А Даша з Таняй спалі, як у сябе дома. Таня ў сне ўткнулася носікам у Дашыну шыю. Яны ляжалі тварам адна да адной, нават неяк прыабняўшыся, нібы родныя.
Так, мара спраўдзілася. Дзяўчаты ў яго. А Пінокіа не ведаў, што з імі рабіць і як сябе паводзіць. Таму яны і спалі. Упэўненыя, што ён не патурбуе іх, а значыць, не ўспрымалі яго ўсур'ёз. Ім нават неўздагад, што адна з іх падабалася яму. Аднак што з гэтым рабіць Коля і сам не разумеў. Сядзеў на зэдліку каля ложка і глядзеў на дзяўчат, уяўляў, што ім можа сніцца ці хто. Так і праседзеў да чатырох гадзін дня, як верны сабака, які ахоўвае сон гаспадыні.
Першай расплюшчыла вочы Таня.
– Блін, колькі часу? – адразу запытала.
Пінокіа адказаў.
– Ты тут гэта… не сваволіў? – пералезла праз Дашу, звесіла з ложка ногі, зазіраючы ў Коліны вочы.
– Блін, Паўлоўская, па нагах, як па бульвары, – прабурчала Даша, прачынаючыся.
– Харэ дрыхнуць, – ускубнула тую Таня, – праспім усё на свеце.
– Затое выспаліся, – адгукнулася Даша, калі пачула, якая гадзіна. – А ты куды? – спытала сяброўку, бачачы, што тая збіраецца сыходзіць.
– Гэта вам добра, вольным людзям, – адказала Таня. – А ў мяне рэпетыцыя а пятай.
– Можа, перакусіш? – прапанаваў Пінокіа.
– Не, дзякуй, – адмовілася Таня, неяк паважліва зірнуўшы на аднакласніка, не так, як на цямцю-лямцю, ці Коле гэта падалося? – Мяне Мікалай Міхайлавіч пачастуе бутэрбродамі пасля рэпетыцыі. Пакуль нельга.
– Ён табе бутэрброды носіць? – здзівілася Даша.
– Не мне, – адказала Таня. – Застаецца ў яго проста з абеду. І, калі я галодная, ніколі не адмаўляюся. Тым больш што бутэрброды смачныя. Добра, усё, пакуль, чао. Заўтра ўбачымся. Коля, праводзь…
– Пакуль, – памахала рукой Даша.
Пінокіа адчыніў Тані дзверы, выпусціў на волю, як птушачку, зачыніў дзверы і вярнуўся да Дашы. Тая глядзелася ў люстэрка, упэўнівалася, ці ўсё нармальна. Усё ж у гасцях у хлопчыка якога-ніякога.
– Чо ты там пра хаўчык казаў? – сустрэла яна яго.
– А, зараз, – кінуўся Коля на кухню. Ён уключыў чайнік, у мікрахвалёўку закінуў катлеты і пюрэшку. Потым спытаў: – Катлеты з пюрэ будзеш?
– Ды мне ўсё адно, – адказала Даша, – абы ядома. – Яна ўстала з ложка, заслала яго, а падушкі ўзбіла. – Ну чо, хутка там? – нецярпліва крыкнула.
– Так, праходзь на кухню, – паклікаў Пінокіа, накрываючы на стол.
Даша села на прапанаванае месца, узброілася відэльцам і хлебам.
– Смачна есці! – сказала.
Пінокіа сеў насупраць, але есці не спяшаўся, зачараваны тым, як ела Даша. Яна спрытна і хутка паглынала ежу, з зайздросным апетытам, і так хораша, як гэта можа рабіць сапраўдная лэдзі, а не правінцыйная школьніца.
– Хопіць тарашчыцца! – не заўважыць Колінага позірку дзяўчына не магла. – Еж давай! Вельмі смачна, між іншым!
Калі пілі гарбату, Даша спытала:
– А чым, ты, Пінокіа, па жыцці займаешся? Усё кніжкі чытаеш?
– Чытаю, – адказаў Коля.
– Чытачом будзеш? Новую прафесію вынайшаў?
– А табе не падабаюцца кнігі?
– Гледзячы якія. Хоць чытаць я, праўда, любіла.
– Што, разлюбіла?
– Амаль. Хлусня ўсё. Не ўзапраўду.
– А я вось пісьменнікам хачу быць, – прызнаўся Пінокіа.
– Ну, і сцяг у рукі, – адказала Даша і тут жа спытала: – А ты чакаў нейкай іншай рэакцыі?
– Так, не, – паціснуў плячыма Коля. Раптам напружыўся (Даша нават спалохалася, што яму дрэнна зрабілася з-за яе рэплік) і выдаў на адным дыханні: – А давай пойдзем у кіно…
– Навошта? – Яе адпусціла. Прапанова аднакласніка не здзівіла Дашу. Яна проста не бачыла ў ёй сэнсу.
– Ну, як… – разгубіўся Пінокіа. Ён не спадзяваўся на станоўчы адказ, але ўсё адно быў збянтэжаны, плечы апалі. – Кіно паглядзець там… – усё ж прамямліў.