Юля прыпаднялася на дыбачкі, як раней Таня Паўлоўская каб цмокнуць Мікалая Міхайлавіча ў шчаку, для таго, каб пацалаваць Колю ў вусны.

– Мяккія, – сказала пасля пацалунку. – Нязграбныя, – усміхнулася. – Давай сустрэнемся заўтра пасля ўрокаў тутака ж, – прапанавала.

– Давай, – пагадзіўся ашаломлены Пінокіа. Ён і падумаць не мог, што спадабаецца такой прыгожай дзяўчыне. А Юлі ён спадабаўся. Яна ведала, што ён добры і прыстойны. І нос у яго не такі ўжо і доўгі, як напрыдумлялі. А тое, што няўмелы і кранальны ў сваім няўменні, – так гэта выдатна. Будзе чаму вучыцца адно ў аднаго.

– А цяпер ідзі дамоў, – папрасіла Юля раптам.

– Ты ўпэўнена? – удакладніў Пінокіа, ці правільна ён зразумеў.

– Так, – цвёрда адказала Юля. – Галоўнае, што ты прыйшоў. Значыць, у нас усё атрымаецца. Да заўтра.

Дзяўчына выбралася з абдымкаў хлопца, лёгка спусцілася з бетонных пліт на зямлю і пабегла дахаты.

Дзея трэцяя

Эпізод 11

П'еса Кацярыны Ткачовай «Прывітанне, Маша!» захапіла Таню з першай старонкі, хоць чытаць яе яна не вельмі хацела. Пасёрбаўшы супчыку з фрыкадэлькамі, прыгатаванага бабуляй, Таня разгарнула кніжку, пачала чытаць і правалілася ў тэкст, як у вір з галавой, сама таго не чакаючы. Сорак старонак сярэднім шрыфтам праглынула на адным дыханні. Мікалай Міхайлавіч ведаў, што прапаноўваць. Не так проста, між іншым, зацікавіць сучаснага падлетка чытаннем, тым больш чытаннем п'есы. Прыкольна будзе, калі ў Мікалая Міхайлавіча атрымаецца паставіць спектакль. Галоўная гераіня, Маша, сапраўдны вожык, проста як Дашка Белая. Толькі яна павінна граць Машу. Абедзве бунтаркі без прычыны. За ўдаванай ці, хутчэй, найгранай грубасцю Машы хавалася ўразлівая і далікатная істота, якая, таксама як усе, прагнула кахання, разумення і ўвагі. Шурка, другая гераіня, чалавек, які ўсё гэта меў. Утоены канфлікт паміж імі на працягу ўсяго твора ў тым, каб і Машу, і Шурку пачулі і палюбілі такімі, якімі яны былі насамрэч, а не ў нечым уяўленні. Фінал аж слёзы выклікаў. Шурка, чакаючы свайго хлопца, сыходзіла на хвілінку дапамагчы дзяўчынцы, якая забралася на дрэва, а злезці без старонняй дапамогі не магла. Маша замест Шуркі сустракае яе хлопца і расказвае яму пра Шурку безліч прыдуманых на месцы гадасцяў, не са зла, а таму, што таксама хоча, каб у яе быў хлопец. Калі Шурка вяртаецца, бачыць, што Маша цалуецца з хлопцам. Вядома, тут вінаваты хлопец. Навошта Шурке такі кабель, які цалуецца з першай сустрэчнай? Шурка, зразумела, разгублена, пакрыўджана, узрушана здрадай каханага чалавека, але, стрымліваючыся, звяртаецца да Машы і да свайго хлопца словамі Машы: «Як гэта ў цябе? Не вер у каханне – не будзе балюча? А смешна!» Хлопец вырываецца з Машыных абдымкаў, імкнецца дагнаць Шурку, якая ўцякае. Застаўшыся адна, Маша плача, кажа, што яна не дрэнная, што таксама любіць шмат з таго, што любіць Шурка. Але ёй ніхто ніколі не казаў, як Шурцы яе хлопец «Прывітанне, Шура!». Ніхто і ніколі. І тут з'яўляецца Шурка, аклікае Машу і кажа ёй: «Прывітанне, Маша!».

Дашы павінна спадабацца. Яна ж нязменная ўдзельніца ўсіх школьных мерапрыемстваў, звязаных з мастацкай самадзейнасцю. А Дом культуры гэта ж не школьны ўзровень караценькіх сцэнак, тут цэлы спектакль. Можа, варта паспрабаваць? Але спачатку трэба пагаварыць з Дашкай.

У школу Таня прыйшла ў новым вобразе (прыклад сяброўкі паўплываў), праўда, не так кардынальна, як яна, змяніўшыся. За ноч шмат перадумаўшы, Таня вырашыла пагадзіцца на прапанову Мікалая Міхайлавіча і прыняць удзел у пастаноўцы. Натуральна, ёй адведзена роля Шуркі, значыць, трэба адпавядаць гераіні. Ужыцца ў яе. Таня была светлавалосай, але не настолькі, наколькі павінна быць Шурка.