Ад вуліцаў засталіся адно ўшпіляныя попелам прагалы між счарнелых трухлякоў руінаў. Усё зьмянілася, заняпала, здрабнела.
«Места не пазнаць».
Ён скурай адчуваў: вось-вось штосьці мусіць здарыцца, штосьці, дзеля чаго яго сюды й прывялі.
Чаканьне рабілася нясьцерпным, самота – невыноснай.
Нарэшце выйшаў на простакутную роўнядзь, пазамятаную попельнымі выдмамі. Разгледзеўся. Вохнуў. Тая самая плошча, дзе не сьціхалі масавыя хваляваньні. Даўным-даўно.
І тут з усіх бакоў на яго шуганулі дэманы.
Прынамсі, так яму падалося сьпярша. Чорныя зьнявечаныя постаці – кім яшчэ ім быць? Яны павольна набліжаліся. Падышоўшы на адлегласьць у колькі крокаў, спыніліся і абсталі яго колам. Ладны натоўп, не прарвацца.
Аж раптам убачыў: ніякія ня дэманы – звычайныя людзі.
Добрыя людзі.
Чаму так падумалася? І сам ня здолеў бы патлумачыць.
Іх, бадай, можна было б прыняць за анёлаў, каб яны не насялялі пекла. Стаялі не варушачыся, з выпрастанымі сьпінамі і ўзьнятымі галовамі. Моўчкі глядзелі на яго. У іх вачох не было злосьці, крыўды, асуджэньня – толькі сум, шкадаваньне й дзіцячая нявіннасьць. Гэта раніла больш за іншыя жахі апраметнай.
«Яны тут таксама не з уласнае волі».
Ён згадаў, як Першы міратворчы батальён падаўляў супраціў мясцовага насельніцтва, нязгоднага з палітыкай дэнацыяналізму – на гэтай жа плошчы, – і адвёў пагляд.
«За што? За што мне?»
Усьцюжанін крочыў проста ў чорны натоўп, расьпіхваючы локцямі першыя шэрагі. Людзі не запіналі шляху. Навобмацак яны былі халодныя, друзлыя і склізкія, быццам мёртвыя шчупакі. Ён скалануўся й пабег, не падымаючы галавы.
«Няхай тая раўніна, няхай холад, няхай скалы – толькі ня гэта».
Ня вытрымаў і азірнуўся. Ішлі за ім наўсьлед. Моўчкі, павольна.
На набярэжнай спыніўся, задыханы й зьнясілены. Павярнуўся да людзей з па-анёльску добрымі вачыма й пракрычаў:
– Калі гэта нарэшце скончыцца?
Маўчалі.
– Скажыце хоць што-небудзь.
Адно тужліва пазіралі на яго.
– Я проста выконваў загад, разумееце? Выконваў загад!
Ён павярнуўся да ракі, узяў разгон і скокнуў у ляву.
– Альгердзе, ну што ты так неасьцярожна?
Настаўніца сьцягвае віртуалайзар з галавы васьмігадовага хлопчыка і адводзіць яго ад анабіёзнае камэры.
– Паспальваеш яму ўсе сінапсы.
У камэры курчыцца голы мужчына з празрыстай, як мэдуза, скурай. Ён увесь пааблепліваны трубкамі й правадамі. Жылы напятыя, з носу й вушэй цячэ густая цёмная кроў.
– Прабачце, Паўліна Язэпаўна, – у голасе вучня чуваць каяньне. – Я не хацеўшы. Проста вырашыў паспрабаваць…
На камэры шыльда:
«Усьцюжанін Сяргей Іванавіч: лейтэнант, камандзір узводу мотастралковае роты карнага батальёну.
Злачынства: генацыд беларускага насельніцтва г. Гомлю.
Экспанаваньне: 63 гады».
– Ведаю, што ты спрабаваў. Сюжэтны архетып Вечнага вяртаньня. Але ж ледзь не засмажыў яго сваёй псыхапраекцыяй.
Хлопчык моўчкі глядзіць на Паўліну Язэпаўну анёльскімі вачыма.
– Трэ было абраць архетып папрасьцей, напрыклад, Аблогу, як Сафійка.
Дзяўчынка зь віртуалайзэрам у руках стаіць побач зь іншай камэрай.
«Банцэвіч Алеся Пятроўна. Начальніца аддзелу ідэалягічнае работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага райвыканкаму.
Злачынства: бязьдзейнасьць, калябарацыя з акупацыйным рэжымам.
Экспанаваньне: 75 гадоў».
– Зразумей, Альгердзе, у школьнага музэю няма столькі грошай, каб папаўняць экспазыцыю. Апошнія экспанаты.
Хлопчык слухмяна ківае.
– Ці мо хочаш, каб твае бацькі заплацілі?
Спужана трасе галавой.
– Паўліна Язэпаўна, – заступаецца за сябра нехта з купкі аднаклясьнікаў, якія назіраюць за псыхапраекцыямі збоку, – ну чаго вы так строга? Пэўна, ня ведаеце: у яго бабку зь дзедам закатавалі, бо ў аўтобусе па-нашаму размаўлялі.