Пасля сняданку ўсе адпачываюць па-рознаму: адны чытаюць газету, іншыя глядзяць тэлевізар, а вось Казік любіў сядзець на краі даху і нічога не рабіць. Проста сядзець і глядзець навокал. Перад Казікам расцілалася цудоўная панарама горада: стромкія чырвоныя дахі старых камяніц, мудрагелістыя флюгеры, алоўкі хмарачосаў. Вунь праз некалькі дамоў стаіць былая воданапорная вежа, немаведама калі пераробленая ў звычайны жылы дом. А вунь відаць белая званіца касцёла Святога Францішка. Знаёмы краявід.

У доме насупраць ужо амаль усе прачнуліся. Праз адчыненыя вокны можна было пабачыць, чым у гэты час займаюцца жыхары. Казік кінуў позірк на другі паверх. Ён разгледзеў дзяўчынку Паўлінку, якая снедала на кухні. Побач, каля пліты, завіхалася яе матуля. Паўліна лыжкай корпалася ў талерцы і асцярожна касавурылася на маці – мяркуючы па ўсім, есці Паўлінцы не хацелася. Нарэшце матуля выйшла з кухні. Дзяўчынка імгненна падхапілася, падбегла да акна і выліла змесціва талеркі на вуліцу.

«Снайперка» – падумаў Казік, калі манная каша (а ў талерцы была менавіта манная каша) вылілася на пана, якога собіла ў гэты момант праходзіць пад акном. Маленькі сабачка-таксяня, якога выгульваў пан, тут жа стаў аблізваць калашыны гаспадара. А Паўліна ізноў хуценька апынулася за сталом, ужо з пустой талеркай. Абліты пан у разгубленасці стаяў на тратуары і задзёршы галаву глядзеў угору…

Тут на гарышчы зазвінеў Казікаў тэлефончык, і дахавік мусіў перапыніць назіранне, так і не даведаўшыся, чым усё скончыцца. Тэлефанаваў сябар Юзік.

Прывітанне, гультай! – са смехам прамовіў Юзік.

Ад гультая чую, – парыраваў Казік. – Як маешся, што чуваць у

свеце?

– У свеце крызіс і нестабільнасць. Еўра падае, даляр расце, – паведаміў Юзік.

– Я тут на абмене грошай трохі нажыўся, дык можа, куды-небудзь за горад выедзем – адпачнём, грошы распусцім? Тым больш заўтра Купалле.

– А што, давай, – узрадваўся Казік, – толькі трэба з сабой і Карыну ўзяць. А то старая ўжо забылася, калі на прыродзе была.

– Згода.

Дахавікі дамовіліся сустрэцца назаўтра раніцай на аўтобусным вакзале…

Калі Казік дабраўся а дзявятай да аўтавакзала, Юзік і Карына ўжо чакалі яго ля цэнтральнага ўвахода. Юзік быў з заплечнікам, у якім было паўнютка ўсялякай смакаты.

– Ну што, пайду квіткі купляць, – паведаміў Казік.

– Мне не трэба, – сказала Карына, – я прынцыпова езджу без квітка.

– Вольнаму воля, – прамовіў Казік і пайшоў па квіткі для сябе і для Юзіка.

Пачынала прыпякаць. На трэцяй пляцоўцы, ад якой адпраўляўся аўтобус, набралася багата народу. Падышоў аўтобус, і пасажыры пачалі заходзіць у расчыненыя дзверы. Але Карына, апярэдзіўшы ўсіх, улезла ў салон самая першая і, ускочыўшы на месца каля акна, пракаркала дахавікам:

– Хутчэй да мяне!

Сябры ўселіся побач з Карынай. Псс-с! Дзверы зачыніліся, і аўтобус пакаціў за горад. На першым жа загарадным прыпынку ў аўтобус зайшла кантралёрка і пачала правяраць квіткі ў пасажыраў. Кантралёрка брала квіток, глядзела дату і нумар рэйса і шчоўкала кампосцерам. Падышоўшы да сяброў, яна праверыла квіткі ў Казіка і Юзіка, потым звярнулася да Карыны:

– Ваш квіток.

Карына глядзела ў акно, быццам не чула.

– Ваш квіток, – гучней прамовіла кантралёрка.

– Га? – Карына прыкінулася глухой.

– Квіток! – яшчэ гучней сказала кантралёрка, пры гэтым адно яе вока чамусьці заторгалася.

– Пенсіянерка я, – адказала ёй варона.

Але кантралёрка і не думала здавацца:

– Плаціце штраф, а то высаджу з аўтобуса.

Грошай у вароны не было, таму плаціць за яе штраф давялося дахавікам. Як тут не заплаціш?

– Я аддам. Я аддам вам гэты талер, – нудзілася ўсю астатнюю дарогу Карына. – Даруйце мне.