Юзік і Карына задралі галовы ўгору і, прыкмеціўшы Казіка, весела памахалі яму: Юзік – ручкай, Карына – крылом. Праз некалькі хвілін сябры ўжо сядзелі разам і весела сакаталі.

– Памятаеш, я казаў, што табе патрэбны тэлевізар? – спытаўся ў Казіка Юзік.

– А як жа, – адказаў Казік і пацёр бок, які ён моцна ўдарыў падчас прагляду калыханкі.

– Ну дык вось, у Карыны ёсць план, як зарабіць грошы на тэлек.

– Так, так, кар-р, – пацвердзіла варона.

Варта адзначыць, што Карына ніколі не кідала слоў на вецер. Калі сказала, значыцца, сапраўды ведае, як зарабіць трыста талераў. Доўгае жыццё прывучыла варону трымаць слова.

Карына, як усялякая дама, утойвала свой узрост, але ўсе знаёмыя ведалі, што ёй вось-вось будзе дзевяноста гадоў, і паціху рыхтавалі падарункі на юбілей.

– Значыцца, так, – працягвала Карына, —неўзабаве пачнецца перапіс насельніцтва, і я дамовілася праз знаёмую варону з магістрату, што вас возьмуць перапісчыкамі. Аплата 150 талераў. Фотакарткі ў вас ёсць?

– У мяне няма, – ціха сказаў Казік, – я не фотагенічны.

– Не фота які? – перапытала Карына.

– Ну, у мяне заўсёды нос крывым на картачцы атрымліваецца.

– Галоўнае, каб рукі не былі крывымі, бо пісаць давядзецца. А крывы нос перапісчыку не зашкодзіць. Тэрмінова сфатаграфавацца!

– А навошта гэты перапіс? – нясмела спытаўся Казік.

Тут да размовы падключыўся Юзік.

– Як гэта, навошта? Каб ведаць, колькі трэба дзіцячых садкоў і школак, колькі трэба тралейбусаў і трамвайчыкаў, колькі… Ну, ты зразумеў, Казік?

– Ага. Зразумеў. А вось сабак, мяркую, ніхто не перапісвае.

– Чаму ты так думаеш? – у адзін голас запыталіся Карына і Юзік.

– Каб іх перапісвалі, то напыснікаў у крамах ставала б для ўсіх сабак. А ў нас у двары, вунь паглядзіце, у паловы гаспадароў сабакі без напыснікаў. Неяк мяне адзін баксёр нават укусіў за лытку. Вось я і мяркую, што сабак не перапісваюць.

– Які ты, Казік, разумны, кар-р, – сказала Карына.

– Геній! – захапляльна дадаў Юзік.

Сонейка схавалася за суседні дах. Дзень скончыўся, і сябры, дамовіўшыся сустрэцца зноў, развіталіся.


4. ГЕРОЯМІ НЕ НАРАДЖАЮЦЦА

Казік прачнуўся ад пілікання тэлефончыка. Не расплюшчваючы вачэй, ён намацаў мабілку.

– Казік слухае.

– Спіце, пан пажарнік? – у слухаўцы зарагаталі, – Юзік ля апарата. Давай хутчэй падымайся, мы з пані Карынай цябе абчакаліся.

Казік падхапіўся і пачаў мітусліва гойсаць па гарышчы, збіраючы адзенне і запіхваючы ў рот печыва

Праз паўгадзіны сябры ўжо былі каля гарадской ратушы. Казік і Юзік зайшлі ў будынак, а Карына засталася на вуліцы, матывуючы нежаданне ісці разам з сябрамі тым, што яна, маўляў, сёння кепска выглядае.

Дахавікі блукалі па магістраце, можа, з гадзіну, пакуль, нарэшце, не натрапілі на дзверы з шыльдай «ГАЛОЎНЫ ПЕРАПІСЧЫК».

Юзік прыадчыніў дзверы, і яны зайшлі ў кабінет.

За вялікім бліскучым сталом, на якім стаяла мноства розных прычындалаў, сядзеў маленькі вусаты чалавек.

– Добры дзень, сказаў Казік.

– Дзень добры, – адказаў вусач. Ён падняўся з-за стала і, падышоўшы да дахавікоў, працягнуў руку: – Галоўны перапісчык.

Казік паціснуў яму руку і адрэкамендаваўся:

– Казімір.

– Юзік таксама павітаўся і сказаў:

– А я Юзік.

– Начуты, начуты, як жа, – прабасіў Галоўны перапісчык, – Ну што ж, панове, зоймемся інструктажам…

Нараніцу сябры прыступілі да перапісу. Ранак быў пахмурны, імжэў дожджык. Першым на іх шляху быў дом нумар 13 па вуліцы Кароткабродскай. Дахавікі з варонай падыйшлі да пад’езда. За імі да дома наблізіўся бамбіза ў цёмных акулярах. Галава ў бамбізы была лысая і круглая, як більярдны шар, а твар з трохдзённай поўсцю расплываўся ў інтэлігентнай усмешцы.