Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI—XVIII стагоддзяў Яўген Аснарэўскі

© Яўген Аснарэўскі, 2022


ISBN 978-5-0056-1132-1

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Аб вядомым палітычным забойстве і гэтай кнізе

На сутыку XV і XVI стагоддзяў, у Вялікім княстве Літоўскім было неспакойна. Нарастаў канфлікт паміж магутнымі літоўскімі панамі, а менавіта: Янам Юр'евічам Забярэзiнскім і князем Міхалам Львовічам Глінскім.

У 1508 годзе, становішча Глінскага, які раней з'яўляўся амаль усемагутным фаварытам вялікага князя Аляксандра, было не самым лепшым. Пры новым валадары, Жыгімонце Старым, баявіты ваеначальнік Міхал Львовіч страціў прыхiльнасць двара. Магчыма, больш разумным было б перачакаць буру і ўзяцца за таемныя інтрыгі ў стылi «Гульні стальцоў». Але Глінскі, як вынікае з яго біяграфіі, меў гарачую кроў, а вывераныя рашэнні, нягледзячы на яго несумненны досвед у палітыцы, як пакажуць розныя пазнейшыя падзеі, даваліся князю вельмi цяжка.

Магутны дзяржаўны дзеяч рашыўся на вельмі радыкальныя меры. І адной з важных асабістых мэт Глінскага была помста. Міхал Львовіч хацеў адплаціць таму, каго лічыў вінаватым у страце свайго становішча.

Пра гэтыя падзеі распавядае ў сваім творы «Запіскі аб Масковіі» Жыгімонт фон Герберштэйн, які быў сучаснікам Глінскага і Забярэзiнскага. Гэты аўстрыйскі пасол пісаў наступнае:

«Скончыўшы справу з маскоўскім гасударам у адпаведнасці са сваімі жаданнямі і палаючы прагай помсты, Міхал імкліва напаў на Яна Забярэзінскага, які быў у той час на сваёй віле каля Гродна (на ёй я пасля начаваў аднойчы). Размясціўшы каравулы вакол жылля, каб той не змог уцячы, ён паслаў у дом забойцу, а менавіта, аднаго мусульманіна, які застаў Забярэзінскага спячым на ложку, і адсек яму галаву».

Так, паводле Герберштэйна, пачалося паўстанне князёў Глінскіх супраць уладцы ВКЛ, якое скончылася паразай мяцежнікаў, што дзейнічалі, варта сказаць, дастаткова хаатычна.

Міхал і яго брат Васіль выехалі ў Маскву. Там беглыя князі былі сустрэты вельмі цёпла. Дачка Васіля – Алена, якая, па розных дадзеных, нарадзілася яшчэ ў ВКЛ, ці ўжо пасля ад'езду Глінскіх да двара вялікага князя маскоўскага, была выдадзена замуж выключна ўдала. Гэты шлюб сапраўды быў неверагодным поспехам для сям'і літоўскіх эмігрантаў. Мужам князёўны стаў сам маскоўскі ўладар Васіль III.

Алена нарадзіла вялікаму князю двух сыноў, але неўзабаве заўдавела і атрымала паўнамоцтвы фактычнай кіраўніцы рускай дзяржавы. Дзядзька Міхал, які выступіў супраць некаторых дзеянняў Алены, так, відавочна, і не навучыўся абачлівасці, а таму апынуўся, па волі дзёрзкай пляменніцы, у зняволенні. Там забойца Яна Забярэзінскага скончыў свае дні.

Аднак хутка, нягледзячы на малады ўзрост, памерла і сама Алена. Мяркуюць, што яна была атручана.

Старэйшы сын Алены Васільеўны, мабыць, успадкаваў буйны нораў Глінскіх. Ён насіў імя Іван. Хлопчыку наканавана было стаць адным з самых жудасных тыранаў у рускай гісторыі і першым «царом Усяе Русі», вядомым як Іван Васільевіч Грозны.

Вось так гісторыя, распачатая ў Гродне, скончылася эпахальнымі падзеямі, якія мелі значэнне для ўсёй Еўропы.


