– Дай, нявеста, мой нумарок, паеду дадому.
Ядзя знiякавела, залiлася чырванню. Яна, здавалася, цэлую вечнасць корпалася ў сумачцы, шукаючы злашчасны нумарок. Ёй таксама хацелася пайсцi з рэстарана, але чамусьцi пабойвалася п’янага, раўнiвага Шаўцова.
– Школьны сябра хапiў лiшку, i мой абавязак – завезцi яго дадому, – прыйшоў на дапамогу Калеснiк i з выклiкам падтрымаў Шаўцова, якi ледзь трымаўся на нагах i ў любы момант мог павалiцца.
– Не чапай! – раптам пачаў вырывацца Шаўцоў, але Калеснiк толькi ўсмiхнуўся, ён моцна трымаў школьнага сябра.
– Я з вамi, – прыняла рашэнне Ядзя i з палёгкай уздыхнула.
Калеснiк прывёў Шаўцова ў фае, усадзiў у крэсла i толькi на хвiлiну пакiнуў, каб дапамагчы Ядзi апрануцца, як пачулася бразгатанне бiтага шкла, п’яныя крыкi, валтузня. Шаўцоў кiнуў важкую попельнiцу, што стаяла на столiку, у вялiзнае люстэрка i, мацюкаючыся, стаў пагражаць некаму нябачнаму кулаком.
Адразу прыбеглi швейцар i адмiнiстратар. Яны схапiлi Шаўцова, як небяспечнага злачынца, але перасцярога была лiшняй. Ён штосьцi п’янае, абразлiвае прамармытаў i захроп, адкiнуўшы галаву на высокую спiнку крэсла. Адмiнiстратар, высокая бялявая жанчына са стомленым, прыгожым тварам, хацела выклiкаць мiлiцыю, але Калеснiк не дазволiў. Ён заплацiў грошы i за люстэрка, i, як сказаў, за маральныя выдаткi. Калi выходзiлi, а дакладней, калi Калеснiк амаль выносiў п’янага Шаўцова, Ядзя бачыла, як ён усунуў у кiшэнь швейцару грошы i, па-змоўнiцку падмiргнуўшы, прагаварыў:
– I абы цiха…
Швейцар расплыўся ў лiслiвай усмешцы:
– Канечне, цiха. Заходзьце, мы Вам заўсёды рады…
Ядзя на ўсё жыццё запомнiла гэтага яшчэ не старога, грубаватага чалавека. Праз некалькi месяцаў, калi яна наведвала рэстаран ужо «па справе», швейцар неяк ухапiў за руку на ўваходзе i, дыхнуўшы перагарам, сцiшана прасiпеў, выскалiўшы жоўтыя зубы:
– Вось што, дзеўка, ты, бачу, тут капейку зарабляеш, а дзялiцца не хочаш… У мяне гонару i пыхi меней, магу i шапнуць каму трэба…
Ядзя пагардлiва зiрнула на маленькi, выцягнуты тварык, падобны да пацуковай морды, i з сiлай вырвала руку з лiпкай далонi. Яна зразумела, што дзяжурнай траячкi швейцару мала, i працягнула яшчэ некалькi.
– Грошы, канечне, вазьму, – з бояззю, што нехта ўбачыць, азiрнуўся швейцар, – але я не пра тое…
– А пра што? – здзiўлена адхiснулася ад яго Ядзя.
– Прыглянулася ты мне, будзеш разлiчвацца тым, чым з клiентамi.
Ядзя не ўтрымалася i з усёй сiлы заляпiла нахабнiку аплявуху, але швейцар толькi рассмяяўся:
– Натурай, дзеўка, разлiчышся, натурай!
Прыйшлося пра ўсё расказаць Калеснiку, i, калi праз некалькi дзён Ядзя прыйшла з Сержам у рэстаран, швейцара было не пазнаць. Куды падзелiся блазнота i пажадлiвыя крыўляннi! Ён, услужлiва прагнуўшыся, адчынiў дзверы, твар свяцiўся такой трывожнай радасцю, быццам ён выйграў у латарэю не меней як машыну, але яе могуць аддаць камусьцi iншаму.
– Сяргей Мiкалаевiч, нашае Вам шанаванне, – прашапялявiў швейцар, i бяззубы рот скрывiла нешна падобнае на ўсмешку. – Рады Вас бачыць з нявестай.
– А без зубоў табе нават лепей, – сур’ёзна зазначыў Калеснiк, паблажлiва ляпнуў швейцара па плячы i шматзначна паглядзеў на Ядзю.
Усё гэта было потым, праз некалькi месяцаў, а ў тую навагоднюю ноч, у iх першую сустрэчу Ядзя не знайшла ў сабе цвёрдасцi i, калi Калеснiк пасля таго, як адвезлi Шаўцова дахаты, прапанаваў зазiрнуць да яго «на кубачак кавы», пагадзiлася.
У Ядзi пачалося новае, нязведанае жыццё. Некалькi тыдняў праляцелi, як адзiн дзень. Яна нават, здаўшы сесiю, не паехала на канiкулы да бацькоў, засталася ў Мiнску. Гэтымi днямi яна адчувала сябе на сёмым небе, цяпер i гадзiны не магла пражыць без свайго Сержа. Калеснiк, вярнуўшыся з войска, узнавiў вучобу на юрыдычным факультэце ўнiверсiтэта, i адразу ў Ядзi з’явiлiся новыя сябры i знаёмыя. Яны часцяком, а дакладней, амаль кожны вечар, бавiлi час у рэстаранах, у нейкiх напаўлегальных начных клубах. Iншым разам Ядзя здзiўлялася: адкуль у студэнта грошы, каб так шыкаваць? Неяк нават наважылася запытацца ў Сержа, але штосьцi стрымала, у душы з’явiлася незразумелая боязь пакрыўдзiць каханка. Ядзя паспрабавала выкiнуць з галавы розныя сумненнi, i праз пэўны час гэта ўдалося, яна поўнасцю даверылася Калеснiку. Грошы i сапраўды перасталi яе турбаваць, усё ўспрымалася як належнае.