Але перад расіянамі паўстала пытаньне: што трэба зрабіць, каб пазьбегнуць паўтору такіх падзей. Дзеля адказу на гэта пры імпэратары Мікалаі І быў створаны дарадчы орган – спэцыяльны Камітэт па справах залежных губэрняў, які павінен быў распрацаваць прапановы і рэкамэндацыі ўраду па пераўтварэньні Беларусі ў расійскую адміністрацыйную адзінку (губэрню) на векі вечныя. Распрацаваны быў плян працы: па-першае – адабраць у беларусаў іх мову і гісторыю; па-другое – ліквідаваць беларускую царкву. Для выкананьня пляну ўжо ў 1832 годзе быў зачынены Віленскі ўнівэрсытэт, а ў 1834 г. пераведзена навучаньне ва ўсіх школах на расейскую мову. Каб настаўнікі вучылі па-расейску, у Віцебску заснавалі настаўніцкую сэмінарыю, а ў Полацку ў старадаўніх езуіцкіх мурах—кадэцкі корпус. Так была створана «кузьніца» расейскамоўных настаўнікаў і афіцэраў—манкуртаў, пазбаўленых роднай мовы і ведаў аб мінулым Радзімы.

У 1839 годзе была скасавана Берасьцейская Ўнія. Цяпер сьвятары вялі набажэнства па маскоўскіх службоўніках, на расейскай мове трэба было весьці ўсю справаздачу. Беларускія кнігі, службоўнікі, іконы тысячамі спальвалі на вогнішчах. За ўдзел у паўстаньні зьнішчаліся кляштары. Быў зьнішчаны цэлы старажытны другі па значэньні ў ВКЛ горад Брэст з старажытным замкам і 10 кляштарамі католікаў і ўніятаў, а на яго месцы пабудавана Брэсцкая крэпасьць.

З 1840 года па царскаму ўказу забаранялася назва «Беларусь» і ўводзілася назва «Северо-Западный край». Адмаўлялася дзеяньне Статута Вялікага Княства Літоўскага і ўводзілася расійскае заканадаўства. Губэрнатар і расійскі ўрад былі ўпэўнены, што зрабілі ўсё, каб беларусы зьніклі як народ.

Але супраціў расіянам не сьцішаў. Найбольшую актыўнасьць праяўлялі сяляне, становішча якіх было невыносным. Ва ўмовах расейскага прыгоннага права сапраўднай трагедыяй былі былі рэкруцкія наборы ў расейскую армію. Рэкрутаў набіралі прымусова і да 1834 г. яны служылі пажыцьцёва, з 1834—29 год, з 1855 па 1872 —12, 10 і 7 гадоў. Сяляне адказвалі на прыгнёт бунтамі.

На становішча ў краіне спрабавалі актыўна ўплываць уцекачы – эмігранты. Былі арганізаваны выправы патрыётаў для арганізацыі партызанскага руху. Першай была экспэдыцыя палкоўніка Ю. Заліўскага, ініцыятара Лістападаўскага паўстаньня і дзеяча Лялевелеўскага камітэта. Ужо ў другой палове 1832 года ўзяўся за арганізацыю экспэдыцыі на Радзіму. Землі Беларусі падзяляліся на акругі, кожная на два паветы, куды прыяжджалі камандзіры і 2—3 памочнікі. Акругу Гродзенскага і Лідзкага паветаў узначаліў Марцэлі Шыманскі, Слонімскага і Наваградзкага – Міхал Валовіч з Парэчча. Створаныя М. Валовічам і іншымі партызанскія атрады выклікалі вялікую трывогу захопнікаў. Былі арганізаваныя шматлікія аблавы. У вышуках прынялі ўдзел звыш 10 тыс. салдатаў толькі ў Гродзенскай губэрні. Партызаны і кіраўнікі былі арыштаваны. Іх звозілі ў Гродна, дзе трымалі ў астрозе, разьмешчаным у былым езуіцкім кляштары. 24 ліпеня 1833 года генэрал-губэрнатарам М. Дуўгарукавым быў зацьверджаны прысуд:

М. Валовіча—да павешаньня, 6 чалавек—да біцьця розгамі і высылкі на катаргу ў Сібір, 3-х чалавек—да біцьця розгамі скрозь строй у 500 салдат і ў арыштанцкія роты.


Паўстанцы Міхал Валовіч і Лявон Працлаўскі, гравюра XIX ст.


2 жніўня Міхал Валовіч пры вялікім натоўпе мясцовых жыхароў быў павешаны ля Скідальскай заставы. Ноччу яго патаемна пахавалі, каб «не было тайных молений при теле преступника». Чарговым эмісарам на Беларусі вясной 1835 г. быў Шыман Канарскі, удзельнік Лістападаўскага паўстаньня і экспэдыцыі Ю. Заліўскага. Сваёй мэтай ён ставіў падрыхтоўку народу да разуменьня закліку: «Айчына, Вольнасьць!» і яднаньня шляхты з народам. Але ў 1838 годзе Ш. Канарскі быў арыштаваны. Перад сьледзтвам прайшло 221 чалавек. 15 (27). 02. 1839 г. Шыман Канарскі быў расстраляны. Праз суд прайшло 150 чалавек. Нягледзячы на крывавы перасьлед хваляваньні і бунты працягваліся. Толькі да 1845 года адбылося 207 бунтаў. У 1847 г. у Гродна ўведзены ваенны стан. «Вясна» 1848 г. у Эўропе спрыяла росту супраціву.