Рагвалод – князь Полацкі. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1993


Трывалы хаўрус з маладой Полацкай дзяржаваю быў выгадны як Ноўгараду, так і Кіеву. Шлюб быў добрай падставай для гэтага. Першым заслаў сватоў Кіеўскі князь Яраполк. Рагвалод аддаў сваю прыхільнасьць мацнейшаму, на ягоную думку, Кіеву. Па бацькавай волі дванаццацігадовая Рагнеда (у такім веку дзяўчынка ўжо лічылася тады нявестаю) дала Яраполкавым сватам згоду і пачала рыхтавацца да вясельля.


Рагнеда – князёўна Полацкая. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1993


І тут заявіліся сваты з Ноўгараду ад Уладзіміра. Вось што апавядае пра гэта летапіс: «Запытаўся ў дачкі Рагвалод: «Ці хочаш за Ўладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуці рабыніча, а Яраполка хачу». «Не хачу разуці» – бо існаваў звычай, што маладая жонка перад першай шлюбнаю ноччу здымала з мужавых ног абутак. Аднак тут не проста адмова, але і зьнявага, бо Полацкая князёўна гучна абвясьціла: жаніх – сын рабыні, а такі бязродны ёй не трэба. Гэта паслужыла падставай для варварскага нападу войскаў Уладзіміра на Полацк, разбурэньня горада, забойства княжацкай сям’і Рагвалодаў, згвалтаваньня і паланеньня Рагнеды, якая ў выніку мусіла стаць жонкай Уладзіміра, Наўгародзкага, а потым Кіеўскага князя.


Князь Уладзімір Вялікі. Блёк пошты Украіны, выдадзены ў 2000


У 2000 годзе Белпошта выпусьціла сэрыю «Беларускі балет», аформленую мастаком Андрэем Гапіенка, якая складаецца з маркі і паштовага блёка. На блёку намаляваная сцэна з балету «Страсьці» («Рагнеда») Андрэя Мдывані, выкананая па фатаграфіі, на якой адлюстраваны акцёры Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету Рэспублікі Беларусь.


Страсьці Рагнеды. Беларускі балет. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2000


Рагнеда нарадзіла ад Уладзіміра сыноў Ізяслава, Яраслава (яго потым назавуць Мудрым), Мсьціслава і дачок Прадславу і Праміславу. «Аднаго разу, – сьведчыць летапіс, – калі Ўладзімір прыйшоў да яе і заснуў, яна наважылася зарэзаць яго. І надарылася яму ў тую хвілю прачнуцца, і схапіў ён яе за руку. І сказала яна з жалем: „Ты бацьку майго забіў і зямлю ягоную паланіў дзеля мяне, а цяпер не любіш мяне з гэтым дзіцем“. І загадаў ёй прыбрацца па-царску, як перад шлюбам, і сесьці ў хораме на белым ложы, а ён прыйдзе і заб'е яе. Яна па словах мужавых і зрабіла. І дала ў рукі сыну свайму Ізяславу аголены меч і навучыла: „Як зойдзе твой бацька, скажы яму: не думай, што ты адзін тут“. І ўчыніў так Ізяслаў. Уладзімір жа прамовіў: „А хто ведаў, што ты тут“. І апусьціў ён меч і, склікаўшы баяраў, расказаў ім усё. Яны ж парадзілі: „Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе бацькаўшчыну і дай ёй з сынам сваім“. І пабудаваў Уладзімір горад, аддаў яго ім і назваў горад гэты Ізяслаўлем. І з таго часу ўзьнімаюць меч Рагвалодавы ўнукі супраць унукаў Яраслававых».

На марцы, прысьвечанай Заслаўю, у левым ніжнім куце адлюстраваны помнік Ізяславу і Рагнедзе. Маленькі Ізяслаў мужна бароніць маці ад разьюшанага Ўладзіміра, засланяючы яе сабой.


Заслаўе. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2014


Марка насычана інфармацыяй. Фон левай часткі – гэта мініяцюры Радзівілаўскага летапісу: замах Рагнеды на Вялікага князя Кіеўскага Уладзіміра і Уладзімір хоча пакараць Рагнеду, але на яе абарону паўстае Ізяслаў. Фон правай часткі – старажытнае гарадзішча «Замэчак» з памятным крыжам. Паверх фонаў знаходзяцца відарысы: помнік Ізяславу і Рагнедзе, касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, Герб Заслаўя, Кальвінскі Збор і руіны Замкавай брамы з шыльдай.

Прамень хрысьціянства

Ізяслаў (980—1001), не гледзячы на кароткае жыцьцё, вельмі многа зрабіў для Полаччыны. Менавіта яго летапісцы называюць кніжнікам, бо ён увёў у Полацку пісьменства і навучаньне грамаце. Пячатка з ягоным імем лічыцца сама даўнім помнікам беларускага пісьменства і другім па часе ва ўсіх усходніх Славянаў. Пачынаючы зь яго, усе нашчадкі Рагвалода нязьменна называлі сябе Рагвалодавічамі. У 992 князь Ізяслаў заснаваў у Полацку эпархію (вялікую царкоўную акругу), чым засьведчыў самастойнасьць Полацкага княства. Рагнеда і Ізяслаў сталі першымі хрысьціянамі ў Полацкім княстве. З часам Рагнеда вырашыла прысьвяціць сябе Хрысту і стала першаю на ўсходнеславянскіх землях манашкаю, прыняўшы імя Анастасіі.