Смерць Алены Глінскай. Ілюстрацыя з «Асабовага летапіснага збору», XVI стагоддзе.


У гэтай кнізе чытач зможа знайсці мноства гісторый аб людзях, у свой час надзеленых рознымі, і часцяком немалымі, паўнамоцтвамі. Своеасаблівым фонам для большасці гэтых апавяданняў выступіць горад над Нёманам, то бок Гродна, але многія з паказаных герояў мелі ўплыў значна большы, чым той, якім маглi пахваліцца мясцовыя дваране Гродзеншчыны, таму кніга, фактычна, прадстаўляе мноства найважнейшых персанажаў агульнаеўрапейскага, а не лакальнага, маштабу. Гаворка тут, напрыклад, пра Стэфана Баторыя і Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Гэтыя, здавалася б, вельмі розныя манархі, правялі ў Гродне шмат часу, i ўжо толькi гэта, у пэўным сэнсе, яднае названых валадароў. Менавіта гродзенскія эпізоды іх біяграфій пакладзены ў аснову шматстаронкавых апавяданняў пра гэтых удадцаў, якія аўтар уключыў у кнігу «Знатныя гісторыі».

Прадстаўлены ў выданні таксама іншыя каралі польскія і вялікія князі літоўскія, i, акрамя таго, значныя вяльможы Рэчы Паспалітай. Узгадваюцца таксама простыя шляхцічы, некаторыя з якіх былі такія бедныя, што не мелі нават каня.

Мэта выдання – паказ самых розных дэталяў жыцця кіруючага класа Рэчы Паспалітай. Таму ў кнізе, акрамя складаных палітычных гульняў, паказаны яшчэ і побыт літвінскай шляхты.

Падобны падыход закліканы прывесцi чытача ў асаблівы свет шляхецкай рэспублікі, падобны і не падобны да свету еўрапейцаў XXI стагоддзя.

Выданне можа зацікавіць тым, што героі расказваюць свае гісторыі самастойна: у кнізе сабрана вялікая колькасць дзённікаў, лістоў, маніфестаў і іншых дакументаў тытульнай эпохі.

Аўтар хацеў, як мага радзей выступаць пераказчыкам займальных гісторый мінулага. Замест гэтага ён прапануе чытачу самому пабыць гісторыкам і ўгледзецца ў старажытныя тэксты, створаныя працай шляхетных валадароў мінулага.

Пераклады ўсіх прадстаўленых у кнізе дакументаў выкананы аўтарам.

Такім чынам, перад вамі ўступ-ключ да света «знатных гісторый». Зрабіўшы наступны крок, вы апынецеся ўнутры…

Стэфан Кароль, або першы вялікі манарх Рэчы Паспалітай

Паходжанне

Стэфан Баторый нарадзіўся ў 1533 годзе, у горадзе са складанай назвай Шымлеу-Сільваней, якi інакш называюць Шом'ю або Шом'ё. Мясцовасць з не вельмі высокімі, зялёнымі ўзгоркамі, выразна нагадвае Гародню, і гэтым падабенствам часам тлумачаць любоў (цi тут нават дарэчы казаць каханне) Стэфана да горада над Нёманам.

Размяшчаўся радавы цэнтр Баторыяў, або як іх яшчэ называюць: Батары, на тэрыторыі Трансільваніі. Некалі яна была фармальна незалежнай краінай. Назва гэтай гістарычнай вобласці адметна тым, што дастаткова добра замацавана ў поп-культуры. Зразумела, адбылося гэта дзякуючы вялікай папулярнасці аднаго з персанажаў пісьменніка Брэма Стокера, а менавіта, графа Дракулы. Улад III Цепеш, рэальны прататып літаратурнага графа-вампіра, вёў шматлікія войны, а адным з яго надзейных баявых таварышаў быў Стэфан (Іштван) Баторый, праўда, не галоўны герой гэтага расповеду і валадар Польшчы і Літвы, а проста цезка караля і адзін са значных прадстаўнікоў роду, што жылі ў XV стагоддзі.

