Калеснiк, вiдавочна, быў закаханы, але, у адрозненне ад Ядзi, розуму не трацiў, паводзiў сябе разважлiва i памяркоўна. Увесь хатнi клопат ляжаў на ягоных плячах, да каханкi ставiўся ласкава, стараўся ўва ўсiм дагадзiць, улагодзiць, але ў многiм быў цвёрды, нават жорсткi, праяўляў характар. Ядзя да сустрэчы з iм часцяком прагульвала заняткi ў iнстытуце, асаблiва першую пару, а Калеснiк не дазваляў. Нават калi вярталiся дадому апоўначы, да вучобы ставiўся не па-студэнцку сур’ёзна. Гэта спярша трывожыла, Ядзя нават шукала нейкiя тлумачэннi, але адразу супакойвалася, пачуўшы: «Мацi маiх дзяцей будзе i прыгожая, i разумная…»

Потым Калеснiк настаяў, каб Ядзя з iнтэрната пераехала да яго, у трохпакаёвую бацькоўскую кватэру. Сержавы бацькi працавалi за мяжой, iх камандзiроўка заканчвалася праз тры гады, а iншай раднi ў Калеснiка не было. Ядзя хутка ачомалася, ужылася ў новую для сябе ролю – незамужняй жонкi, i, як нi дзiўна, гэта ёй спадабалася. Яна хацела быць вольнай ад людскiх забабонаў i абгавораў, ёй прыносiла неймавернае задавальненне самой, без аглядкi на кагосьцi прымаць рашэннi i быць незалежнай. Ядзя даўно ўпотайкi марыла аб бесклапотным жыццi, якое стварыў для яе Калеснiк.

На пачатку вясны Ядзя адчула сябе нiякавата. Усё пачалося са студэнцкай сталоўкi, дзе падчас абеду ўпершыню закружылася галава i яе званiтавала. Спярша падумала, што гэта ад непрапечаных катлет, але на другi дзень такое паўтарылася, цяпер у таксi, калi ехалi з Калеснiкам да ягонага сябра на дзень нараджэння. На вечарыне Калеснiк з адчаем i трывогай назiраў за каханкай, якая з’ядала ў неймавернай колькасцi селядцы разам з салёнымi гуркамi i запiвала ўсё салодкiм морсам. А потым яе зноў званiтавала…

Дыягназ доктара ашаламiў. Ядзi нiколi i ў галаву не прыходзiла, што ад таго, чым яны займаюцца з Калеснiкам, могуць быць дзецi… Адразу прыгадала гаротную мацi, якая нарадзiла акрамя яе яшчэ двух сыноў i дачку, i сэрца зайшлося жалем да сябе. «Няўжо i мне наканаваны гэткi ж лёс? – трывожна i роспачна тахкала ў грудзях. – Няўжо загублю маладосць у пялёнках ды штохвiлiннай калатнечы?.. Калi ж жыць для сябе? Я маладая, я не хачу дзяцей!..»

Ядзя сама прыняла рашэнне i праз тыдзень вярнулася з бальнiцы схуднелая, з бледным тварам, з сiнiмi кругамi пад вачыма. Яна хутка папраўлялася, але ўвесь час здавалася, што нечага не хапае, у душы не было ранейшага спакою i бесклапотнасцi. Нешта з ёй сталася за праведзены ў бальнiцы тыдзень, яна сама сабе здавалася пасталелай, нават пастарэлай. Калеснiк быў як нiколi ўважлiвы i ласкавы, толькi Ядзя адразу заўважыла, адчула сэрцам, што нешта ў iм перамянiлася.

Праз тыдзень здагадка пацвердзiлася. Была нядзеля, ласкавае майскае сонейка пяшчотна дакранулася цяплом да Ядзiнага твару, напоўнiла спальню святлом, а Ядзю – прадчуваннем нечага добрага. Упершыню пасля бальнiцы ёй было хораша i бестурботна, знiкла злосць на Калеснiка, якога яна вiнавацiла ўва ўсiм. Вярталася страчанае, як здавалася, назаўсёды, каханне. Яна прачнулася раней i доўга ўглядалася ў спячага Сержа. Каханак нечаму ўсмiхаўся ў сне, i гэтая дзiцячая ўсмешка кранула, мiжвольны парыў любасцi перапоўнiў душу. Ядзя адкiнула з iлба хлопца пасму валасоў i ласкава дакранулася вуснамi да няголенай шчакi. Серж расплюшчыў вочы, летуценна паглядзеў на яе, прыцягнуў да сябе i моцна пацалаваў. Трапяткая дрыготка працяла жанчыну, сэрца затахкала, Ядзя падалася насустрач, прыцiснулася да Сержа, i з вачэй палiлiся слёзы радасцi. Ён цалаваў яе i шаптаў прыемнае i ласкавае. У нейкi момант завiруха пачуццяў падхапiла Ядзю i панесла ў казачны свет кахання. Ёй здавалася, што можна нават памерцi ад перапаўняючага душу пачуцця, i зусiм не было страшна. Нейкi час слоў каханага не ўспрымала, нават не разумела, але раптам, быццам здалёк, дайшоў сэнс Калеснiкавага шэпту: «…Сёння пераначуй у iнтэрнаце». Ёй здалося, што на яе перакулiлi вядро з кiпенем.