У Альгерда было дванаццаць сыноў, у тым ліку Ягайла, Свідрыгайла і Скіргайла, – асобы, якія ў будучым адыграюць значную ролю ў гісторыі краіны, і дзевяць дачок.
Суперніцтва паміж Альгердавічамі за валоданьне віленскім тронам распачалося адразу пасьля сьмерці Вялікага князя ў 1377. Згодна з воляй Альгерда ў Вільні ўвакняжыўся яго старэйшы сын ад другога шлюбу – Ягайла. У апазыцыю да новага валадара стаў старэйшы сын ад першага шлюбу Андрэй Полацкі. Пасьля ад'езду ў Маскву Полацкага князя Андрэя, Ягайла перадае гэтую зямлю брату Скіргайлу. Але палачане не прымаюць стаўленіка Вільні. На працягу вясны – лета 1381 яны не дапускалі ў горад Скіргайлу, а пасьля прынялі бок Кейстута. Распачалася Грамадзянская вайна 1381—1384 за ўладу ў ВКЛ. Кейстут, які ваяваў на баку свайго сына Вітаўта, паланіў Ягайлу, і быў прызнаны Вялікім Князем Літоўскім (1381—82).
Бірута (1317? – 1382 або 1389). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932
Аднак, вызваліўшы Ягайлу, надоўга прымірыцца зь ім не ўдалося. У ходзе мірных перагавораў Кейстут з сынам Вітаўтам былі запалонены і перавезены ў радавы замак Ягайлы – Крэва і Ягайла пачаў помсту. Сярод прыхільнікаў Кейстута быў пакараны сьмерцю брат яго жонкі Відзімонт і шмат іншых баяр. А затым і самога старога Кейстута задушылі ў вежы Крэўскага замка па загаду Ягайлы. Вітаўт ацалеў толькі таму, што пры наведваньні яго жонкай Ганнай Смаленскай пераапрануўся ў адзеньне яе служанкі і ўцёк з затачэньня.
Вялікі Князь Літоўскі Вітаўт ззьбягаез Крэўскага замку 1382). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932
Існуе легенда, што Вялікі Князь Вітаўт у падзяку за тое, што ў мясцовых лясах ён уратаваўся ад пагоні Ягайлы, заснаваў Сынкавіцкую царкву.
Сынкавіцкая царква-крэпасьць. Картмаксімум пошты Беларусі, выдадзены ў 2007
З братамі і групай прыхільнікаў, князёў і ўплывовых баяр, Вітаўт аддаўся пад заступніцтва нядаўняга ворага, Тэўтонскага ордэну. Ягайла зноў стаў Вялікім Князем, а свайго брата Скіргайлу ўладкаваў замест Кейстута ў Троках. Вялікае Княства апынулася па сутнасьці расшчэпленым на ўдзелы, а ў Ягайлы не было сродкаў пераадолець гэты стан. Аднак падзеі ў суседняй Польшчы надалі гісторыі Літоўскай дзяржавы другое разьвіцьцё падзей.
P.S.
У архітэктуры Сынкавіцкай царквы – цьвердзі выяўляюцца рысы раманскага і гатычнага стыляў. У Вялікім Княстве Готыка набыла своеасаблівыя рысы, прыладамі якой ёсьць касьцёл у Ішкальдзі, Барысаглебаўская царква ў Наваградку, Стары Замак у Гародні, Наваградзкі замак, Мірскі замак.
Гатычны архітэктурны стыль, як і раманскі, зарадзіўся ў Францыі ў XII стагодзьдзі і распаўсюдзіўся на іншыя рэгіёны да XVI стагодзьдзя. Гатычныя саборы зь іх вышынёй і накіраванасьцю ўверх, у неба сымбалічна паказвалі імкненьне чалавека да Бога. Найбольш знакамітыя ўзоры Гатычнага стылю – Сабор Нотр-Дам, саборы ў Рэймсе, Шартры, Сэн-Дэні, Амьене.
Сувэнірны аркуш прысьвечаны 850-годзьдзю Сабору Парыскай Божай Маці, выдадзены поштай Францыі ў 2013
На заднім пляне аркуша паказаны агульны выгляд Сабору з боку Сены. Дзьве маркі вылучаюць дэталі вітражу. У храме заключаліся каралеўскія шлюбы, імператарскія каранацыі і пахаваньні.
Шэдэўрам сталай готыкі і сапраўднай «Акадэміяй мастацтваў» для сярэднявечных майстроў стаў сабор у Рэймсе. Нягледзячы на працяглыя тэрміны будаўніцтва (з 1211 па 1285) і розных архітэктараў, сабор у Рэймсе захаваў адзінства задумы: разнастайнасьць талентаў якія будавалі сабор дойлідаў зьлілася ў сапраўдную каменную сымфонію.
Рэймскі сабор. Картмаксімум пошты Францыі, выдадзены ў 1938
Перад уваходным у сабор, адкрываецца велічнае відовішча. У глыбіню храма сыходзяць урачыстыя калянады, высока над галавой стульваюцца сьпічастыя скляпеньні, праз шматлікія вокны ў сабор льюцца сонечныя прамяні. Велізарная прастора храму свабодна імкнецца ў глыбіню. Грандыёзныя маштабы інтэр'еру запатрабавалі ад дойлідаў немалога тэхнічнага мастацтва, каб утрымаць у раўнавазе ўсю канструкцыю будынка. Але ўся гэтая будаўнічая «кухня» умела ўтоена ад наведвальніка, якому кідаецца ў вочы толькі нязмушаная лёгкасьць усіх архітэктурных дэталяў сабору.