Сустрэнуцца губы і вусны ўзмакрэлых
Цнатлівых юнацкіх, бы грэху віно…
На ростанях вечнасці, мнішкаю сціплай,
Ледзь-ледзь апранае світанак цяпло.
Мільярды пачуццяў па травах разліла
Ядвабам пяшчоты тумана крысо…

«У прыцемках лета…»

У прыцемках лета
Дагарае святло,
Нібы з песні паэта
Выцякае віно…

Пануе восень

Ты сыдзеш, мабыць, як прыйшла:
Туман, балоты, восень…
Прысніцца раз, другі вясна
Як між чарноцця просінь…
Ты знікнеш хутка між агнёў:
Блуканне, вецер, попел…
Свет перакуліцца і зноў
Звычайнай стане восень.
Ты развітаешся і… ўсё—
Цяпло, валошкі, сонца—
Як быццам больш і нічыё :
Вакол пануе восень…

Кроў ветру

Беражанка
Зранку
востракрыллем
Рэжа паветра
Кроў ветру
Сцякае
З пятага паверха
На павекі
Халоднага лета.

«Стары і мудры воран…»

Стары і мудры воран
Заўсёды адзінотны.
Як вецер у няволі,
Вялікі і маркотны…
Як палкаводзец слынны,
Важак галоднай зграі…
Як Дух імклівай плыні,
Як цені на змярканні…
Ён чулы і сцішэлы,
Як лісце пасля віхры.
І голас памягчэлы
З жыццёвае палітры…
Стары і мудры воран
Ў чаканні заблукалы…
Наверсе – спевы зорак,
Унізе – цень расталы..

«Ля помніка нябачнага нікому…»

Ля помніка нябачнага нікому
Натоўп стаяў нікому невядомы.
Нікому непатрэбны і нязначны
Ля помніка нябачнага сабе самому…

«Ты глядзіш стамлёнымі вачыма…»

Ты глядзіш стамлёнымі вачыма
На святло, якое не тваё…
Бачыш у сутонні, як Айчына
Вобцас ймкнецца да і па-за дно.
На жмуты малітвы разадраны,
Іх ня чуе той, хто вінен быць.
Нібы грэбляй, душы спрасаваны,
І няма куды ім болей плыць.
Цвеліць розум голая знявага:
Невідушчы як прарок народ
Сам сабе, сляпы, дае параду,
Як спакласці ўшэчнт свой род.
І тады, калі карчы ад дрэва
Спадкаемцы ўвозьмуць гадаваць,
Ты пабачыш нават скрозь залеву,
Што няма чаго ўжо ратаваць…

«Першы снег…»

Першы снег.
Чалавек чорнай
Плямай выглядае
Між дрэваў..

«Віна Румыніі глыток уночы…»

Віна Румыніі глыток уночы,
Срабрыстай поўні ззянне-след…
З-за мора прывіды пакрочуць,
Каб атуліць магнолій свет…
Твая рука трымціць, бы лісце,
А позірк поўняй блаславён…
Яшчэ глыток… каб не даплысці…
Яшчэ мо крок… каб не праклён…
А золак жвава смокча цені,
Грамніцы рэдзенькай камлі…
Імчымся разам на арэлях,
Пакуль не злучым берагі…
Адной струной, адзіным мігам
Глыток румынскага віна…
Пачуеш сэрца грукат-скрыгат,
Як быццам бурыцца сцяна…
Знікаюць прывіды на хвалях,
Вось сонца твар наўскрай жытла…
Яшчэ глыток… і на каралях
Зайграе полымя святла…

«Атруты выпіўшы глыток…»

Атруты выпіўшы глыток,
Схапіўся Ён за сэрца:
«Калі памру – няхай як воўк,
Які кахаўся з смерцю»…

«Гонка імкнецца да новага года…»

Гонка імкнецца да новага года
Сцежка між памяці спаленых сноў.
Што адбылося – дабро ці нягода —
Паразрасталася часу быллём.
Хмары, аблокі, усмешкі, сустрэчы —
Пройдзена-зжыта – як мліва – даўно.
Ценем нязведаных далечы вежаў
Сумна ўсміхаецца лёсу шытво.
Толькі наперад няпэўна і квёла
Цягнецца ўсё ж за табой наўздагон
Ёлкай прысутнасцю страчанай долі
Бела-чырвонай надзеі палон…

«На разгорнутай старонцы…»

На разгорнутай старонцы
Мімаходзь, імкліва, хутка
Захапляе ўладу стронцый,
Час згубіўся ў змрочных сутках.
Колер золата пагасне,
Адпачынак возьме лета.
Заквітнеюць лютым жарсці
І наноў памруць паэты.
На загорнутай старонцы
Мімаходзь, імкліва, жвава
Чорных армій ход бясконцы
Нам здаўна наканаваны.

«Па-над ночкаю, па-над рэчкаю…»

Па-над ночкаю, па-над рэчкаю
Зоркі спрытныя, срэбрам абмытыя,
Цалавалі бярозкі белыя, вочкі смелыя,
Думкі збалелыя, сэрцы сшалелыя…
Па-над ночкаю, па-над рэчкаю
Зоркі спаймалі невадам мары,
Позіркі душаў, самотных на сушы,
Кранутых аднойчы цудамі ночы…

На прыпынку світанкаў

Падышлі да прыпнку світанкаў.
– Ці на «Мележу»? Ці на «Танку»?, —
Запытальна вочы блішчалі
Па-ліцьвінску прыгожай менчанкі.