Апошнія гады княжаньня Гедзіміна прайшлі ў барацьбе з крыжакамі. Ён узначальваў ваенныя паходы і заўсёды быў у першых радах войска. Загінуў зімой 1341 у баі падчас асады нямецкай крэпасьці Баербург.


Гедымін. Картмаксімум пошты Летувы, выдадзеная ў 1991


На картмаксімуме помнік заснавальніку Вільні Вялікаму Князю Літоўскаму Гедыміну, які быў адкрыты на Катэдральнай плошчы ў 1996 (скульптар Вітаўтас Кашуба).

Усё яго жыцьцё было працяглай барацьбой з суседзямі, як на ўсходзе, так і на захадзе з крыжакамі, якіх яму ўдалося стрымаць, дзякуючы падтрымцы і гераізму жыхароў Княства. Прыкладам такога гераізму стала абарона замка Піленай у 1336. Калі 4000 жыхароў Піленай і яго ваколіц зразумелі, што будзе немагчыма абараніць сябе ад значна большага па сіле ворага, яны прынялі рашэньне лепшае забіць сябе, але не здацца жывымі тэўтонскім абложнікам, а таксама спаліць замак, зьнішчыўшы ўсю сваю маёмасьць, каб нічога каштоўнага не дасталася ворагу.

Сапраўднае мастацкае ўвасабленьне гісторыя замка Пілены і яго абаронцы князя Маргіціса атрымала ў гістарычным рамане «Кунігас» Юзафа Крашэўскага.


Гіраічная абарона Піленай (1336). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 2004

Падзел краіны

Яшчэ пры жыцьці славуты Гедымін падзяліў краіну паміж сваімі сынамі. Больш за ўсіх пашанцавала Яўнуцію (Яўнуту), менавіта ён атрымаў вялікакняскую пасаду, хоць у Густынскім летапісе ўпамінаецца, што ён быў недастаткова мужны, каб заняць гэта становішча. Альгерд і Кейстут вырашылі ратаваць магутнае княства. Вось што піша аб падзеях тых часоў «Летапіс Вялікіх князёў Літоўскіх»: «Альгерд, бацька караля Ягайлы, і Кейстут, бацька Вялікага Князя Вітаўта, жылі ў вялікай дружбе і любові. I не спадабалася ім, што Вялікі Князь Яўнут так узвысіўся, і змовіліся паміж сабою браты, Князь Вялікі Альгерд і Князь Вялікі Кейстут, як бы яго адтуль (з Вільні) выгнаць, яны выбралі пэўны час, калі б да Вільні прыгнаць і заняць горад пад братам, Вялікім Князем Яўнутам».


Яўнут (1308 – пасьля 1366) -Вялікі Князь ВКЛ (1341—1345). Канвэрт самвыдату, які прайшоў пошту ў 2002


Адбылося гэта ў 1345 годзе. Альгерд быў аб’яўлены Вялікім Князем, Кейстут захаваў папярэднія пасады.


Вялікія Князі Вялікага Княства Літоўскага і Рускага Альгерд (1345 – 1377) і Кейстут (1381—1382). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932


Яўнуту далі ў валоданьне Заслаўе. Але ён не пагадзіўся і стаў першым князем-уцекачом, які шукаў падтрымку ў Маскве. Праз два гады вярнуўся, памірыўся з братами і стаў правіць Ізяслаўскім княствам. Адышоў ад вялікай палітыкі і памірае пасьля 1366.

Бітва на Сініх Водах

Траціну стагодзьдзя весь Усход – Захад, як раўнавагу на шалях, трымала сваім вастрыём альгердава дзіда. Павал Севярынец

Альгерд (1296 – 1377) Вялікі Князь Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (1345 – 1377) -адзін з найвыдатнейшых палкаводцаў, правіцеляў, збіральнікаў і ахоўнікаў старажытнай Беларуска-Літоўскай дзяржавы, за што быў празваны Альгегдам Вялікім. Яму прыйшлося ваяваць з Польшчай, з Масквой, з крыжакамі, з Ноўгарадам, Псковам, Цьвер'ю… У 1362 у Вялікай бітве на рацэ Сінія воды Альгерд разграміў войскі трох татарскіх ханаў.


Бітва на Сініх Водах (1362). Канвэрт першага дня, выдадзены поштай Летувы ў 2012 і марка пошты Украіны, выдадзеная ў 2012


Перамога прынесла вызваленьне Кіеўскага княства ад татарскай няволі і Альгерд пасадзіў на чале княства свайго сына Уладзіміра.

Бітва на Сініх Водах – першае буйное паражэньне мангола-татараў ва Усходняй Эўропе. У выніку ўладаньні ВКЛ вышлі на паўднёвы шлях міжнароднага гандлю з Цэнтральнай Эўропай праз Падольле ў Генуэзскія калёніі на паўночным узьбярэжжы Чорнага мора.