І здаецца, здаецца яму
Бляск вачэй іх у полымі веры…
Плошча
Адчуваю:
за мной са зброяй ідзе цень.
доўгі, насуплены, змрочны…
з цягам часу хаваецца ў Дзень,
нібы апошні бяглянак на Плошчы…
Ты адчуваеш:
боль – за табою бяжыць.
доўгі, апрануты ў форму вайскоўца.
адчуваеш:
сняжынка ў далонях трымціць
светам пакінутай Плошчы.
Што за грукат
насупраць будынкаў?
«Спаць!» —
загадалі сцямнёныя вочы вакон.
ціха паўзе самота ў натоўпе —
нязвыкла
нібыта ўваходзіць
Плошча у Скон.
Мы адчуваем
подых натоўпу ціха-
застылага.
ценю крысо, Змрок Болю, і
Ноч.
сэрца спявае слязьмі.
бел-чырвонымі крыламі шэпча
мароз:
з Плошчы кроч….
«Там, дзе Малагу мора цалуе пяшчотна…»
А.Э.
Там, дзе Малагу мора цалуе пяшчотна,
Там, дзе сонца паўднёвае ззяе як Бог,
Твае плечы у сне уздымаюцца вольна,
Пад прасцінай ласкавай, нібыта мурог.
Там, на вуліцах вузкіх, усмешных і ветлых,
Паміж небам далёкім і долам ў нагах,
Твае вусны варушацца ціха-нясмела
Быццам нечы спрабуючы вытрушчыць страх.
Там, дзе Лоркі гітара ўздыхае самотна,
А на плошчах Гранады фламенко жыве,
Твае вочы асветлены быццам паходняй
Што запалена сэрцам ліцьвінскім ў імгле.
«а калі на гарышчы жніўня…»
а калі на гарышчы жніўня
вераснёвыя пожні заззяюць
таямнічым святлом сонцаліўня
барвай зжытага некалі траўня
у расхрыстаных душах наўкола
у вачох што стаміліся Поўняй
новым зыкам маланкавым мова
ўзнікне з мары тваёй маціцовай
«Восень па-вар’яцку лютуе па-над намі…»
Восень па-вар’яцку лютуе па-над намі:
Жоўтым лісцем сцеле прыбраныя дываны,
Гаманіць рачулкай, стомлена-халоднай,
І нябёсаў шэрасцю плача гэта восень.
Толькі ты ня чуеш, забыццём прачулы:
Пройдзеш крок у бок, сэрца не пачуе.
А наўкола свішча вецер нібы пугай
Цемра б’е няшчадна, ніб кат папругай.
Дождж вяроўкай слізкай абаўе наўкола:
І табе ад сонца не было нічога…
Бо лютуе восень, жоўта іклы шчэрыць —
Аняма тут свету, аняма тут веры…
Восеньская электрычка
Сесці ў човен і плысці ў нікуды, ніхто, ніадкуль
аж завершыцца эра і памяць растане на дне.
Час абраў нас. Абраў да апошніх лушпінаў. Пакуль
мы падымемся ў абсерваторыю, восень міне. (Айдас Марчэнас)
Вострыя, як відэльцы,
Слёзы кастрычніка
Ты малявала растаннем
Дрэваў і лісця.
Абапал калюжын,
У шэрасці сціслых,
З-за вокнаў няспешнай,
Як лёс, электрычцы.
І з кожным прыпынкам
Твой пэндзаль смялейша
Абрысы асенняй
Тугі вымалёўваў…
– Не, не, не турбуйцеся,
Ўсё нармалёва, —
Вусны шапаталі
Камусьці з «тутэйшых»…
Таму, хто, як восень,
З пачуццяў пажоўклых
Скідаў да калюжынаў
Час і прастору…
Таму, хто наладзіў
З кастрычнікам змову
І параструшчыў
Цяпло долам глёўкім…
Вострыя, як нажніцы,
Хмары кастрычніка
Ты малявала
Спатканнем з няверай…
– Дзякую, дзякую,
Свет, пэўна, не белы, —
Словы расталі
Ў пустой электрычцы.
«Агнём напоўніш мяне …»
Агнём напоўніш мяне —
Агнём неспатольнага сонца.
Зруйнуеш на белай сцяне
Прысак самоты бясконцы.
Агнём разварушыш спакой —
Агнём забыцця жоўтай жарсці.
Планетаў далёкіх канвой
Нам не дазволіць упасці.
Агнём развярэдзіш душу —
Агнём пераплаўленых ранкаў.
Я крыж твой на сэрцы нашу
За ўсіх на свеце каханкаў.
Агнём распілуеш мяне —
Агнём пракаветнага дрэва.
І кожная частка – табе,
Агнём перапоўнена Ева…
«Ядвабам аголеных ўночы адценняў…»
Ядвабам аголеных ўночы адценняў
Лунаюцца мары ў празрыстаці зор…
Мільярды сусветных жаданняў-трымценняў
Ахутваюць ласкаю стомлены бор…
Прыціхласці рэха на стромых прасторах,
Бавоўнасці водару прагны глыток…
Скідай нерашуча, няўмела свой сорам —
І можа пачуе спакушаны Бог…
Як дыхае цень, што прачнуўся да скону,
Як коткаю крочыць смуга да ракі…
Як плача матыль у бяскрыллі палону,
Як дзіда ўваходзіць у вільгаць зямлі…
Перлінамі скарбніц дзівосных, таемных
Між нерушаў бору, між лядаў яго