Род Баторыяў, як мяркуецца, iдзе каранямі ў нямецкія землі.

На гербе гэтых венгерскіх магнатаў ёсць клінаватыя элементы, так званыя «зубы цмока». Радавая легенда звязвае іх з міфічным цмокам, якога перамог продак караля і вялікага князя. Цікава, што вакол гербавага шчыта Баторыяў, нярэдка змяшчаўся цмок, з хвастом, закручаным да пашчы. Падобная выява была эмблемай Ордэна Цмока, членам якога акурат з'яўляўся бацька Улада Цепеша. Дзякуючы гэтаму факту Улад і атрымаў мянушку Дракул, гэта значыць, цмок. Дарэчы, у гэтае шаноўнае братэрства нiбыта ўваходзілі і ўладцы ВКЛ: Ягайла і Вітаўт.


Герб Стэфана Баторыя. Ян Матэйка, 1875 год.


Апроч чалавека, што злучае род з адным з самых вядомых герояў маскульту, Баторыі мелі ў сваіх шэрагах і сваю ўласную суперзорку сусветнай поп-культуры.

Лізавета Батары, вядомая таксама як Крывавая графіня, падобна Уладу Дракуле, змагла стаць персанажам фільмаў, кніг, кампутарных гульняў і мультфільмаў, хоць яе папулярнасць, вядома ж, вельмі моцна саступае папулярнасці самага знакамітага вампіра ўсіх часоў.

Лізавета, якая паводле сведчанняў, забіла сотні юных дзяўчын, даводзілася каралю і вялікаму князю Стэфану Баторыю пляменніцай.

Вось у такой цікавай сям'і і нарадзіўся будучы манарх Рэчы Паспалітай.

На вяршынях магутнасці

Стэфан Баторый быў добра адукаваным і таленавітым палітыкам. За трон роднай Трансільваніі яму давялося пазмагацца з Каспарам Бекешам, якога лёс у выніку прывядзе да сяброўства з манархам, і ён жа звяжа імя венгерскага двараніна з Гродна, у якім гэты, дастаткова здольны, чалавек, завершыць свой зямны шлях.

Прабіваючыся да трона Трансільваніі, Баторый эфектна лавіраваў паміж Габсбургамі і султанам Асманскай імперыі.

Але наперадзе яго чакала самае значнае кар'ернае дасягненне сярод усіх прадстаўнікоў яго роду. Гаворка, канешне, аб атрыманні ўлады над Рэччу Паспалітай.


Стэфан Баторый. Ксілаграфія невядомага аўтара, першакрыніца: В. Бродзскі, другая палова XIX стагоддзя. Нацыянальны музей Кракаў.


У канцы 1575 года, нягледзячы на канкурэнцыю з боку магутнага імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна II, якога ўжо публічна назвалі польскім каралём, Стэфан Баторый здабыў галасы шляхты, у тым ліку і літоўскіх дваран, і быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Стэфан павінен быў стаць каралём, але з абавязковай умовай жаніцьбы на Ганне Ягелонцы – апошняй прадстаўніцы сваёй дынастыі, акрамя таго, Ганна фармальна мела б манаршыя правы, хоць рэальную ўладу меркавалася аддаць Баторыю.

1 мая 1576 года Стэфан ажаніўся з Ганнай і быў каранаваны ў вавельскім саборы Кракава.

Цяпер венгерскі арыстакрат стаў каралём польскім і вялікім князем літоўскім, гэта значыць: валадаром вялізных тэрыторый. I нават подпіс новага манарха Літвы і Польшчы, паведамляў аб яго новым статусе «Стэфан Кароль».


Арыгінальны подпіс Баторыя на дакуменце: Stephanus Rex (Стэфан Кароль). Гродна, 1586 год. Бібліятэка Чартарыйскіх.

Гарадзенскае жыццё Стэфана Баторыя

Гісторыя Баторыя і яго любімага горада пачынаецца ў той момант, калі кароль прыбыў у Гродна, у 1579 годзе.