– Чаго вы яго зневажаеце? – зноў уступілася за юнака Даша з месца. – Ён, можа, як рыцар паступіў? Ці вы думаеце, што кволыя акулярыкі не здольныя на рашучыя дзеянні? Патураеце розным Хвалеям… у якіх… адна звіліна ў мазгу, і тая крывая.
– Белая, не трэба нервавацца, – асекла дзяўчыну Марыя Пятроўна. – З табой што? Паглядзі на сябе. На смерць падобная з фільмаў жахаў. Як цябе бацькі з дому выпусцілі ў такім выглядзе?
– Прывыкайце, – заявіла Даша. – Цяпер смерць будзе прыходзіць у школу кожны дзень, акрамя выходных.
– Што ты нясеш, Белая? – фальшыва ўсміхнулася Марыя Пятроўна, хібна прыняўшы вучаніцу за псіхічна-нездаровую, магчыма, часова. Трэба пачакаць да заўтра, а затым рабіць канчатковыя і рашучыя высновы. – Так, – рашылася на нейкія меры, – мне надакучыў гэты балаган. Вас хто-небудзь бачыў з настаўнікаў? – спытала.
– Дзядзька Пеця бачыў, – адказала Таня.
– Ну, дзядзька Пеця не ўлічваецца, – адмахнулася Марыя Пятроўна. – Вось што, ідзіце-ка вы па хатах. Я вас адпускаю. Заўтра спадзяюся ўбачыць вас ранейшымі і здаровымі.
Дзяцей як вецер знёс. Калі такое было, каб Марыя Пятроўна кагосьці адпускала з урокаў?! Яны не марудзілі ні секунды. Раптам раздумаецца. Да таго ж з урокаў па панядзелках – адно фуфло. Фізра, хімія, русліт, алгебра, фізіка, факультатыў па фізіцы.
Але што рабіць? Куды падацца? Такая рань яшчэ. Да Паўлоўской не сунешся: там бабуля – зацятая кансерва. Яна нават музыку, якая ўнучцы падабалася, не дазваляла слухаць, абзывала яе, гэта значыць музыку, казліным бляяннем і какафанічным вэрхалам. А яшчэ паздзірала постары з Мэрлінам Мэнсанам, Ларсам Ульрыхам і Цоем са сцен над Таніным ложкам. Сказала, што рана ёй на мужыкоў заглядацца, ды яшчэ замежных, ды яшчэ страшных такіх. Вось павесіла б партрэты Талкуновай, Ганны Герман, Марыны Капура, Лешчанкі, Ратару. І песні ў іх выкананні б слухала, а не бязглуздзіцу варожую. Для яе ўсё замежнае і ўсе замежнікі – ворагі. Асабліва немцы. Ну гэта зразумела. Аднак яна адмаўляла і ўсе астатнія нацыі, акрамя рускай. Па тэлевізары глядзела толькі расійскія серыялы і толькі расійскія навіны, беларускія навіны на рускай мове. Прэзідэнта Беларусі падтрымлівала і галасавала за яго заўсёды. З-за прэзідэнта гэтага яна пасварылася з роднай дачкой. Ну а тая, абраўшы шлях апазіцыянеркі да існуючай улады, збагрыла матулі сваю дачку і знікла ў невядомым кірунку. Можа, яе і ў жывых даўно не было, а можа, жыла дзе-небудзь у Амерыцы. Так, Таніна бабуля не ўзрадуецца ўнучкіным гасцям. Ды і як бы яе ўдар не хапіў пры выглядзе Дашы. Адпадае.
Дашын тата дома, па-любасу. І хоць ён не перашкода, Даша сказала, што да яе нельга. Не хацела яна ісці дадому.
Заставаўся Пінокіа – адзіны сын бацькоў-інтэлігентаў. Яго мама працавала загадчыцай дзіцячай бібліятэкі, а тата – вядучым фотакарэспандэнтам у раёнцы. Натуральна, дома іх не было. А Колю ўсё адно трэба было дамоў. Без акуляраў ён бачыў, але слаба, і пачуваўся не ў сваёй талерцы. Усё расплывалася і здавалася несапраўдным. Ён нават сам сабе здаваўся несапраўдным, калі глядзеўся ў люстэрка. Растапырка нейкі, а не Коля Кот.
– Ну чо, Мікалай, – узяла Таня яго за локаць, – запросіш прыгожых і самотных дзяўчын на агеньчык?…
– Хадзем, вядома, – узрадаваўся Пінокіа, заўсміхаўся.
– Ды выкінь ты ўжо гэтыя свае тампоны! – параіла Даша. – Кроў ужо даўно спынілася.
Дом, у якім жыў Пінокіа, стаяў на вуліцы паралельна вуліцы, на якой стаяў дом, дзе жыла Даша, толькі справа. Спачатку ішло паштовае аддзяленне, потым невялікі кірмашык, галоўным чынам тэхнічных тавараў і аўтазапчастак, потым дом Пінокіа, з паліклінікай на першым паверсе, далей – рэдакцыя раёнкі, паркавая зона, за ёй грыбамі прыватныя двары.