таблеткі, што і раней, але яны не дапамаглі.

У час абеду кароль рашуча загадаў даць сабе віна, на што Сімоніус з радасцю дазволіў. Адразу ж Бучэла паслаў свайго пляменніка да літоўскага падканцлера, сказаць, што кароль хутка памрэ і што, хоць ён, здаецца, весела размаўляе і не такі змучаны хваробай, ён не можа ўстаць і ісці, і калі Бог не пашкадуе, то найвялікшая небяспека застаецца. Пачуўшы тое, падканцлер неадкладна паведамляе аб гэтым прысутным сенатарам, не згадваючы, аднак, аб тым, што атрымаў гэтае пасланне ад Бучэла, бо гэтага доктар не хацеў.

Абодва канцлеры адправіліся адразу ж у замак. К вечару кароль зноў выпіў сваё віно, макаючы ў яго хлеб, таму што ён адчуваў жудасную смагу, быў надзвычай сумны і маўчаў, а калі Бучэла падтрымліваў яго і прасіў спадзявацца на лепшае кароль сказаў:

– Я ўжо аддаў сябе ў рукі Бога, я падрыхтаваны да смерці, мяне гэта не палохае, калі я і не буду адказваць, дык гэта таму, што ў мяне цяжкая галава і я хацеў бы заснуць.

Тут канцлеры падышлі да каралеўскага пакоя, папракаючы лекараў у тым, што яны не папярэдзілі аб небяспецы. Бучэла адказаў, што калі кароль загадваў нікога не ўпускаць яны баяліся не выканаць каралеўскі загад, але цяпер, калі яны ў яго пытаюцца, ён павінен сказаць, што кароль неўзабаве развітаецца з жыццём.

Толькі ён сказаў гэтыя словы і ў караля здарыўся жорсткі параксізм. Менавіта тады Сімоніус упершыню сказаў сенатарам, што ён таксама зразумеў, што каралеўская хвароба была смяротнай, але як доўга кароль зможа пражыць, толькі пасля другога параксізму ён зможа судзіць.

Потым яго паклікалі расцерці караля, яму дапамагаў сам Весяліні, але адразу ж другі быў жудасны параксізм, такі, што наш лепшы пан, найхрабрэйшы з каралёў, аддаў падчас яго свой дух.

Заліты слязьмі Весяліні выйшаў да сенатараў і павёў іх да ўжо нябожчыка караля. Ён неадкладна аддаў ім ключы ад скарбніцы і ўсё, што ў яго было з сабой. Тут сказаў Бучэла:

– Калі панства думаюць, што смерць караля павінна быць утоена на карысць грамадства, гэта можна зрабіць лёгка.