У другой палове XVIII стагоддзя, дастаткова шырокае распаўсюджанне атрымалі фарфор і крышталь, прычым апошні выдатна рабілі і ў гродзенскім рэгіёне, напрыклад, у Налібоцкай мануфактуры. Падобная вытворчасць шкла мелася і ў самім Гродне.
Імпарт, вядома ж, быў прадстаўлены вырабамі з усяго свету.
Ян Ахоцкі назіраў, у 1793 годзе, у сваіх сяброў у Гродне, не толькі еўрапейскі, але і японскі, і кітайскі фарфор.
Зроблены на замову посуд багатай шляхты і манархаў нярэдка ўпрыгожваўся радавымі гербамі.
Келіх з гербавым арлом Радзівілаў, які, як мяркуецца, належаў Міхалу Радзівілу Рыбаньку. Нацыянальны музей у Кракаве.
Пасля застолляў надыходзіла пара танцаў і розных азартных гульняў. Хоць, часам шляхціцы абмяжоўваліся душэўнай гутаркай.
Суды
У многіх выпадках, амаль паўсядзённай справай для мясцовых дваран былі суды, прычым нярэдка судзілася нават з самымі блізкімі сваякамі. Тут шляхце, вядома ж, была прыдатнай разгалінаваная, хоць і не самая лепшая, судовая сістэма Рэчы Паспалітай, пра якую была гаворка вышэй.
У якасці прыкладу тут можна назваць жыццёвыя перыпетыі гродзенскага войта Андрэя Станіслава Сапегі, сына аднаго з найлепшых палкаводцаў ВКЛ, Яна Пятра Сапегі.