Пад Расейскай акупацыяй

Лістападаўскае Вызвольнае Паўстаньне

Пасьля захопу расейцамі зямель Вялікага княства Літоўскага, пачынаючы з 14.11.1795 г. Луна ў складзе Гродзенскага павета, з 14.12.1795 г. – у Слонімскай губэрні, з 11.12.1795 г. – Літоўскай, а з 1801 г. у Гродзенскай губэрні.

Расійскае панаваньне на захопленых землях пачалося з рабаваньня. Вывозілася ўсё, што мела каштоўнасьць. Рабаваліся музэі і палацы, вывозіліся калекцыі мастацкіх твораў, кнігі, летапісы. Цяпер яны ўпрыгожваюць зборы Эрмітажа, Трацякоўкі і іншых музэяў Расіі. І зараз ніхто не думае іх вяртаць.

Луненскі ключ (579 мужыкоў і 573 жанчыны) разам з вёскамі Стральцы, Камянчаны, Жылічы, Глядавічы быў аддадзены графу Н. А. Самойлаву, але той не зьяўіўся на вызначаныя ўладаньні. Таму знайшлі другога графа М. Валіцкага. Сяляне папалі пад прыгон. Паўсюдна адмяняліся прывілеі, беларускія законы, забаранялася беларуская мова, зьнішчалася ўніяцтва, да якога належала 80% вернікаў Беларусі. Нават грыгарыянскі каляндар (новы стыль), уведзены Вялікім Князем ВКЛ Стэфанам Баторыем, быў адменены. Пачаўся набор у рэкруты, чаго ніколі не было ў Вялікім Княстве Літоўскім. На 25 гадоў забіраліся сяляне на службу ў расейскую армію.

У 1812 годзе пачалася франка – расейская вайна. Многія літвіны спадзяваліся, што Напалеон дасьць магчымасьць аднавіць незалежнасьць ВКЛ, таму ішлі служыць у францускае войска. Для беларусаў гэта была не Айчынная, а братазабойчая вайна. Пры адступленьні французаў Луна занялі войскі графа Атароўскага. 12.12.1812 г., яны ішлі да Беластока праз Луна-Адэльск, частка ў напрамку Воўпа-Крынкі.

І французы і расейцы несьлі спусташэньні, забіралі ў сялян апошняе.

Пасьля вайны пачаўся эканамічны заняпад. Расейскія памешчыкі пачалі прадаваць дараваныя землі. У І82І годзе Луна куплена Чахоўскім і яго жонкай Валерыяй фон Ромэр. Па зьвестках П. О. Баброўскага, Луна страціла статус мястэчка, але гандаль яшчэ цепліўся.

Літвіны не зьмірыліся з агульнай стратай незалежнасьці. У І830-І83І гг. адбылося Лістападаўскае Вызвольнае Паўстаньне. У час паўстаньня ў раёне Луна дзейнічаў атрад паўстанцаў генэрала Хлапоўскага, які ў І83І г. зьнішчыў ля Луна расійскі абоз у 4І8 вазоў, што ішоў з Брэста на Луна-Скідаль. 26.05 1831 г. ля Воўпы Д. Хлапкоўскі зрабіў засаду, у якую трапілі казакі, што адбіла ахвоту генэралу Герсьценфейту атакаваць тылы паўстанцаў. У гэтым атрадзе ваявала беларуская Жана Д’Арк – Эмілія Плятэр.


Эмілія Плятэр на чале касынэраў


Хлапоўскі ўспамінаў: «Калі мы праходзілі праз вёскі, народ спачатку прызнаваў нас за маскалёў і не адразу хацеў верыць, што мы Палякі, а калі ўпэўніваўся, дык плакаў ад радасьці, прыносіў прадукты, што толькі меў, ніколі не хацелі браць грошы, тым ня менш я прымушаў іх браць грошы за авёс і сена, гаворачы, што маю на гэта строгі загад».

«Алфавітны сьпіс удзельнікаў паўстаньня 1831 г». па Гродзенскай губэрні, складзены сьледчай камісіяй, уключае прозьвішчы 474 чалавек. У ім паўстанцы з Мастоўшчыны: сяляне С. Дзяшко, Ф. Курпіньскі, Ф. Трусевіч; памешчыкі М. Матусевіч, браты Т. і Ф. Палубіньскія, Ф. Шабаньскі, Антоні Эйсымонт, князь Е. Сапега; шляхціцы Актавіян Эйсымонт і Мінучыц, а таксама 37 паўстанцаў з Ваўкавыскага павета. Бацька аднаго з апошніх уладальнікаў Луны Эдварда Матэуша Ромэра Эдвард Ян Ромэр (1806—1878) падчас паўстаньня 1830—1831 быў сябрам Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэта. Падрабязьней аб гэтым у апавяданьні пра Ромэраў.

Дзеяньні акупацыйных уладаў пасьля разгому Лістападаўскага Паўстаньня

Пасьля расправы з паўстанцамі 1831 года былі разрабаваны маёнткі паўстанцаў, вывезены каштоўнасьці з музэяў і бібліятэк, канфіскаваныя землі, разам з сем'ямі раздаваліся расійскім памешчыкам і чыноўнікам, дробная беларуская шляхта пераводзілася ў прыгонных.