Яна пафарбавалася ў плацінавую стэрэатыпную бландзінку, сабраўшы валасы ў хвосцікі, апранула школьную форму, яшчэ маміну, бабуля знайшла, з белымі манжэтамі, каўнерыкам і фартушком. Паколькі на вуліцы пахаладала – скураное станістае паліто са стаячым каўняром. На ногі нацягнула гетры. Трэба было неяк адпавядаць Дашы, зрабіцца антыподам, ці што. Як чорнае і белае, як цемра і святло. Не так запушчана, вядома, не так маштабна. Карацей, падтрымаць Дашку, каб яна не пачувалася адным ваяром у полі. Бабуля з задавальненнем выпраўляла ўнучку ў школу. Нарэшце дзяўчынка апамяталася і хораша апранулася, а галоўнае, правільна, як сапраўдная школьніца. Усе б зрабілі, як Танечка, глядзіш, і прадукцыйнасць працы павялічылася б. Больш дысцыпліны было б. Навошта адмянілі школьную форму, расперазаліся ад усёдазволенасці? Сталіна на іх няма! Калі ўжо прэзідэнт возьмецца за адукацыйныя рэформы, дзяцей і іх знешні выгляд?… Адна агіднасць, як кінеш вока на некаторых, нават пазіраць сорамна. А Танечка малайчына, разумніца ўнучка…

Яна дагнала Дашу на скрыжаванні, калі тая збіралася пераходзіць дарогу.

– Прывітанне! – усміхнулася, падыходзячы.

– Тань?! – здзівілася Даша. – Ты? Ці хто?…

– Ды я, – працягвала ўсміхацца тая, задаволеная эфектам.

– Ты чо, у першы клас сабралася? – не знайшла нічога іншага сказаць Даша.

– А я твой прататып, – выпаліла Таня.

– Прата… чо? – не зразумела Даша. – Сама зразумела, чо сказала?

– Карацей, твая светлая палова, – выкруцілася Таня.

– А цёмная тады дзе? – засмяялася раптам Даша.

– Не тупі, Белая, цёмная ты! – растлумачыла Таня. – Ты ж у нас эма. А я антыэма. Зразумела?

– Антыэма прам! – працягвала смяяцца Даша.

Падышоў Пінокіа. Прывітаўся ветліва. Дзяўчаты пацікавіліся, як яго рана. Не турбуе? Коля прамаўчаў ці зрабіў выгляд, што не пачуў, ацаніў убранне і новыя колер валасоў і прычоску Паўлоўскай.

У класе на ўсіх траіх тут жа абрынуліся Хвалей з Кастальцавым.

– Прыкінь, – гучна звярнуўся Хвалей да Кастальцава, як толькі Пінокіа, Даша і Таня ўвайшлі ў клас, – Пінокіа з аховай прыйшоў. Колькі плаціш? – навіс над Колем, калі той сеў за парту. – Ці яны натурай бяруць?

– Адвянь ад яго! – параіла Даша Хвалею.

– О, сек'юрыці замукала, – пракаментаваў Кастальцаў Дашыну фразу.

– А чо, яму мову адняло? – адгукнуўся Хвалей. – Чуеш, Пінокіа, стаміўся за ўчора? Каліся, якія яны на смак? Як з дзвюма ўпораўся?…

Пінокіа дрыжаў дробнымі дрыжыкамі, стрымліваючы лютасць, але баючыся абразіць Хвалея словам ці ўдарыць яго і атрымаць у адказ, а ох як карцела ўляпіць таму паміж вачэй. У руках ён круціў шарыкавую асадку, якую, ведаў па фільмах, можна выкарыстоўваць і як зброю. Адкуль узяліся смеласць і рашучасць? Адной рукой, рэзка, Коля схапіў Хвалея за шыю і прыціснуў да парты, у другой сціскаў асадку, якую прыставіў да горла праціўніка.

Конец ознакомительного фрагмента.

Купите полную версию книги и продолжайте чтение
Купить полную книгу